Вы тут

Пайшлі на другі дзясятак


11-29

БАТЭ адзінаццаты раз стаў чэмпіёнам Беларусі

У тыднёвым спартыўным аглядзе «Звязда» распавядае пра найбольш цікавыя падзеі ў беларускім футболе, чарговае фіяска «Цмокаў» і медальны ўраджай беларускіх батуцістаў.

1. За два туры да заканчэння чэмпіянату краіны па футболе вызначыўся пераможца першынства. БАТЭ на хатняй арэне разграміў «Нафтан» (4:0) і адзінаццаты раз стаў чэмпіёнам Беларусі. У вырашальным матчы дублем вылучыўся Віталь Радзівонаў, яшчэ два галы на рахунку Аляксандра Карніцкага і Міхаіла Гардзейчука. Дарэчы, апошні пасля паядынку заявіў, што каманда збіраецца давесці бяспройгрышную серыю да 31 матча. А галоўны трэнер барысаўчан Аляксандр ЕРМАКОВІЧ падзякаваў жодзінскаму «Тарпеда», які перайграў мінскае «Дынама» (2:1) і аблегчыў «жоўта-сінім» шлях да чэмпіёнства: «У любым выпадку, як бы «Дынама» ні згуляла, мы б выйшлі на поле з нерэальнай матывацыяй. Тым не менш, вялікі дзякуй «Тарпеда». Вядома, я запомню гэты сезон як першы год самастойнай працы на пасадзе галоўнага трэнера БАТЭ. Але гэта дэталі, самае важнае, што каманда — зноў чэмпіён».

У яшчэ адной сустрэчы першай шасцёркі салігорскі «Шахцёр» атрымаў упэўненую перамогу над «Гомелем» — 3:0. Разам з тым вызначыліся каманды з першай лігі, якія ў наступным сезоне згуляюць у вышэйшым дывізіёне. У эліту беларускага футбола вяртаюцца мазырская «Славія» і мікашэвіцкі «Граніт». За яшчэ адну пуцёўку ў «вышку» пазмагаецца каманда, якая зойме трэцяе месца ў першай лізе. Супрацьстаяць ёй у стыкавым матчы будзе магілёўскі «Дняпро».

2. Хакейнае «Дынама-Мінск» буйна саступіла «Адміралу» — 3:6. Адзначым, што ў сярэдзіне трэцяга перыяду захоўваўся роўны лік на табло — 3:3, але за апошнія 10 хвілін матча «зубры» прапусцілі тры шайбы. Пасля паядынку галоўны трэнер «Дынама» Любамір ПОКАВІЧ коратка рэзюмаваў характар гульні: «Адмірал» забіваў першым, а мы ўвесь час даганялі. Да трэцяга перыяду гульня была адкрытая, з інтрыгай... Але затым сапернік забіў двойчы, і, хоць хлопцы змагаліся, у нас ужо не атрымалася вярнуцца ў матч». Ужо заўтра «Дынама» працягне гасцявую серыю паядынкам з фінскім «Ёкерытам».

3. У чарговым матчы SEHA-лігі БГК імя Мяшкова здабыў перамогу над македонскім «Вардарам» — 30:22. Сапраўдным героем паядынку стаў варатар брастаўчан Іван Пешыч, які адбіў 15 кідкоў. Між іншым, 15 лістапада клуб згуляе супраць «Заграба» ў Лізе чэмпіёнаў. Пакуль падапечныя Жэлькі Бабіча займаюць пяты радок у сваёй групе.

4. «Цмокі-Мінск» працягнуў няўдалую серыю ў Лізе ВТБ разгромным паражэннем ад пецярбургскага «Зеніта» — 58:97. Галоўны трэнер «Цмокаў» Андрэй КРЫВАНОС так пракаментаваў вынік: «Хачу папрасіць прабачэння ў заўзятараў за гэты «антыбаскетбол». Гулялі без матывацыі. Чаму так здарылася? Будзем шукаць адказы. Несумненна, на каманду цісне няпросты графік і былыя няўдачы. Гульцы выдатна разумеюць, што пра іх кажуць і пішуць, магчыма, таму і перагарэлі». Адзначым, што гэта фіяска стала шостым запар для мінскіх «драконаў».

5. Беларускія батуцісты з чатырма медалямі вяртаюцца з чэмпіянату свету, які праходзіў у амерыканскім Дэйтоне-Біч. У індывідуальных скоках чэмпіёны Еўропы Ганна Гарчанок і Уладзіслаў Ганчароў заваявалі бронзавыя ўзнагароды. У сінхронных скоках Ганна Гарчанок разам з Таццянай Пятрэняй здабыла сярэбраны медаль, падзяліўшы другі радок з канадскім тандэмам. У гэтай жа дысцыпліне Уладзіслаў Ганчароў і Мікалай Казак таксама ўзышлі на другую прыступку п'едэстала. Ва ўсіх відах перамогу святкавалі кітайскія спартсмены.

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.