Вы тут

І ў чым жа іх віна?


Бацькі дзяцей-інвалідаў не павінны замыкацца ў сваіх праблемах

У Мінску прайшоў спецыяльны курс па развіцці патэнцыялу сям'і, якая выхоўвае дзіця з інваліднасцю. Арганізатарамі гэтага мерапрыемства выступілі Прадстаўніцтва Міжнароднага дзіцячага фонду ў Беларусі і міжнароднае дабрачыннае грамадскае аб'яднанне «Дзеці. Аўтызм. Бацькі».

— У мяне ў самой дзіця з інваліднасцю, — прызнаецца кіраўнік праекта, актывіст міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб'яднання «Дзеці. Аўтызм. Бацькі» Іна БЕЛАВУСАВА. — Мы з мужам звярнулі ўвагу на тое, наколькі стаўленне грамадства да маці, у якой нарадзілася дзіця з інваліднасцю, адрозніваецца ад стаўлення да бацькі. Бацьку заўсёды хваляць: маўляў, малайчына, што не пакінуў жанчыну ў цяжкія часы. А калі ён яшчэ і дзіця ў садок возіць, то ўсё — амаль герой.

У дачыненні да жанчыны ўсё па-іншаму. Па-першае, негалосна лічыцца, што жанчына вінавата ў тым, што нарадзіла хворае дзіця. Такое стаўленне «транслюецца» і ад блізкіх, і ад сяброў, і ад медыкаў і іншых спецыялістаў. Такім чынам на маці пастаянна аказваецца ціск. Калі жанчына пачынае займацца нейкай грамадскай дзейнасцю ці падпрацоўваць, ды ўвогуле стараецца не замыкацца ў чатырох сценах, то аказваецца ціск іншага кшталту, маўляў, у цябе ж дзіця з інваліднасцю, табе трэба без перапынку выконваць бацькоўскія і гаспадарчыя абавязкі! Я гэта ўсё адчула на сабе. Таксама ведаю, што ў многіх жанчын не хапае ўнутраных сіл і слоў, каб адстойваць сваю пазіцыю і права на актыўнае жыццё.

Такія стэрэатыпы часта з'яўляюцца прычынай шматлікіх цяжкасцяў, якія адчуваюць бацькі дзяцей з асаблівасцямі. У выніку ўдзел жанчыны ў сферах жыцця, не звязаных непасрэдна з патрэбамі дзіцяці-інваліда, мінімальны. Выкананне такой вузкай ролі на працягу многіх гадоў уздзейнічае разбуральна не толькі на маці, але і на ўсю яе сям'ю.

— Выхаванне хворага дзіцяці звычайна кладзецца на плечы маці, — гаворыць удзельніца курса Людміла. — З таго часу як я нарадзіла, так і не выйшла на працу. Спачатку дзіця было малое, потым выявіліся праблемы і мне прыйшлося аформіць водпуск па доглядзе дзіцяці-інваліда. Аказалася, што маё асабістае жыццё ўвогуле не значыць нічога. А некалі я была паспяховым чалавекам: выкладала ў Гродзенскім універсітэце, пісала вершы, друкавалася... Калі жанчына даведваецца, што яе дзіця-інвалід, яна атрымлівае вялікі стрэс, з якога вельмі цяжка выбрацца: губляюцца мары, надзеі... Пачынаеш бачыць толькі праблемы свайго дзіцяці. Гэта вымотвае да такой ступені, што на сябе проста не хапае часу і сіл. У той жа час мужчыны зарабляюць грошы і могуць дазволіць сабе адхіліцца ад гэтай праблемы. Яны ідуць на працу і забываюць пра яе на восем гадзін. Я не хачу сказаць, што мой муж мне не дапамагае. Проста часцей за ўсё нагрузка па доглядзе дзіцяці — на мне.

Падобныя курсы неабходныя, лічаць іх удзельнікі. Тут можна пазнаёміцца з людзьмі, у якіх такія ж праблемы, і гэтыя людзі могуць падказаць, як яны вырашалі тую ці іншую праблему. Пачынаеш нешта рабіць, вызваляешся ад «шкарлупіны», і якасць жыцця, мікраклімат у сям'і паляпшаюцца.

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.