Вы тут

«Я не хачу, каб у мяне забралі сына»


Маці-адзіночка, былая сірата, не можа дамагчыся належнага ёй сацыяльнага жылля

Каб суцішыць хваляванне, Алена Панкавец штохвілінна папраўляе валасы і цярэбіць рукі. Яна ўжо не першы раз распавядае сваю гісторыю, але голас яе пры гэтым усё яшчэ дрыжыць. У 12-гадовым узросце Лену забралі ў школу-інтэрнат. Яе мама піла, а бацька загінуў, калі дзяўчынцы было тры месяцы. Праз два гады інтэрнат закрылі, і дзяўчына паўстала перад выбарам: альбо вяртацца да маці, дзе ўмовы жыцця былі немагчымыя, альбо, калі суд пазбавіць маці правоў на дачку, адправіцца ў дзіцячы дом. Лена выбрала другі варыянт, але і ён, як высветлілася, не стаў найлепшым.

Прабыўшы пяць гадоў у Халопеніцкім дзіцячым доме пад Оршай, дзяўчына паступіла ў ПТВ у Смалявічах, але правучылася толькі год.

— Дзіцячы дом — гэта такая штука, дзе не відаць шмат з таго, што адбываецца ў свеце. Там жа і ў школу, і ў прыбіральню строем ходзіш. А тут з некаторымі рэчамі я сутыкнулася ўпершыню, эйфарыя закружыла і я разгубілася, — прызнаецца Алена.

Дзяўчына пайшла працаваць, а неўзабаве ў яе з'явіўся сын Ілья, з бацькам якога Алене давялося расстацца.

— Не, я не вяла амаральны лад жыцця, — прадухіляе маё пытанне суразмоўца. — Я ў дзяцінстве гэтага нагледзелася, і, напэўна, ведаючы, у якой сям'і нараджуся, Бог мяне загадзя «закадзіраваў».

Лена з маленькім Ільёй жыла ў цёткі ў Бараўлянах пад Мінс-
кам, і пра тое, што яна, як сірата, мае права на сацыяльнае жыллё, даведалася выпадкова. Згодна з законам, пра гэта павінна была паклапаціцца адміністрацыя дзіцячага дома. Але, як высветлілася, там гэтага не зрабілі, і дзяўчына, па сутнасці, аказалася без даху над галавой. Апроч таго, пасля паступлення ў дзіцячы дом Лена ні разу не атрымала пенсіі па страце кармільца, якая прыходзіла яе маці пасля смерці бацькі, але паколькі маці пазбавілі правоў на дзіця, павінна была прыходзіць апекунам дзяўчыны. Маці, якая ў гэты час была ў месцах пазбаўлення волі, аліментаў не плаціла таксама.

— Каб не цётка, якая пагадзілася мяне прапісаць, не ведаю, што са мной было б. А калі б у мяне зусім не было сваякоў, я засталася б бамжом, — расказвае Лена.

Аднак вялікай радасці жыццё са сваякамі не прынесла: п'янкі і гулянкі ў цётчынай кватэры працягваліся, і цяпер гэта ўсё бачыў маленькі сын, з чым Алена ніяк не магла прымірыцца.

Таму з пытаннем пра сацыяльнае жыллё 22-гадовая сірата і маці-адзіночка звярнулася ў Бараўлянскі сельсавет. Там ёй паведамілі, што для пастаноўкі на чаргу ёй трэба прадаставіць дакументы, якія пацвярджаюць, што дзяўчына — сірата. Каб сабраць усе паперы, Лене трэба было ехаць у дзіцячы дом пад Оршу, але яна не магла пакінуць дзіця на сваякоў, якія пілі. Аднак у сельсавеце яе супакоілі, што самі дадуць запыт у дзіцячы дом, а ёй застанецца толькі прадаставіць дакументы, якія ёсць на руках. Дзяўчына так і зрабіла, і толькі пасля даведалася, што ніякага запыту з сельсавета ніхто не накіроўваў, а яе, нават не паведаміўшы, узялі ды паставілі на агульную чаргу на жыллё.

Згодна з заканадаўствам, статус сіраты захоўваецца за грамадзянінам з 18 да 23 гадоў.

Калі Алена пачала самастойна бегаць па інстанцыях і збіраць дакументы, яе чакаў новы ўдар: аказалася, што яе не могуць уключыць у спіс грамадзян, якія маюць права на сацыяльнае жыллё, бо... яна ўжо не мае статусу сіраты. Таму што, згодна з заканадаўствам, ён захоўваецца за грамадзянінам з 18 да 23 гадоў, а Лене на той момант ужо споўнілася 25. І куды яна ні звярталася — ад мясцовых выканкамаў да вышэйшых дзяржаўных устаноў, на ўсё прыходзілі абыякавыя адказы: «Заяўніку правамерна адмоўлена ў прыняцці на ўлік па льготнай катэгорыі».

Два гады таму, не вытрымаўшы бясконцых папоек у кватэры сваякоў, Лена ўладкавалася працаваць памочнікам выхавацеля ў дзіцячы садок. Зарплату яна атрымлівае мізэрную — 1 600 тысяч рублёў. Затое ад аддзела адукацыі ёй з сынам прадаставілі пакой у інтэрнаце. Лена прызнаецца, што, убачыўшы яго, заплакала: падлога свяціла шчылінамі, правады ад лямпы былі вырваны, не было нічога, нават разетак і змяшальніка ў душы. Давялося зрабіць немудрагелісты рамонт, і тады ў жытле стала ўтульней. І хоць гэты дах над галавой яшчэ не свой, затое цяпер вельмі прыгожы, усмешлівы і самастойны хлопчык Ілья, які ўжо ходзіць у другі клас, можа спакойна гуляць і рабіць урокі, не бачачы таго бруду, да якога, бывае, апускаюцца людзі.

Ці варта казаць, што заробку ў паўтара мільёна для маці з дзіцем недастаткова? З гэтых грошай пастаянна ідуць адлічэнні на школу (сын наведвае дадатковыя заняткі і курсы па англійскай мове), амаль 300 тысяч — на аплату інтэрната, а яшчэ трэба карміць і апранаць дзіця.

— Я прайшла навучанне і нейкі час працавала аператарам на пошце. Я магла б зноў уладкавацца на гэту працу з нармальнай зарплатай, але тады я страчу жыллё, — сумна рэзюмуе маладая жанчына, перабіраючы кіпу дакументаў, якія назбіраліся за час беганіны па розных установах.

І ўсё ж Алена не губляе надзеі на тое, што ёй удасца дамагчыся справядлівасці: яе «каляжанкі» па дзіцячым доме апынуліся ў такім жа становішчы і ім удалося самастойна «выбіць» належнае ім сацыяльнае жыллё. Безумоўна, няведанне закону не вызваляе ад адказнасці. Але ж хіба яны вінаватыя, што закон, па сутнасці, парушыла адміністрацыя дзіцячага дома, не паклапаціўшыся пра лёс сваіх гадаванцаў? Праўда, з яе прадстаўнікоў ужо няма чаго спытаць, бо ўстанову некалькі гадоў таму расфарміравалі.

Два гады таму, угледзеўшы ў гісторыі нашай гераіні яўную несправядлівасць, старшыня Бараўлянскага сельвыканкама Аляксандр Савончык паабяцаў узяць на асабісты кантроль прадастаўленне Алене з сынам пакоя ў інтэрнаце і пастаноўку на чаргу на атрыманне сацыяльнага жылля. Аднак ці кантроль аказаўся недастатковым, ці так склаліся абставіны, але мара пра ўласны куток для Лены пакуль так і застаецца марай.

Дзіцячы дом — гэта такая штука, дзе не відаць шмат з таго, што адбываецца ў свеце. Там жа і ў школу, і ў прыбіральню строем ходзіш.

— Я б'юся ўжо колькі гадоў. Я не хачу, каб у мяне забралі сына. А калі вярнуся з ім у кватэру цёткі, органы апекі гэта зробяць, бо ўмовы там непрыдатныя для пражывання дзіцяці. Я толькі аднаго не разумею. Наша дзяржава — за тое, каб пакідаць дзяцей з бацькамі. Але пры гэтым ніхто нічога не хоча зрабіць, і гэта вельмі страшна, — кажа Алена, якой не ўдаецца стрымаць слёз.

На жаль, падобных гісторый нямала. У заканадаўстве дакладна ўстаноўлены ўзрост дзіцяці-сіраты для прадастаўлення яму даху над галавой, і ў такім выпадку застаецца адзінае — рабіць выснову па выніку: чалавек дасягнуў 25 гадоў — адмовіць.

Але ўсё ж такі ёсць вельмі грунтоўнае пытанне, хто вінаваты: дзіця з горкім лёсам, якое не можа ведаць усіх юрыдычных нюансаў, ці тыя сацыяльныя і дзяржаўныя ўстановы і спецыялісты, якія з цягам часу, мабыць, забылі, што працуюць не толькі з бяздушнымі нарматыўнымі дакументамі, але і з жывымі людзьмі, пытанні і праблемы якіх часам патрабуюць больш грунтоўнага адказу ці тлумачэння, чым простае «так» ці «не».

Дзіяна СЕРАДЗЮК.

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.