Вы тут

Так важна знайсці кампраміс


Прыкладна год таму ў прыватных гандляроў сельскагаспадарчай прадукцыяй Жлобінскага раёна з'явілася падстава для хвалявання. Мясцовыя ўлады папярэдзілі ўсіх, што хутка — у сувязі са зменай уласніка былога калгаснага рынку на вуліцы Вароўскага — знікне магчымасць гандляваць каля чыгуначнага вакзала.

Марыя Трызна з пасёлка Лукскі Жлобінскага раёна на працягу многіх гадоў прадае сельскагаспадарчую прадукцыю са сваёй сядзібы ў горадзе металургаў. Жанчына — адна са шматлікіх аўтараў пісьма, дасланага на адрас Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, перш чым пісаць у высокую інстанцыю, людзі не раз пабывалі на прыёмах у першых асоб райвыканкама. Прыходзілі калектыўна з адной просьбай — даць ім магчымасць афіцыйна гандляваць калі не ў ранейшым месцы, дык у іншым, але ж зручным. І ўлады казалі: маўляў, не хвалюйцеся, усё будзе зроблена.

Цэлы год чыноўнікі «шукалі магчымасці». Начальнік аддзела гандлю і паслуг Жлобінскага райвыканкама Таццяна Карабан пацвярджае, што пытанне ставілася даўно:

—Рынак калісьці належыў Жлобінскаму райпа, потым яго прадалі прыватніку. Мы планавалі рэканструяваць вуліцу Вароўскага, каб можна было ажыццяўляць гандаль сельскагаспадарчай прадукцыяй — для гэтага прапанавалі ўсталяваць навесы. Але ж новы ўласнік прадаставіў эскізнае рашэнне, згодна з якім на вуліцы зноў з'явіліся б ралеты. Выканкам не пагадзіўся.

Пры гэтым трэба і ўласніка зразумець: ну хто, скажыце, будзе ўкладаць грошы пад дробны гандаль сельгаспрадукцыяй? Увесь час, пакуль абмяркоўвалася праблема, гандляры былі гатовы прадаваць сваю прадукцыю «з зямлі». Год яны так і рабілі, не плаціўшы грошы ні за што. Да таго ж, і ў санітарных службаў было шмат нараканняў. Аднак наводзіць парадак трэба было, і ўрэшце мы прапанавалі ім пакінуць вуліцу Вароўскага і перамясціцца на рынак «Сонечны», дзе дастаткова месцаў для гандлю і дзе ёсць навесы. Але яны туды не ідуць.

Цяпер улады Жлобіна прапанавалі дзве пляцоўкі для гандлю. Першая — рынак Сонечны. Ад вакзала да спальнага мікрараёна № 16, дзе ён знаходзіцца, прыкладна 10 хвілін язды на грамадскім транспарце. Гандлярам са сваёй прадукцыяй туды дабірацца не вельмі зручна. Да таго ж з раніцы там нічога не прадасі — бо ўсе, хто жыве побач, — на працы, а вечарам гандлярам самім дадому, у навакольныя вёскі, неяк трэба даехаць.

Другая пляцоўка, якую прапанавалі ўлады для гандляроў сельгаспрадукцыяй, — каля крамы «Суседзі». Ёю скарысталіся тыя, хто мае свой транспарт, бо там можна гандляваць непасрэдна з машын. Але ж спецыяльна прыстасаваных для гэтай мэты прылаўкаў, а таксама грамадскай прыбіральні побач няма.

Трэба сказаць, што на працягу года на ўсё той жа прывабнай для гандляроў вуліцы Вароўскага ўлады арганізоўвалі сезонныя кірмашы сельскагаспадарчай прадукцыі. Але ж з лістапада гандаль сельгасвытворцаў-прыватнікаў быў канчаткова забаронены.

—1 лістапада з міліцыяй прыйшлі на рынак і кажуць нам: «Кыш, тут гандляваць нельга», — гаворыць Марыя Трызна. — Ці на «Сонечны» ідзіце, ці да крамы «Суседзі», ці куды хочаце». Мы прысунуліся туды, дзе адзенне, стаялі на праходзе, гандлявалі на скрынях, адзін на адным, на «галовах». Цяпер вось нам паабяцалі, што з 1 сакавіка зробяць новы рынак у цэнтры. Дык жа трэба было спачатку зрабіць, а потым выганяць нас з вуліцы Вароўскага! Мы б перайшлі без усякіх размоў!

Мы вырашылі звярнуцца ў райвыканкам па адпаведную паперу, каб потым у жлобінскіх улад не было магчымасці адмахнуцца ад сваіх абяцанняў. Цытуем ліст за подпісам намесніка старшыні райвыканкама І. С. Аслюка: «Пытанне арганізацыі гандлю сельскагаспадарчай прадукцыяй у раёне рэчавага і былога калгаснага рынку знаходзіцца на кантролі. ААТ «Візаві-гандаль» на міні-рынку за гандлёвым цэнтрам «Свет моды» з 1 сакавіка 2015 года для гандлю сельскагаспадарчай прадукцыяй прадаставіць 114 месцаў. Зацверджана схема размяшчэння гандлёвых радоў, разглядаецца пытанне закупу абсталявання»…

Мы часта наракаем на тое, што людзі звяртаюцца да вышэйшых інстанцый, абмінаючы мясцовыя ўлады, — са скаргамі, якія паспяхова можна было б вырашыць на месцы, не даво-
дзячы праблему да сацыяльнай напружанасці.

І што бачым на самой справе? Вось людзі, якія спачатку даверыліся сваёй уладзе (да слова, згодна з указам № 498 і дырэктывай № 2), але… вымушаны былі ісці далей, звяртацца да вышэйшай інстанцыі.

Няўжо нельга было вырашыць пытанне на месцы? Знайсці кампраміс паміж новым уласнікам, дзяржаўнай уладай і грамадзянамі? Мы прывыклі казаць: маўляў, не працуе дырэктыва № 2, законы… Насамрэч, не нарматыўныя акты прымаюць рашэнне, а чалавек. Не нарматыўныя акты павінны прымусіць працаваць, а ўлада на месцах — ператвараць іх нормы ў жыццё. Тады і давер да яе будзе, і пытанні пачнуць вырашацца. Але часта атрымліваецца, што найпрасцей забараніць, чым чула паставіцца да сваіх жыхароў і стварыць для іх умовы…

Вікторыя Вінаградава.

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.