Вы тут

Танна і сярдзіта


Да ўдзелу ў масавых распродажах пачалі далучацца і айчынныя вытворцы

Каб прыцягнуць пакупнікоў, дастаткова напісаць слова «зніжкі». Абяцанне «амаль халявы» прыцягвае нават тых, хто не збіраўся нічога набываць. Гэтым спажывецкім інстынктам і карыстаюцца арганізатары сезонных распродажаў. На мінулым тыдні «джынсы па 100 тысяч» у сталічным Палацы мастацтва на Казлова сабралі на вуліцы даўжэзную чаргу. Гэты ажыятаж зацікавіў: раптам на падобных акцыях сапраўды можна знайсці добрыя рэчы? Нашы карэспандэнты наведалі адзін з распродажаў, каб даведацца, які асартымент прапаноўваюць прадаўцы і чаму ім выгадна танна збываць адзенне.

25-32

У памяшканні, дзе патэнцыйных пакупнікоў чакалі «джынсы па 100», натоўп сабраўся хутка. Па размове жанчын, якія стаялі за мной, даведалася, што яны ўжо закупіліся на мінулым распродажы, але ўсё роўна вырашылі зайсці сюды. Каб нічога не прапусціць.

— Што тут прадаюць? — пытае ў чаргі бабуля і, не пачуўшы адказу, моўчкі далучаецца да натоўпу.

Нарэшце нас пускаюць у фае Палаца культуры буйнога сталічнага прадпрыемства — імправізаваную гандлёвую залу. Праціскаюся да вешалак з таварам. Кошт адзення для беларускага вока нязвыклы. Каб набыць зімовы капялюш ці кашулю, хопіць 50 тысяч.

Жаночыя джэмперы прадаюцца за 100 тысяч, мужчынскія — за 150. Цёплыя пухавікі і паўпаліто на сінтэпоне каштуюць усяго 400 тысяч.

— Глядзі, што я для мужа знайшла, — жанчына паказвае сваёй сяброўцы чорны капялюш. — Ладна пашыты, з падкладкай. Трэба браць.

25-33

Якасць рэчаў сапраўды прыемна здзівіла: дыхтоўная тканіна, акуратныя машынныя радкі. І гузікі на паліто не адвальваюцца (калі набываеш рэчы на зніжках, заўсёды рызыкуеш застацца незашпіленым). Праўда, асартымент вельмі сціплы: няма з чаго выбіраць. Жаночых кофт толькі тры віды, і тыя ўсе бліскучыя. Шэрыя непрыкметныя світары з серыі «павінен быць у кожнага мужчыны». Большасць паліто — нехадавых колераў: салатавыя, аранжавыя. Мужчына, які разносіў мяхі з адзеннем, патлумачыў, што кожны дзень асартымент мяняецца. Але, пагадзіцеся, не вельмі зручна наведваць цэлы тыдзень адзін і той жа распродаж і спадзявацца, што там нарэшце з'явіцца патрэбная табе рэч.

З памерамі, дарэчы, таксама была блытаніна.

— На мне паліто XL, а я нават яго зашпіліць не магу, у плячах цесна, — скардзіцца худзенькая бабуля.

Потым прадавец нам патлумачыў: каб атрымаць рэальны памер, ад напісанай лічбы трэба адняць 10. Уяўляю, які сюрпрыз чакаў дома тых, хто без прымеркі набраў адзення на ўсю сям'ю. З прымеркай увогуле было цяжка. Ніякіх асобных кабінак і толькі адно люстэрка ў канцы залы. Але пакупнікоў гэта не спыніла. Праз хвілін сорак палова вешалак ужо была без адзення. Некаторыя літаральна змагаліся за дэфіцытныя рэчы.

— Жанчына, не чапайце, гэта маё! — абараняла «свае» чатыры паліто пенсіянерка, якая пакуль не вырашыла, што ёй больш пасуе.

Калі пачалі распакоўваць чарговую партыю таннага адзення, распродаж стаў нагадваць аўкцыён. Прадаўцы не паспявалі развешваць пухавікі: толькі называлі памер — і самая спрытная з жанчын выхоплівала тавар з рук.

Сярод тых, хто прыбег па зніжкі, ёсць і пенсіянеры, і студэнты. Цікава, што палова пакупнікоў — мужчыны. Некаторыя людзі пакідалі залу з цэлым ахапкам світараў і паліто: калі так танна, чаму б не запасціся на некалькі сезонаў наперад? Іншае пытанне, ці патрэбна столькі аднатыпных рэчаў. Але ў такой мітусні няма часу думаць.

Тавары, што прапануюць на распродажы, прывозяць з розных краін — Індыі, Шры-Ланкі, Пакістана, Кітая. Намеснік дырэктара кампаніі-арганізатара «Экспанент» Сяргей Вазненка расказвае, што да акцыі нарэшце далучыліся і беларускія вытворцы:

— Калі яны ўбачылі, колькі людзей прыцягнуў мінулы распродаж, таксама захацелі прадставіць свае тавары. Увогуле ўдзельнічаць у гэтых мерапрыемствах можа любы прадавец, калі ён гарантуе нізкі кошт. Рэчы прапаноўваюцца па аптовым кошце без гандлёвай нацэнкі ці нават танней.

Цікаўнасць прадаўцоў тлумачыцца проста: яны павінны рэалізаваць пэўны аб'ём тавару, каб захаваць нізкі кошт на закупкі ад вытворцы. Прадаўцы першапачаткова набываюць танныя рэчы толькі для колькасці. Іх няма дзе захоўваць, а таму трэба хутка збыць з невялікай «накруткай», каб пакрыць выдаткі на рэкламу. Камерцыйны прыбытак прадпрымальнікі атрымліваюць з дарагіх і брэндавых рэчаў, што закупляюць у таго ж вытворцы, але рэалізуюць у сваіх рознічных пунктах па звычайным кошце.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ад вады да бяды — адзін крок

Ад вады да бяды — адзін крок

На вадаёмах краіны тонуць людзі. Што важна ведаць, каб не папоўніць спіс ахвяр?

Грамадства

Відавочца Перамогі

Відавочца Перамогі

Ваенныя вярсты сяржанта Андрэйчыкава.

Здароўе

У Беларусі дапоўняць нацыянальны каляндар прышчэпак

У Беларусі дапоўняць нацыянальны каляндар прышчэпак

У ім з’явіцца і прышчэпка супраць раку шыйкі маткі.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.