Пакуль у Смаргоні ўзводзіцца мемарыяльны комплекс памяці ахвяр Першай сусветнай вайны, з'яўляюцца адметныя пазнакі — часцей крыжы, зрэдку невялікія помнікі — і на іншых месцах. Напэўна, менш сімвалічных, але таксама важных. А можа, нават больш важных. Яны не такія велічныя і маштабныя. Пра іх, як і пра тыя месцы, амаль ніхто не ведае. А там, між іншым, спачываюць людзі, шмат людзей, якія загінулі ў Першую сусветную вайну. Палеглі за радзіму, за народ, а магчыма, і за нас з вамі...
Часам пошукі невядомых магіл той вайны ператвараюцца ў цікавыя расследаванні. На гэты раз штуршком да дзеяння стаў фотаздымак, які трапіў на вочы вядомаму журналісту і фатографу Уладзіміру Багданаву — чалавеку, які шмат гадоў займаецца тэмай Першай сусветнай вайны і па праве лічыцца экспертам па пахаваннях гэтага перыяду. Фота ваеннага ўрача Рускай імператарскай арміі Аляксандра Зусмановіча, зроблена ў 1916 годзе. На ім адлюстравана свежая магіла перад драўлянай царквой, крыж, на зваротным баку — разборлівы надпіс: «Брацкая магіла загінулых ад удушлівых газаў, пушчаных праціўнікам супраць ст. Залессе. 1916 г.».
— Гэта была адна з першых наймацнейшых газавых атак ворага, — расказвае Уладзімір Багданаў. — Яна адбылася ў ноч з 1-га на 2-е жніўня 1916 года (19-20 ліпеня па старым стылі). Салдаты рускай арміі былі не падрыхтаваны. Загінула крыху больш за 280 вайскоўцаў, са строю было выведзена 3846 чалавек. Сёння вядома звыш
70 імёнаў тых, хто загінуў. Ахвяры той трагедыі служылі ў Каўказскай грэнадзёрскай дывізіі. Сярод салдат гэтай дывізіі, дарэчы, быў і Міхаіл Зошчанка.
[caption id="attachment_61300" align="alignnone" width="600"] Фотаздымак ваеннага ўрача Аляксандра Зусмановіча, зроблены ў 1916 годзе.[/caption]
Вось што вядомы пісьменнік пазней расказваў пра гэта ў сваёй кнізе «Перад узыходам сонца»: «Я стаю ў акопах і з цікаўнасцю пазіраю на разваліны мястэчка. Гэта — Смаргонь. <...>. Цямнее. Я вяртаюся ў сваю зямлянку. Душная ліпеньская ноч. Зняўшы фрэнч, я пішу лісты. Ужо каля гадзіны. Трэба класціся. Я хачу пагнаць веставога. Але раптам чую нейкі шум. Шум нарастае. Я чую тупат ног. І бразгаценне кацялкоў. Але крыкаў няма. І няма стрэлаў. Я выбягаю з зямлянкі. І раптам салодкая ўдушлівая хваля ахоплівае мяне. Я крычу: «Газы!.. Маскі!..» І кідаюся ў зямлянку. Там у мяне на цвіку вісіць процівагаз. Свечка згасла, калі я імкліва забег у зямлянку. Рукой я намацаў процівагаз і стаў нацягваць яго. Забыўся адкрыць ніжнюю затычку. Задыхаюся. <...>. Мы ляжым чатыры гадзіны. Пачынае святлець. Цяпер відаць, як ідуць газы. Гэта не суцэльная сцяна. Гэта клуб дыму шырынёй у дзесяць сажняў. Ён павольна насоўваецца на нас, падганяючыся ціхім ветрам. Можна адысці направа або налева — і тады ён праходзіць міма, не закранаючы. Цяпер не страшна. <...>. Я раптам бачу, што многія салдаты ляжаць мёртвыя. Іх — большасць. Іншыя ж стогнуць і не могуць падняцца. Я чую гукі ражка ў нямецкіх акопах. Гэта атрутнікі іграюць адбой. Газавая атака скончана. Абапіраючыся на палку, я цягнуся ў лазарэт. На маёй хустцы кроў ад жудасных ванітаў. Я іду па шашы. Я бачу пажоўклую траву і сотню здохлых вераб'ёў, якія зваліліся на дарогу».
Сапраўды, у працэнтных адносінах страты былі каласальнымі. Толькі ахвяр удушлівай атакі магло быць менш. Справа ў тым, што рускія салдаты яшчэ добра не ведалі, што гэта такое, і, натуральна, не былі падрыхтаваны. Гэта ўжо потым яны смялей у падобных выпадках выкарыстоўвалі марлевыя павязкі, спецыяльныя маскі, процівагазы.
«Першапачатковы пах газавага воблака быў прыемны: пахла яблыкамі, садавіной, скошаным сенам; першыя ўдыхі газу не выклікалі непрыемнага адчування, і нязвыклыя да газавых нападаў салдаты не спяшаліся да сваіх процівагазаў», — пісаў потым у рапарце генерал-лейтэнант Каўказскай грэнадзёрскай дывізіі Дзмітрый Парскі.
[caption id="attachment_61299" align="alignnone" width="600"] Так выглядае магіла ў Залессі сёння.[/caption]
Пасля таго, як Уладзімір Багданаў абмеркаваў фотаздымак з аднадумцамі, ён пачаў збірацца ў дарогу. «Быў фотаздымак, канкрэтная падзея, знакавая ў гісторыі Першай сусветнай вайны, вядомыя некаторыя імёны пахаваных. Стала цікава паглядзець на гэтае месца, даведацца, дзе дакладна знаходзіцца магіла», — так думаў фатограф перад падарожжам.
Толькі на вясковых могілках у Залессі брацкай магілы не знайшлося і блізка. Больш за тое, пра яе нават нічога не нагадвала. Ніякіх зачэпак. Аднак яны ўсё ж такі з'явіліся. Праўда, перш Уладзіміру Багданаву прыйшлося неаднойчы абысці могілкі, каб хаця б знайсці прыкладнае месца, дзе ў савецкія часы стаяла драўляная царква, якая і была б арыенцірам у далейшым пошуку. Не знайшоў. І толькі калі ён, расчараваны, ужо збіраўся з'язджаць, пашчасціла на сустрэчу.
— Гэта быў мясцовы жыхар Аляксандр Броўка, яго хата знаходзіцца амаль каля могілак, — успамінае Уладзімір Анатольевіч. — Я ўжо сыходзіў і проста для ачысткі сумлення паказаў яму фотаздымак. І трэба ж такое! Ён не толькі ведаў пра царкву, але і добра яе памятаў. Аляксандр Канстанцінавіч паказаў, дзе яна стаяла, як была павернута.
І тут высветлілася, што пусты прамавугольнік, на які Уладзімір Багданаў адразу звярнуў увагу, раней з'яўляўся фрагментам цэнтральнай алеі могілак, якая вяла ад старой дарогі да царквы. Храм стаяў бокам да алеі і знаходзіўся зусім недалёка ад цаглянай каплічкі, якая стаіць і сёння. Такім чынам, на яе і трэба было арыентавацца. Вядома, лепш было б на царкву, але ад яе, на жаль, не засталося і следу.
[caption id="attachment_61301" align="alignnone" width="600"] Падчас устаноўкі помніка на брацкай магіле загінулых ад удушлівых газаў пад Смаргонню.[/caption]
Аляксандр Броўка паказаў у траве шэраг камянёў, якія ўтваралі фундамент былой царквы. Па іх стала зразумела, што храм быў невялікі, а частка месца, дзе ён стаяў, ужо занята магіламі. Пачалі шукаць разам: разглядваючы то фотаздымак, то мясцовасць. Аднак усё роўна не было ніякіх зачэпак. Пакуль Броўка не паказаў на невялікі помнік у металічнай агароджы, які адлюстраваны і на фотаздымку.
— Я на гэта нават увагі не звярнуў, шукаў толькі камяні-помнікі, — прызнаецца Уладзімір Багданаў. — А сапраўды, на старым фота напалову схаваная за дрэвам, амаль упрытык да царквы «прыклеілася» агароджа з маленькім абеліскам. Прыгледзеліся: помнік стаіць на пастаменце з трох плоскасцяў — такі ж, як і на могілках цяпер. Пасля таго, як з'явіліся два пункты каардынатаў, усё астатняе аказалася зусім простым. Варта было адысці на прыкладнае месца, адкуль амаль 100 гадоў таму мог здымаць Зусмановіч, і выявіліся яшчэ аб'екты, якія выдатна ўпісаліся ў наш «пазл». Неўзабаве стала зразумела: мы знайшлі месца, дзе была брацкая магіла.
Пустое месца, даўно парослае травой, вылучалася з агульнай карціны. Больш позніх пахаванняў там не было. «Відаць, мясцовыя жыхары ведалі, хто там пахаваны, таму і не чапалі гэты ўчастак могілак», — мяркуе Уладзімір Анатольевіч.
Аднак пустым гэтае месца было да нядаўняга часу. Сёння там сучасны помнік: каменны фундамент, крыж. Здаецца, так усё і было. І толькі члены беларускага дабрачыннага фонду памяці Першай сусветнай вайны «Крокі», куды і ўваходзіць Уладзімір Багданаў, а таксама мясцовыя жыхары ведаюць, якія намаганні ім давялося прыкласці, каб салдаты Вялікай вайны, нарэшце, набылі свой дом. Няхай і на тым свеце.
— Крыж, які цяпер стаіць на магіле, зроблены з дуба ў мастацкім афармленні мастака Барыса Цітовіча, — расказвае член фонду «Крокі», адзін з удзельнікаў стварэння помніка Андрэй Янчуковіч. — Паколькі гэта масавае пахаванне, помнік павінен быў адпавядаць колькасці тых, хто тут спачывае. І, здаецца, мы справіліся з пастаўленай задачай. Ён хоць і не зусім вялікі, але ўражвае. На чорным карэльскім граніце белымі літарамі паўтораны надпіс, які быў на старым крыжы: «Тут спачываюць грэнадзёры 14-га Грузінскага, 15-га Тыфліскага, 16-га Мінгрэльскага і ніжэйшыя чыны 6-га пяхотнага Лібаўскага палка, атручаныя газамі 20 ліпеня 1916 г.».
Месца памяці стваралася літаральна на дабрачыннай аснове. Хто чым мог, тым і дапамагаў — як той казаў, крыха да крыхі. Да гэтай справы падключыліся і мясцовыя жыхары: адны забяспечылі спецыялістамі, іншыя дапамаглі з транспартам, матэрыяламі. Разам з імі ва ўкладцы пліты, устаноўцы помніка ўдзельнічалі і школьнікі. «Якраз у такіх агульных справах і праяўляецца глыбінная хрысціянская сутнасць нашага народа. Вельмі важна, што і моладзь неабыякавая да нашай гісторыі. Бо ўся гэтая праца робіцца менавіта для падрастаючага пакалення, якое не павінна забываць сваю гісторыю», — мяркуе Андрэй Янчуковіч.
...Пакуль сярод нас ёсць ініцыятыўныя людзі, мы можам быць спакойнымі. Але крыўдна, што гэта на сённяшні дзень патрэбна толькі нам, беларусам. А ў падобных невядомых магілах ляжаць і выхадцы з усёй былой вялізнай імперыі. І як бы мы ні хацелі, тая вайна не скончыцца, пакуль не будзе годна пахаваны яе апошні салдат.
Вераніка КАНЮТА.
Фота Уладзіміра БАГДАНАВА
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.
Максімальнага значэння за летні сезон тэмпература паветра дасягнула 13 ліпеня на станцыі Жыткавічы і склала 37,9 градуса спёкі.
Напярэдадні дня нараджэння сталіцы прайшла міжнародная навукова-практычная канферэнцыя.
Каментары