Вы тут

Цяжкасці росту


Сярод разнастайных педагагічных навук ёсць адна, якая да гэтага часу так і не пазбавілася кляйма «лжэнавука». Я маю на ўвазе педалогію.

Чамусьці пры слове «педолаг» мне заўсёды ўспамінаецца раман Каверына «Два капітаны». Галоўныя адмоўныя персанажы там менавіта педолагі: Татарынаў Мікалай Антонавіч і яго памагаты Рамашка. Як жа яны там з дзяцей здзекуюцца, гэтыя шкоднікі, з дапамогай сваіх педалагічных метадаў!

А яшчэ прыходзіць на памяць «Педагагічная паэма» Макаранкі, на старонках якой аўтар таксама нямала паздзекаваўся з педалогіі, поўнасцю адмаўляючы яе як навуку.

І нават зараз многімі педагогамі педалогія ўспрымаецца прыкладна так, як вучонымі-астраномамі — навука астралогія. У савецкія часы аб педалогіі нават у энцыклапедыі было сказана наступнае: «Педалогія — антымарксісцкая, рэакцыйная, буржуазная навука аб дзецях».

Астралогію я асабіста за навуку не лічу (хоць многія тут могуць са мной паспрачацца), а вось што датычыцца педалогіі...

Дык што ж такое педалогія? І ці сапраўды яна такая бескарысная і нават шкодная, як аб гэтым прынята думаць?

Педалогія ўзнікла ў канцы ХІХ ст. пад уздзеяннем эвалюцыйных ідэй і звязана ў першую чаргу з імем С. Хола, які ў 1889 г. стварыў першую педалагічную лабараторыю. Педалогія імкнулася вывучаць дзяцей, зыходзячы з комплекснага падыходу, дапамагаць развіццю ўсіх іх магчымасцяў. Вялікая ўвага надавалася сукупнасці псіхалагічных, анатама-фізіялагічных, біялагічных і сацыялагічных падыходаў, хоць часта ўсе яны звязваліся паміж сабой толькі механічна. Занадта вялікая роля адводзілася разнастайным тэстам, па выніках якіх і рабіліся адпаведныя (а часта і паспешлівыя) вывады.

Але ўсё гэта былі, як кажуць, «цяжкасці росту», бо педалогія як навука рабіла яшчэ свае першыя самастойныя крокі. І вось гэтую маладую, яшчэ не зусім сфарміраваную навуку запрыкмецілі і пачалі шырока прымяняць на практыцы ў Савецкім Саюзе ў 1920-х — пачатку 1930-х гг. Было адкрыта некалькі педалагічных навучальных устаноў і шмат адпаведных факультэтаў ва ўсіх, бадай што, педагагічных інстытутах. Выдавалася шмат кніг па педалогіі. Педолагі працавалі ў школах, дзіцячых садках, разнастайных падлеткавых аб'яднаннях. Праводзіліся шматлікія псіхолага-педалагічныя кансультацыі, актыўна вялася работа з бацькамі...

А потым...

Спецыяльнай пастановай ЦК КПБ(б) у 1936 годзе педалогія была аб'яўлена псеўданавукай і спыніла сваё існаванне. Многія вядомыя вучоныя-педолагі былі звольнены, падвергнуты крытыцы і нават рэпрэсіраваны.

Чаму ж так адбылося?

Прычын тут некалькі, але галоўнай з іх даследчыкі лічаць тое, што ў выніку педалагічных даследаванняў пастаянна высвятлялася: дзеці рабочых значна горш спраўляюцца з інтэлектуальнымі задачамі, чым дзеці былых дваран, купцоў і іншых асоб непралетарскага паходжання. Па адной з версій (праверыць яе даставернасць зараз не ўяўляецца магчымым), асабісты гнеў Сталіна выклікалі нізкія тэставыя балы, пастаўленыя педолагам яго сыну Васілю...

Дарэчы, менавіта на тэсціраванне і прыйшоўся асноўны ўдар падчас разгрому педалогіі як навукі, што невыпадкова. Вельмі часта педолагі таго часу злоўжывалі гэтым самым тэсціраваннем і па выніках яго рабілі скараспелыя і павярхоўныя вывады, выдаючы іх за ісціну ў апошняй інстанцыі.

Ну як, скажыце, па выніках двух-трох тэстаў у пачатковай школе (а то і ў дзіцячым садку) стапрацэнтна выявіць схільнасць дзіцяці да той ці іншай будучай прафесіі? «Вашаму сыну лепш за ўсё падыдзе прафесія муляра! — аб'яўляюць бацькам шасцігадовага карапуза. — А ваша дачка абавязкова павінна стаць ткачыхай!»

І ўсё, далейшы лёс малых можна лічыць вырашаным. Маўляў, мы лепш ведаем, што патрэбна вашым дзецям... А ваша задача — рыхтаваць іх да гэтай спецыяльнасці! Нават калі ў будучым гэты карапуз усур'ёз захопіцца хіміяй альбо біялогіяй, а дзяўчынка, скажам, пачне пісаць вершы...

Але гэта, я паўтараю, былі мясцовыя перагібы, «цяжкасці росту» педалогіі як навукі. Забараніўшы яе поўнасцю, зрабіўшы «лжэнавукай», улады значна замарудзілі развіццё педагагічнай і падлеткавай псіхалогіі, дзіцячай псіхадыягностыкі, аслабілі ўвагу да асобы дзіцяці ў працэсах навучання і выхавання.

Дарэчы, у іншых краінах, дзе педалогію ніхто і не думаў забараняць, само гэтае паняцце паступова выйшла з ужывання. Педалогія нібы растварылася ў іншых навуках (генетычная псіхалогія, сацыяльная педагогіка, педагагічная сацыялогія, этнаграфія дзяцінства і г.д.). Усё гэта паспяхова развіваецца цяпер і ў нашай краіне. Але мала хто задумваецца над тым фактам, што пачатак усім гэтым сучасным педагагічным навукам дала менавіта педалогія.

Якая, дарэчы, не рэабілітавана да гэтага часу...

Генадзь АЎЛАСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.