Вы тут

Новыя ўмовы — новыя ўзнагароды


Удасканалены ўмовы правядзення конкурсу на суісканне Прэміі ўрада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці

Каб адпавядаць зменлівым патрабаванням канкурэнтнага асяроддзя, сучасным тэндэнцыям менеджменту і тэхналогій, конкурс на суісканне Прэміі ўрада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (далей — Прэмія) пастаянна развіваецца.

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 кастрычніка 2014 года № 1024 «Аб унясенні змен і дапаўненняў у пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 5 лістапада 1998 года
№ 1705» перагледжаны палажэнні аб гэтым конкурсе і аб камісіі па прысваенні гэтай прэстыжнай Прэміі.

«Новаўвядзенні накіраваны на ўдасканаленне ўмоў правядзення конкурсу і далучэння да ўдзелу ў ім арганізацый малога і сярэдняга бізнесу», — заўважыла кіраўнік прэс-службы Дзяржстандарта Тамара БУРДУКЕВІЧ.

Калі казаць пра ключавыя моманты абноўленых дакументаў, варта адзначыць наступнае.

Скарочаны тэрміны выкарыстання лаўрэатамі Прэміі выявы эмблемы Прэміі ў маркіроўцы прадукцыі, дакументацыі і рэкламных матэрыялах і, адпаведна, тэрміны пацвярджэння звання лаўрэата — з 5 да 3 гадоў. Гэта абумоўлена імклівымі зменамі, якія адбываюцца ў такіх галінах дзейнасці арганізацыі, як распрацоўка прадукцыі і вывад яе на рынак, засваенне новых тэхналогій і аб'ектаў вытворчасці, развіццё маркетынгавай, фінансавай, кіраўніцкай сістэм і інш.

Дарэчы, плануецца перагледзець і ўмовы пацверджання звання лаўрэата конкурсу.

Лаўрэаты конкурсу цяпер дадаткова могуць стаць і ўладальнікамі трох спецыяльных узнагарод: «Лідарства», «Дасканаласць менеджменту», «Сацыяльная адказнасць». Гэтыя ўзнагароды, адпаведна, дазваляюць адзначыць уклад кіраўніцтва арганізацыі ў дасягненне ўстойлівага поспеху; пабудова сістэм менеджменту, арыентаваных на кіраванне і ўкараненне сучасных высокаэфектыўных і інавацыйных тэхналогій, накіраваных на стварэнне канкурэнтаздольнай прадукцыі, паслуг або працы; вядзенне сацыяльна адказнага бізнесу і стварэнне ўмоў, якія забяспечваюць сацыяльную абароненасць усіх груп зацікаўленых бакоў (персаналу, спажыўцоў, партнёраў, грамадства).

Між іншым, для арганізацый колькасцю да 250 чалавек, якія ўдзельнічалі ў конкурсе, але не ўвайшлі ў лік яго лаўрэатаў і дыпламантаў, прадугледжана дадатковая ўзнагарода «Імкненне да дасканаласці». Гэтае рашэнне нацэлена на ўцягванне ва ўдзел у конкурсе малых і сярэдніх арганізацый, іх матывацыю да ўдасканалення дзейнасці, укараненню сучасных тэхнік і інструментаў эфектыўнага менеджменту.

«Сапраўды, прынятыя змены і дапаўненні адкрыюць новыя магчымасці перад удзельнікамі конкурсу ў павышэнні якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі і паслуг, будуць спрыяць пашырэнню колькасці прыхільнікаў руху за якасць», — патлумачылі ў прэс-службе Дзяржстандарта.

Цяпер у рэспубліцы праводзіцца экспертная ацэнка дзейнасці 31 арганізацыі, якія прэтэндуюць на званне лаўрэата Прэміі ў 2014 годзе.

З 1999 года лаўрэатамі гэтага прэстыжнага конкурсу сталі 189 лепшых арганізацый, прычым некаторыя з іх — неаднаразова.

Дар'я ШОЦІК.

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.