Вы тут

Заслона ад агрэсараў


25 лістапада ва ўсім свеце адзначаўся Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю насілля ў дачыненні да жанчын, а ў Беларусі, як і ў шэрагу іншых краін, у чарговы раз стартавала міжнародная кампанія «16 актыўных дзён супраць насілля ў дачыненні да жанчын».

27-5

У гэтыя дні, як паведаміў кіраўнік упраўлення прафілактыкі Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Алег КАРАЗЕЙ, супрацоўнікі праваахоўных органаў узмоцняць кантроль за асобамі, якія ўжо былі заўважаны ў праявах дамашняга насілля, а таксама правядуць прафілактычныя размовы з яго патэнцыйнымі ахвярамі, расказаўшы пра існуючыя прававыя нормы, тэлефоны даверу і спецыялістаў з розных арганізацый і ведамстваў, якія могуць аказаць дапамогу пацярпелым.

У аўторак жа ў 29 беларускіх гарадах распачалася сумесная акцыя Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) і Дзяржаўтаінспекцыі «Кампанія белай стужкі». Валанцёры выйшлі на дзяжурства разам з патрульнымі і супрацоўнікамі тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і ўручалі вадзіцелям-мужчынам святлоадбівальныя элементы з лагатыпам кампаніі, інфармацыйныя матэрыялы і сімвалічныя белыя стужкі. Чалавек, прыняўшы такую стужку, абяцае ніколі не здзяйсняць сам, а таксама не замоўчваць факты насілля ў дачыненні да жанчын і дзяўчат.

Акрамя таго, расказала каардынатар сеткі некамерцыйных арганізацый па папярэджанні дамашняга насілля Вольга ЯНЧУК, з 25 лістапада па 10 снежня ў рэгіёнах пройдзе больш за 50 мерапрыемстваў, скіраваных супраць гендарнага насілля: сустрэчы з бацькамі і педагогамі ў дашкольных, школьных і вышэйшых навучальных установах, інфармацыйна-прафілактычныя семінары ва ўстановах адукацыі, культуры, аховы здароўя, трэнінгі для спецыялістаў розных ведамстваў і г.д.

— 19 грамадскіх арганізацый, якія ўваходзяць у нашу структуру, ужо больш за два гады не толькі аказваюць прамую дапамогу пацярпелым ад насілля ў сям'і, але і лабіруюць распрацоўку асобнага заканадаўства ў гэтай галіне, — расказала Вольга Янчук.

Распрацоўка адпаведнага законапраекта — а такія, дарэчы, дзейнічаюць у больш як 100 краінах свету — ужо ўключана ў планы Міністэрства ўнутраных спраў на наступны год. Але пра канкрэтныя тэрміны яго з'яўлення, папярэджваюць спецыялісты, гаварыць пакуль што рана: занадта гэта маштабная і тонкая работа, трэба прадугледзець усе магчымыя нюансы правапарушэнняў і віды адказнасці.

Зрэшты, і сёння станоўчыя зрухі ў гэтай сферы ёсць. Нягледзячы на трывожную статыстыку (сёлета за 10 месяцаў зафіксавана амаль 37 тысяч адміністрацыйных правапарушэнняў у сямейна-бытавой сферы — гэта больш, чым за ўвесь мінулы год), супрацоўнікі міліцыі сцвярджаюць, што гэта не рост колькасці сямейных дэбашыраў і агрэсараў, а лепшае іх выяўленне. Ды і меры ўздзеяння на іх дзякуючы змяненням, унесеным у Закон «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў», сталі больш адчувальнымі. Напрыклад, усё больш актыўна па просьбах ахвяр дамашняга насілля прымяняецца да агрэсараў абарончае прадпісанне — мера, якая можа ўстанавіць забарону на стасункі, наведванні, высвятленне месцазнаходжання пацярпелага, і нават абавязаць агрэсара пакінуць агульнае жылое памяшканне на тэрмін да 30 сутак. «Найбольш актыўна гэту норму прымянялі ў Брэсцкай, Мінскай і Магілёўскай абласцях. На сёння зарэгістравана 119 выпадкаў вынясення абарончага прадпісання, — адзначае Алег Каразей, — у тым ліку 85 абавязваюць асобу, якая здзейсніла насілле, часова пакінуць агульнае жылое памяшканне. Таксама сёлета вынесена каля 7 тысяч афіцыйных папярэджанняў агрэсарам, а яшчэ 1,5 тысячы сямейных дэбашыраў пастаўлены на прафілактычны ўлік».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Мовай лічбаў

• Сёлета ў Беларусі зарэгістраваны 103 забойствы і 205 наўмысных прычыненняў цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Кожнае трэцяе з іх здзейснена ў дачыненні да блізкіх.

• З пачатку работы ў 2012 годзе агульнанацыянальная «гарачая лінія» для пацярпелых ад дамашняга насілля 8-801-100-8-801 прыняла больш за 5600 званкоў. 82% зваротаў — ад пацярпелых, прычым у 95% выпадкаў гэта жанчыны.

• Таксама ў 2012 годзе для больш шырокага інфармавання грамадзян аб праблеме дамашняга насілля быў запушчаны абноўлены сайт www.ostanovіnasіlіe.org. Агульная колькасць яго наведвальнікаў за гэты час перавысіла 33,5 тысячы чалавек.

• Толькі ў Мінску ў гарадскім цэнтры сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей знаходзяцца на ўліку прыкладна 10 тысяч сем'яў, якія звярталіся па псіхалагічную дапамогу.

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.