Вы тут

Паміж Княствам і Каронай


Мінуўшчына перагукваецца з сучаснасцю

Апошнім часам шырыцца колькасць даследаванняў беларускай мінуўшчыны. І, як водзіцца ў такіх выпадках, множыцца колькасць пунктаў гледжання, высноў і гіпотэз адносна першавытокаў нашай гісторыі, своеасаблівасцяў эвалюцыі дзяржаўнасці і нацыянальна-культурнай дынамікі беларускай нацыі. Усё больш з'яўляецца твораў, напісаных галоўным чынам публіцыстамі, для якіх Вялікае Княства Літоўскае ўяўляецца адназначна беларускай дзяржавай, а наша гісторыя мае толькі адно — балтыйскае вымярэнне, нягледзячы на тое, што межы ВКЛ цягнуліся з поўначы на поўдзень ад Балтыкі да Чорнага мора, і гэта вызначала няпросты і трагічны шлях геапалітыкі Княства, якую трэба было здзяйсняць у, як цяпер кажуць, поліэтнічным, мультыкультурным асяроддзі, дзе змагаліся за ўплыў і ўладу дзве магутныя плыні хрысціянства — каталіцызм і праваслаўе, да якіх пазней далучыўся пратэстантызм.

25-26

Дзейнасць гэтых таленавітых, але вельмі ўжо еngаgеd (ангажаваных) журналістаў замінае станаўленню гістарычна выверанай і дакладнай карціны падзей і людзей той вялікай і драматычнай гісторыі Еўропы ў эпоху станаўлення нацыянальных дзяржаў. На шчасце, у Беларусі плённа працуе і другая школа даследчыкаў, якія рупліва і аб'ектыўна даследуюць гістарычную даўніну, імкнуцца зразумець яе сувязь з іншымі гістарычнымі падзеямі, узаемасувязь і ўзаемадзеянне з народамі-суседзямі. Да іх ліку належыць Анатоль Бутэвіч, вядомы дзяржаўны і грамадскі дзеяч, пісьменнік, аўтар арыгінальных твораў публіцыстыкі і прозы.

Чытач, напэўна, з цікавасцю сустрэў яго новую кнігу «Паміж Княствам і Каронай», што выйшла летась у Выдавецкім доме «Звязда» ў серыі «Святло мінуўшчыны», а цяпер амаль знікла з паліц кнігарняў, што, як мне здаецца, сведчыць пра тое, што яна знайшла свайго чытача.

Кніга, па задуме аўтара, з'яўляецца працягам (дакументальным, як кажа пісьменнік) яго рамана «Каралева не здраджвала каралю, або Каралеўскае шлюбаванне ў Новагародку». Раман у гэтай жа серыі выйшаў у 2010 годзе і меў падзагаловак «Займальны аповед пра каханне 17‑гадовай беларускай князёўны Соф'і Гальшанскай і 70‑гадовага караля польскага Ягайлы». Для нас тут важна адзначыць, што новая кніга «Паміж Княствам і Каронай» мае самастойнае значэнне, бо выкарыстоўвае новы жанр гістарычнага наратыву (прынамсі, у беларусістыцы), даследуючы гісторыю памежных дзяржаў — Польшчы і ВКЛ — праз лёсы іх выдатных дзеячаў. А іх было нямала, адзін толькі пералік займае шмат старонак. Гэта вельмі вядомыя ў свой час людзі. Іх думкі і дзеі ў многім сфарміравалі і той сусвет, у якім мы жывём з вамі сёння. Збіранне гэтага мноства гістарычных асоб і размяшчэнне іх у адным шэрагу — немалая заслуга аўтара. Адэкватная гістарычная ацэнка іх, што, на наш погляд, яўна ўдалося аўтару, — яго вялікая ўдача. Дзякуючы гэтаму, кніга чытаецца з увагай да дэталяў і з цікавасцю да аўтарскай думкі.

Аўтар любіць сваіх герояў, і гэта асабліва добра відаць з таго, як ён вывучае гіганцкую для свайго часу постаць Ягайлы. Ён ставіць у заслугу яму і Вітаўту Вялікаму перамогу ў Грунвальдскай бітве, што закончылася поўным разгромам тэўтонаў.

Аўтар справядліва называе яе «бітвай народаў». Гэтая перамога спрыяла станаўленню ў якасці самастойных этнасаў, а пасля і нацый беларускага і літоўскага народаў. Творчая задума пісьменніка канцэнтруецца на галоўных для гэтага твора вобразах — Ягайлы і Соф'і Гальшанскай, а таксама іх атачэння, якое дапамагае больш глыбока зразумець падзеі, што адбываліся ў Кароне і Княстве ад Крэўскай да Люблінскай уніі.

Крэўская унія для Княства і Кароны — ВКЛ і Каралеўства Польскага — найвялікшая геапалітычная ўдача палякаў, без якой Каралеўства немінуча загінула б пад націскам тэўтонаў. У палякаў не было іншага выйсця, і яны насуперак розным складаным абставінам арганізавалі дынастычны шлюб маладой каралевы польскай Ядвігі і вялікага князя літоўскага Ягайлы пры вострым нежаданні першай, жыццё якой пасля гэтага стала самотным і нават трагічным.

Аўтар сцвярджае, што Ягайла ўвесь час трымаў у думках ВКЛ. Аднак, відаць, у яго ўсё ж пераважаў польскі інтарэс, магчыма, абумоўлены тагачаснымі палітычнымі абставінамі. Разам са сваёй чацвёртай жонкай Соф'яй Гальшанскай, ён стаў пачынальнікам Ягелонскай дынастыі (доўжылася амаль 200 гадоў), якую многія даследчыкі лічаць «залатым векам» польскай гісторыі. Адразу ж пасля смерці ў 1572 годзе апошняга з Ягелонаў — Жыгімонта ІІ Аўгуста — адбылася Берасцейская унія 1596 года, пасля якой лёс ВКЛ стаў намнога менш шчаслівым. Хоць наш аўтар піша, што Ягайла памятаў свае карані (што магло быць і на самой справе!), усё ж за Польшчай стаяў Ватыкан, для якога акаталічванне Усходняй Еўропы (thеn аs nоw — як кажуць сёння многія даследчыкі) было найпершай геапалітычнай задачай. З часу Ягайлы пачаўся працэс апалячвання і акаталічвання ВКЛ: яе эліт і дзяржаўных інстытутаў, што і закончылася нават стратай беларускай мовай статусу дзяржаўнай на тэрыторыі ВКЛ.

Гэта добра відаць на прыкладзе велічэзнай постаці нашай гісторыі — вялікага князя літоўскага Вітаўта (у каталіцтве — Віганда, у праваслаўі — Аляксандра). Нам здаецца, што факт «знікнення» каралеўскай кароны Вітаўта на шляху з Ватыкана (у чаканні яе знаць балявала цэлы тыдзень) з'яўляецца ні чым іншым, як злачынствам палякаў, на жаль — не першым і не апошнім ва ўзаемаадносінах Кароны і ВКЛ.

Нам хацелася б, каб аўтар задаў пытанне, а ці было іншае выйсце ў ВКЛ, акрамя уніі з Каронай? Нам здаецца, што выйсце было — гэта саюз з Маскоўскім царствам, якое тады набірала сілу. Думаецца, што нават без гэтага гіпатэтычнага саюза, нават каб ВКЛ засталася адна, яе войны з Масковіяй былі б менш працяглымі і зацятымі, бо праваслаўныя народы (а народ ВКЛ быў тады ў большасці праваслаўным) пазбеглі б той жорсткасці і лютасці, якую надаваў ім элемент рэлігійнай несумяшчальнасці. Але на тое яна і гіпотэза, каб яе аспрэчваць.

Адметны поспех кнігі ў адсутнасці яўнай палемікі, якая сёння так часта засмечвае нават многія таленавітыя даследаванні. Аўтар выкладае свой добра аргументаваны пункт гледжання, які ён прадстаўляе ўвазе чытача, чакаючы, што той выкажа і сваю думку. Хочацца сказаць аўтару дзякуй за гэтую руплівую працу і пажадаць яму новых поспехаў.

Іван АНТАНОВІЧ,
доктар філасофскіх навук,

прафесар

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.