Вы тут

Браканьеры адкажуць. Прычым па ўсёй строгасці


Цяпер транспарціроўка ці разбор туш капытных (казулі, дзіка, аленя, лася) з'яўляецца падставай для завядзення крымінальнай справы. Гэта стала магчымым пасля нядаўняга ўступлення ў сілу новых рэдакцый артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія датычацца адказнасці за незаконныя паляванне і рыбалоўства (дарэчы, з новымі правіламі можна пазнаёміцца тут).

Мяса дзічыны ў лесе больш «не знойдзеш»...

— Неабходнасць такой меры прадыктавана самім жыццём, — кажа прэс-сакратар Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Вольга Грамовіч. — Прабелы ў заканадаўстве дагэтуль давалі шанц выкрутлівым браканьерам зыходзіць ад поўнай адказнасці. Затрыманыя з прадукцыяй палявання маглі сцвярджаць, што знайшлі мяса ў лесе, адмаўляючы сам факт незаконнага палявання. І, калі даказаць зваротнае не атрымлівалася, парушальнікаў прыцягвалі толькі да адміністрацыйнай адказнасці. Максімальны штраф пры гэтым складаў 30 базавых велічынь. Цяпер такім хітрунам будзе пагражаць да трох гадоў пазбаўлення волі.

Такім чынам, у Крымінальны кодэкс уведзены дадатковы артыкул (282-1), які прадугледжвае санкцыі за незаконнае перамяшчэнне (транспарціроўку) ці разбор туш дзікіх жывёл, у тым ліку загінулых, ці іх частак. Пры гэтым абавязковай умовай з'яўляецца нанясенне шкоды ў буйным памеры (больш за 100 базавых велічынь) або паўторнасць парушэння, ці прыналежнасць жывёлы да ахоўваемых відаў, або здзяйсненне вышэйпералічанага на асабліва ахоўваемых ці забруджаных радыяцыяй тэрыторыях. Каб павысіць адказнасць за незаконнае паляванне, усе часткі адпаведнага артыкула Крымінальнага кодэкса дапоўнены фармулёўкай «з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю» (напрыклад, быць паляўнічым).

Затрыманыя з прадукцыяй палявання маглі сцвярджаць, што знайшлі мяса ў лесе, адмаўляючы сам факт незаконнага палявання. Цяпер такім хітрунам будзе пагражаць да трох гадоў пазбаўлення волі.

...і рыбу ў «невядомых рыбакоў» не купіш

Для ўзмацнення матэрыяльнага ўздзеяння на браканьераў у Крымінальны кодэкс, як дадатковая мера разам з пазбаўленнем волі за асабліва небяспечныя злачынствы (здабыча рыбы пры дапамозе электралавільных установак, ультрагуку, выбуховых устройстваў з нанясеннем шкоды ў асабліва буйным памеры), уводзіцца яшчэ і штраф. Павялічыўся і мінімальны памер штрафу за незаконную здабычу рыбы і па адміністрацыйным артыкуле — ад 20 да 50 базавых велічынь (раней было ад 10 да 50 базавых). Выключана такая мяккая форма ўздзеяння на парушальнікаў правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, як папярэджанне.

Асобна ў Кодэксе аб адміністрацыйных парушэннях агаворваецца пакаранне за знаходжанне ў рыбалоўных угоддзях і на прылеглай да іх тэрыторыі (да аднаго кіламетра ад берага) з забароненымі прыладамі рыбалоўства, а таксама рыбай, лоўля якой забаронена або вага якой перавышае ўстаноўленыя нормы (5 кілаграмаў у суткі на рыбалова), без дакументаў, якія пацвярджалі б законнасць валодання ёю.

— Гэта дасць магчымасць пакараць браканьераў, якія дагэтуль у выпадку затрымання тлумачылі, што, маўляў, быццам бы рыбу купілі ў невядомых ім рыбакоў, — гаворыць Вольга Грамовіч.

Апроч таго, папраўкі прадугледжваюць павышэнне планкі буйнога і асабліва буйнога памераў шкоды. Так, пад буйным памерам у новай рэдакцыі маецца на ўвазе сума, якая складае або перавышае 100 базавых велічынь (дагэтуль было 40 базавых). Памер шкоды ў 250 і больш базавых велічынь цяпер лічыцца асабліва буйным (раней ён складаў 100 базавых). Гэта звязана і з нядаўнім павышэннем таксаў для разліку шкоды, нанесенай у выніку незаконных палявання і рыбалоўства.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў надыходзіць тыдзень сур’ёзных змен у асабістым жыцці.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.