Што прымушае людзей пакідаць Радзіму — уласны выбар ці абставіны? Ці сумуюць яны, калі даводзіцца жыць удалечыні ад яе? Як і дзеля чаго захоўваюць нацыянальную культуру там, за акіянам?.. Пра ўсё гэта расказала вядучы архівіст Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Наталля Гардзіенка, якая да таго ж з'яўляецца старшынёй цэнтра камплектавання і вывучэння дакументальнай спадчыны беларускага замежжа, створанага ў гэтай установе.
Аўстралійскія дамы — быццам нашы
«Гадоў дзесяць таму я зацікавілася тэмай жыцця беларускіх жанчын у эміграцыі — расказвае спадарыня Наталля. Я стала шукаць іх кантакты ў розных краінах свету. На маю зацікаўленасць вельмі актыўна адгукнуліся аўстралійскія беларусы. Прычым яны вырашылі, што ім прасцей не пісаць мне ў лістах, а запрасіць да сябе, каб я на месцы ўсё паглядзела. Такім чынам у 2003 годзе я трапіла да беларусаў Аўстраліі. Там запісвала інтэрв'ю, пераважна з жанчынамі, у розных беларускіх асяродках: Мельбурне, Сіднэі, Адэлаідзе. Вынікам стала кніга, прысвечаная беларусам Аўстраліі.
Калі я ўпершыню трапіла туды і стала размаўляць з беларускімі жанчынамі, якія апошнія паўстагоддзя пражылі на Захадзе, у Аўстраліі, зразумела, што яны падобныя да нашых вясковых жанчын. Гэтыя кабеты выязджалі пераважна з вёсак, таму нашы традыцыі захоўвалі і за мяжой. Паміж сабой яны размаўлялі па-беларуску. Калі я заходзіла ў аўстралійскі дом, то магла бачыць падушкі з вышытымі накідкамі (акурат як у нас), нацыянальныя строі, што апраналіся на святы. Пры кожнай хаце абавязкова быў свой агародчык, дзе жанчыны вырошчвалі памідоры, агуркі, пры тым што ў Аўстраліі гэта зусім не абавязкова, бо іх можна набыць круглы год. Тым не менш нашыя перасяленцы заўсёды хваліліся, што гэта сваё. Беларусы адрозніваліся ад аўстралійцаў і тым, што яны ў грыбы там хадзілі і салілі грыбы, агуркі, частавалі імі. Традыцыйныя бытавыя рэчы, якія былі на Радзіме, пераносіліся і ў Аўстралію таксама. Па паводзінах, па менталітэце, яны вельмі нагадвалі маіх бабуль, якія былі тут, у Беларусі»…
Канадскія «Яваровы людзі»
«Адна з першых жанчын, якой я напісала ў часе пошукаў, была Раіса Жук-Грышкевіч — вядомая беларуская дзяячка ў Канадзе. У нас завязалася ліставанне, яна стала дасылаць мне розныя матэрыялы, а таксама адрасы людзей, да якіх можна звяртацца.
Мне давялося пазнаёміцца з Віялетай Кавалёвай, якая арганізавала ў Канадзе гурт «Яваровы людзі», які сёння вельмі актыўна выступае, запісвае нацыянальныя беларускія песні.
Дзякуючы Віялеце ўдалося арганізаваць паездку, каб папрацаваць з беларускімі архівамі ў Канадзе. У горадзе Атава ў архіве ёсць вялікія фонды дзеячаў эміграцыі — Сяргея Хмары, Міколы Сільвановіча, Раісы і Вінцэнта Жук-Грышкевічаў, Янкі Садоўскага і інш. Найбольш беларускае жыццё ў Канадзе цяпер канцэнтруецца ў Таронта».
Англа-беларуская трасянка
«Мяне запрасілі таксама і беларусы Вялікабрытаніі, каб папрацавала і з іх архівамі, напісала пра іх — вынікам стала кніга «Беларусы ў Вялікабрытаніі».
У Лондане, Манчэстэры, Брадфардзе раней былі беларускія дамы (набытыя нашымі эмігрантамі), якія часта выкарыстоўвалі як інтэрнаты. У іх маглі жыць беларусы, што не мелі сталага жытла, а таксама там праводзіліся розныя культурныя мерапрыемствы.
Паміж сабой нашы эмігранты, безумоўна, карысталіся беларускай мовай. Аднак з часам яна набывала рысы англійскай. Калі-нікалі можна было пачуць, як англійскія карані слоў яны выкарыстоўваюць з беларускімі канчаткамі. З такой з'явай можна сустрэцца і ў іншых англамоўных краінах — Амерыцы, Англіі, Канадзе. Старыя беларусы, якія вучылі англійскую мову ўжо па прыездзе, адаптавалі замежныя словы да роднай мовы. Часам пачынала нават з'яўляцца пэўная англа-беларуская трасянка».
Страчаныя для Айчыны…
«Народжаныя за мяжой дзеці адчуваюць сябе, у большасці, ужо жыхарамі краіны-нараджэнкі па культуры і ментальнасці. Вельмі мала прыкладаў можна прывесці, калі дзеці беларусаў з паваеннай хвалі не толькі разумеюць, але і размаўляюць па-беларуску. Хаця і такія ёсць — гэта дзеці Кіпеляў, Запруднікаў, якія мэтанакіравана вучылі сваіх дзяцей і трымалі ў коле нацыянальных інтарэсаў.
Праблема беларускай эміграцыі была ў тым, што не ўдавалася стварыць трывалых навучальных устаноў для дзяцей. Былі нядзельныя школкі пры цэрквах ці пэўных арганізацыях — і да сёння яны арганізоўваюцца. Аднак яны не вельмі трывалыя, пэўны час папрацуюць — і закрываюцца. Адзіным цікавым прыкладам быў беларускі інтэрнат для хлопчыкаў імя Кірылы Тураўскага ў Лондане, адкрыты ў 1960‑х гадах. Туды бацькі з розных краін маглі аддаваць сваіх дзяцей, каб яны разам з асноўнай адукацыяй маглі атрымліваць яшчэ і беларускую (вывучалі гісторыю, культуру, мову, а па мове пасля здавалі афіцыйныя іспыты).
На сёння нашчадкі нашых эмігрантаў для беларускай грамады страчаныя, за пэўным выключэннем (ёсць яны, напрыклад, у Беларуска-амерыканскім задзіночанні ў ЗША).
Калі чалавек жыве ў Беларусі, і нацыянальнае для яго з'яўляецца другасным, то і за мяжой ён не будзе шукаць людзей, каб размаўляць з імі па-беларуску. Калі ў яго тут няма такой патрэбы, то і на Захадзе яна не з'явіцца. Думаю, гэта характэрна і для ўсіх іншых краін. Аднак беларусам больш складана, бо мы заўсёды знаходзіліся ў коле прыцягнення іншых нацый на эміграцыі. Палякі, рускія, украінцы ўваходзяць у дзясятку колькасна найвялікшых эміграцый. І, калі няма сваіх суполак, беларусам прасцей далучыцца да іншых».
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.
Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.
«Машынай хто заўгодна можа кіраваць».
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.