Вы тут

Ульяна і Калінік: вясковы раман


«У маім дзяцінстве — гэта 50-ыя, пачатак 60-х гадоў мінулага ўжо стагоддзя — ніякіх тэлевізараў у вясковых хатах не было, таму суседзі амаль штовечар прыходзілі адзін да аднаго ў госці, на «вячоркі», — узгадвае наша даўняя падпісчыца, чытачка і сяброўка Соф'я Кусянкова з в. Лучын Рагачоўскага раёна. — Размовы вяліся розныя, збольшага — успаміналі пра мінулае, пра сваіх бацькоў і вайну, пра немцаў і бежанцаў, пра пасляваеннае жыццё і палітыку, пра Берыю і Цанаву...

Як на цяперашні розум, трэба было запісваць кожнае слова з тых «вячорак»! Зрэшты, некаторыя з пачутых расповедаў затрымаліся ў памяці надоўга. Напрыклад, гісторыя кахання маіх бабулі і дзядулі па мацярынскай лініі, Ульяны Рыгораўны і Калініка Андрэевіча, мне запомнілася надзвычай добра — мабыць, таму, што падавалася надзвычайнай і прыгожай, як у раманах з таго далёкага часу.

Пачну, як пачынаюцца казкі. Жылі-былі Калінік і Ульяна. Ён быў на колькі гадоў старэйшы, таму, як ён жаніўся, яе яшчэ толькі «ў дзеўкі» прынялі. (Існаваў тады такі абрад — калі дзяўчынцы спаўняецца 14 гадоў, старэйшыя прымаюць яе ў свой гурт, «у дзеўкі»). А потым, у самым пачатку 1900-х гадоў, і яе замуж аддалі, не пытаючыся згоды, — бо ў воласць, бо за багатага. Якраз як у раманах, дзе, паводле жанру, дзяўчына — прыгажуня, а той багаты жаніх — і брыдкі, і дурны.

У бабулі так яно і было. Ужо на вяселлі жаніх паказаў свой нораў. Далей — болей: абражаў, біў, раўнаваў — да ўсіх і ўсяго... Надышоў Вялікдзень, і пайшла Ульяна на ўсяночную — асвяціць ежу ды сустрэць свята. А прыйшла ўранні — сярод двара стаіць калодка з сякерай, а вакол толькі кавалкі ад усёй яе апраткі. Усё пасек. Маўляў, ноч працягалася, дык цяпер больш нікуды не пойдзеш, каб на цябе ўсе глядзелі. Яна ўсё свята праплакала, а ён у карчме прасядзеў. Бацькі яе прыехалі — а тут на табе, свята.... Самі ўжо разумелі, якое «шчасце» дачцэ набылі. Але што ўжо зробіш? «Жыві, ты ж у царкве венчаная», — сказалі дый паехалі. Такі тады быў парадак: калі венчаная — хай хоць заб'е.

Але гэтае сямейнае жыццё было нядоўгім: неўзабаве муж памёр, а дзяцей ад яго не з'явілася. (Дарэчы, колькі жыла бабуля Ульяна, колькі ўспамінала пра тое замужжа, дык ніколі, ні разу не сказала «памёр», гаварыла — «здох»). Адпаведна, у той сям'і яна ўжо была непатрэбная і таму вярнулася да бацькоў. Але і там аказалася ўжо адрэзаным кавалкам, «наймічках» пры сем'ях братоў. Так мінуў год.

У гэты час у Калініка таксама памерла жонка Настасся — не старая яшчэ, 30 гадоў. (Жылі ж яны нядобра, увесь час сваркі ды бойкі — ён па ёй усім, што ў руках было, яна не саступала — ды па ім... А дзяцей усё роўна нажылі — чацвёра.)

Як заведзена ў вёсцы, пайшла і Ульяна на пахаванне. А насустрач ёй чужая бабулька, спыніла і кажа: «Ульяначка, не хадзі ты туды. Ты ж такая прыгожая! Як ён паглядзіць на цябе — замуж пазаве. Ты пойдзеш — ён і цябе заб'е».

Ульяна ж нічога не адказала, а сама сабе вырашыла, што горш, чым было, не будзе, і ўсё ж пайшла на пахаванне. І вось сядзяць жанчыны каля нябожчыцы, ціхенька гамоняць. На печы дзеткі спужаныя — жанчыны іх шкадуюць, бо сіроты. А бацька іх заходзіць у хату, быццам на дзяцей паглядзець, і на яе пільна пазірае, зноў заходзіць — і зноў позірк кіне, быццам дагэтуль ніколі не бачыў. Потым пры сустрэчы ў вёсцы нічога не казаў — павітаецца і глядзіць пільна...

А праз сорак дзён прыйшоў у сваты.

Бацькі Ульяны, вядома ж, былі супраць: і бедны ён, і чацвёра дзяцей. А яна сказала: «Мае татачка і мамачка, за багатага вы мяне аддалі. Дзякуй вам. Нажылася. А за гэтага сама пайду». І пайшла. І пражылі яны, як заўсёды мая мама казала, «як ціхае лета». Калінік ніколі не тое каб руку на яе падняў — нават голас не павысіў. Яна ж на яго магла і пасварыцца, і пакрычаць, а ён у адказ: «Ай, матка, не засмучайся, цішай» — і ўся сварка заканчвалася.

Нарадзілі яны яшчэ чацвёра дзяцей, у тым ліку і маю маці. Але Ульяна ніколі не падзяляла дзяцей на сваіх і не сваіх. Хіба што «не сваіх» больш шкадавала — таму магла і накрычаць на мужа, калі ёй падавалася, што ён да іх занадта строгі.

З першых дзяцей дзеда Калініка помню дзядзьку Сямёна. Ён заўсёды прыгаворваў: «Ай, ай» — і меў прыгожыя, белыя, закручаныя ўверх вусы. Яшчэ дзядзьку Яўстрата, які быў падобны тварам да Якуба Коласа. Да часу я нават не ведала, што яны родныя «напалову».

...Пайшлі з жыцця баба Ульяна і дзед Калінік у адзін год, падчас вайны. Яна не змагла перажыць, што немцы спалілі іх малодшую дачку, 17-гадовую Варачку, за сувязь з партызанамі. А Калінік пасля гэтага стаў маўклівы, зрабіўся быццам не ў сабе. І ў той жа год памёр.

Ульяне было 62 гады, яму — 67. Разам у згодзе і любові яны пражылі 36 гадоў».

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.