Вы тут

Ахвяры легкадумнасці


 Што стала прычынай успышкі трыхінелёзу ў Воранаўскім раёне?

У перыяд з 3 па 6 лістапада ў інфекцыйнае аддзяленне Воранаўскай цэнтральнай раённай бальніцы шпіталізавалі 6 чалавек з папярэднім дыягназам «трыхінелёз». З 7 па 9 лістапада па дапамогу звярнуліся яшчэ 9 чалавек. А па стане на 10 лістапада, паведаміла карэспандэнту «Звязды» загадчыца аддзела эпідэміялогіі Гродзенскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Таццяна ЯКУСЕВІЧ, колькасць хворых складае 16 чалавек, сярод якіх трое дзяцей ва ўзросце 10, 13 і 16 гадоў.

Пацярпелыя знаходзяцца пад назіраннем урачоў, праводзяцца супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы. Паводле інфармацыі Таццяны Якусевіч, сувязь захворванняў гэтых людзей з ужываннем мяса відавочная — выяўлены трыхінелы. Праводзіцца расследаванне, як такое магло здарыцца. Прычым, высветлена, што гэтыя прадукты, акрамя пацярпелых, ужывалі яшчэ 10 чалавек. За імі ўстаноўлена медыцынскае назіранне. Пры гэтым вядома, што сярод захварэлых 4 паляўнічыя.

— Верагодна, што гэта іх безадказнасць прывяла да такіх наступстваў, — лічыць Таццяна Якусевіч.

Сёлетняя сітуацыя па трыхінелёзе на Гродзеншчыне даволі трывожная. Сямейна-групавыя выпадкі захворвання зарэгістраваны ў маі-чэрвені ў Свіслацкім раёне і абласным цэнтры — адпаведна 11 і 3. Фактарам перадачы паслужылі заражаныя мясапрадукты дзікоў, якія не прайшлі ветэрынарна-санітарны кантроль.

Сярод тых, хто захварэў у Свіслацкім раёне, работнікі дзяржаўнага нацыянальнага парку «Белавежская пушча», якія за распаўсюджанне мяса дзіка без правядзення ветсанэкспертызы спецыялістамі санэпідслужбы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці (штраф склаў больш за 3 мільёны рублёў).

Цяпер працягваецца сезон палявання на дзікіх капытных жывёл і, адпаведна, пры парушэнні патрабаванняў ветэрынарнага кантролю захоўваецца рызыка заражэння трыхінелёзам.

Таццяна Якусевіч звяртае ўвагу на абавязковае выкананне наступных правілаў:

} Праводзіць паслязабойную ветэрынарную экспертызу туш дзікоў і свіней з прыватнага сектара. Не ўжываць у ежу і не распаўсюджваць сярод сваякоў і знаёмых мяса і мясапрадукты без атрымання вынікаў трыхінеласкапічнага даследавання. Прад'яўлення ў дыягнастычных ветэрынарных лабараторыях якіх-небудзь дакументаў аб правах уласнасці на тушу альбо паляўнічых ліцэнзій на адстрэл жывёл не патрабуецца. Пры станоўчай трыхінеласкапічнай экспертызе даследаваных проб мяса ўся туша падлягае вяртанню арандатару паляўнічых угоддзяў (паляўнічакарыстальніку) альбо ўтылізуецца пад кантролем спецыялістаў дзяржаўнага ветэрынарнага нагляду.

} Не набываць мясапрадукты ў невядомых асоб па-за вызначанымі месцамі гандлю.

} Абараняць памяшканні для ўтрымання жывёлы ад пранікнення грызуноў, праводзіць дэратызацыю (знішчэнне пацукоў, мышэй) у жылых і прысядзібных збудаваннях.

} Адходы паляўнічага промыслу альбо хатняга забою дабаўляць у рацыён дамашніх свіней толькі пасля папярэдняга ветэрынарнага даследавання.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ад вады да бяды — адзін крок

Ад вады да бяды — адзін крок

На вадаёмах краіны тонуць людзі. Што важна ведаць, каб не папоўніць спіс ахвяр?

Грамадства

Відавочца Перамогі

Відавочца Перамогі

Ваенныя вярсты сяржанта Андрэйчыкава.

Здароўе

У Беларусі дапоўняць нацыянальны каляндар прышчэпак

У Беларусі дапоўняць нацыянальны каляндар прышчэпак

У ім з’явіцца і прышчэпка супраць раку шыйкі маткі.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.