Вы тут

Куды ідуць грошы нябожчыка?


Нарэшце я сабрала з розных крыніц ахвяраванні за месяц, пералічыла і размеркавала дабрачынныя грошы (на гэта патрабуецца не адзін дзень). Іду ў банк папаўняць рахункі падапечных «Клуба 5000», анкахворых дзяцей. Паўгадзіны я чакаю ў чарзе, яшчэ гадзіну стаю каля касы — рахункаў шмат. На выхадзе з банка атрымліваю навіну: некалькі гадзін таму не стала Сяргея, якому я толькі што паклала суму на лячэнне.

Без имени-10

Размяркоўваць ахвяраванні заўсёды складана і адказна. Я вагаюся кожны раз, калі раблю гэта. Шмат разоў пераправяраю бягучую сітуацыю кожнага падапечнага, часам перадумваю і лішнюю капейку забіраю ў аднаго, каб пакласці ў стос банкнот, адрасаваных іншаму. І, бывае, памыляюся. Як у гэты раз.

Людзі ахвяруюць грошы і думаюць, што іх унёсак абавязкова каго-небудзь выратуе. Ім трэба ведаць, што яны дапамаглі. Шмат хто просіць размоў, патрабуе справаздачы. Я сустракаюся з кожным, каму патрэбны падрабязнасці. Расказваю, тлумачу, адказваю на пытанні.

«А што, калі дзіця ўсё ж памірае? Куды ідуць грошы нябожчыка?» — аднойчы спытаў у мяне Дзмітрый, які перадаў немалую суму на дабрачыннасць.

Тады ў мяне не было адказу. Па сутнасці, няма і цяпер. Адказы могуць быць рознымі і залежыць ад мноства фактараў.

У нас ужо была такая сітуацыя, як сёння з Сяргеем. Я адрывала ад кожнага з падапечных па кавалачку, каб большую суму пакласці на рахунак маленькай Дамінічкі. У яе тэрмінова вырашалася пытанне з лячэннем, часу было мала. А праз пару гадзін пасля папаўнення дабрачыннага рахунку, я даведалася, што Дамінікі не стала. Яе маці, зламаная горам, знайшла ў сабе сілы, каб не затрымліваць грошы, схадзіла ў банк і пералічыла іх іншым дзецям. Думаю, гэта залічылася Дамінічцы ТАМ.

Памятаю, як адна маці раздрукавала вялізны плакат з партрэтам дачкі Насці, зроблены, калі тая была яшчэ здаровай, і павесіла над ложкам у рэанімацыі. Няхай усе глядзяць, якой яна павінна быць і да чаго трэба імкнуцца. Медперсанал перашэптваўся: такі плакат нятанна каштуе — і гэта ў той час, калі сям'я Насці развяла буйную кампанію па зборы грошай на замежнае лячэнне.

Была іншая маці, якая таксама змагла прыцягнуць увагу грамадства да свайго хворага сына. Шмат людзей штодня пералічвала грошы, каб адправіць Андрэя на лячэнне за мяжу. Маці, якая прыехала ў бальніцу ў адзіным старамодным халаце, пачала часта адлучацца на шопінг, з'яўлялася ў абноўках, ладзіла шашлыкі ў лесе каля клінікі. А пасля набыла машыну. Казала, што дзеля Андрэя.

Памятаю, як да «Клуба 5000» звярнулася маці ўкраінскага хлопчыка Дзяніса. Яны лячыліся ў Беларусі платна, і грошай катастрафічна не хапала. Мы сабралі добрую суму і пералічылі на яго рахунак тысячу долараў, астатнім падапечным — па сто. Дзяніса ў хуткім часе выпісалі, бо лячэнне не давала вынікаў. Па інтэрнэце мы сачылі за навінамі пра яго. Праз інтэрнэт даведаліся, што хлопчыка не стала. І ў інтэрнэце ж прачыталі, што на сабраныя ахвяраванні бацькі набылі новую кватэру і пераехалі ў іншы горад. Бо ў старым усё ім нагадвала пра сына. Я добра памятаю, як напісалі валанцёры: «Мы не падзяляем іх поглядаў адносна распараджэння грашыма, але не бяромся асуджаць».

Андрэя так і не павезлі на лячэнне за мяжу. Медыцына яго не ўратавала. А маці наладзіла сваё асабістае жыццё падчас пікнікоў за бальніцай. І на ахвяраванні, што яшчэ засталіся пасля пакупкі машыны, у хуткім часе згуляла вяселле. З гасцямі, лімузінамі, белай сукенкай і вэлюмам — усё, як мае быць.

Насця правяла шмат часу ў коме пад сваім жыццесцвярджальным партрэтам. Яна яшчэ доўга залечвала пролежні, калі апрытомнела, вучылася хадзіць нанова. Сабраныя грошы патрацілі на доўгую і патрэбную рэабілітацыю ў Ізраілі. Яна амаль страціла слых, так і не распрацавала дробную маторыку. Але ўладкавалася на прыстойную працу, знайшла творчае хобі і выйшла замуж. Магчыма, дзякуючы таму партрэту, які дарыў надзею маці, надаваў імпэту ўрачам і невядомым чынам падтрымліваў саму Насцю.

Я кожны раз баюся памыліцца, калі размяркоўваю дапамогу падапечным. Вагаюся нават у тых выпадках, калі перадаюць абутак, а ў нас ёсць двое падапечных з такім памерам. Каму больш падыдуць туфлі? Хто будзе насіць, а ў каго будуць прастойваць? Для каго найбольш актуальна, а хто даносіць старыя? Я баюся падвесці тых, хто ахвяруе дапамогу, і тых, ад каго адымаю, каб даць іншым.

Але мы не ў сілах прадбачыць. Мы не можам загадзя ведаць, дапамогуць нашы намаганні і ахвяраванні ці пойдуць не па прызначэнні. Не можам ведаць, якім будзе гэта «непрызначэнне»: новай кватэрай, машынай, вяселлем, плакатам ці дапамогай іншым дзецям. Ды і не адказваем мы за гэта. Вырашылі дапамагчы — смела дапамагайце. Ахвяруйце і адпусціце: грошы ўжо не вашы. А далей дазвольце распараджацца імі таму, да каго яны трапілі. Мы часам не падзяляем іх поглядаў, але не бяромся асуджаць. Няхай зробяць так, як падкажа сумленне. Ім залічыцца. І вам таксама.

Таццяна НЕМЧАНІНАВА,

кіраўнік дабрачыннага руху «Клуб 5000»

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.