Вы тут

«Не прасіце зніжак, а ўносьце прапановы!»


Моладзь абмеркавала стратэгію развіцця беларускай сталіцы

У рамках агульнарэспубліканскага праекта ГА «БРСМ» «Адкрыты дыялог «Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня» прайшла завяршаючая сустрэча актыву са старшынёй Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Андрэем ШОРЦАМ. Удзельнікі мерапрыемства — навучэнцы школ і гімназій, студэнты ВНУ, супрацоўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, члены Маладзёжнай палаты пры Мінскім гарадскім Савеце дэпутатаў — задалі мэру хвалюючыя іх пытанні.

27-54

Навучыць адказнасці за свае двары

Ці магчыма зрабіць іх больш утульнымі? Старшыня Мінгарвыканкама заўважыў, што ў гэтым пытанні вельмі важная матывацыя грамадзян. «Неабходна трымаць баланс сродкаў, бо мінімальнае абсталяванне для двара можа даць дзяржава, а калі грамадзяне хочуць большага, ім трэба ўкладваць уласныя фінансы, — адзначыў Андрэй Шорац. — Гэта навучыць людзей па-іншаму ставіцца да двара, берагчы маёмасць. У нас ёсць пазітыўны прыклад: суботнікі носяць ужо народны, а не прымусовы характар» .

На думку мэра, трэба шмат папрацаваць і ў галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі. «Неабходна пазбаўляцца ад стэрэатыпу, што супрацоўнік ЖКГ — персанаж з вядомай савецкай кінастужкі «Афоня», — падкрэсліў старшыня Мінгарвыканкама. — Цяпер востра адчуваецца недахоп добрых кадраў у гэтай сферы. Хаўс-майстры (спецыялісты, якія працуюць комплексна як электрыкі, сантэхнікі, цесляры. — Аўт.) павінны быць замацаваныя за канкрэтнымі дамамі. Тады ў іх з'явіцца ўсведамленне, што лепш зрабіць сваю працу якасна — раз і назаўсёды, а не спіхваць недаробленае на калег. Такое рашэнне прывядзе да большай адказнасці работнікаў».

Месцам для творчасці — быць

Сталічнай моладзі не хапае цікавых пляцовак кшталту пешаходнай вуліцы Карла Маркса, дзе летам ладзіліся канцэрты і выступленні. «У кожнага горада павінна быць «разынка», і калі людзі ўспрымаюць гэтыя праекты, чаму б іх не аднавіць?» — пракаментаваў Андрэй Шорац. Ён выказаў спадзяванне, што вуліцу Карла Маркса зробяць пешаходнай, а ў дадатак у Мінску з'явіцца яшчэ адна такая, якая стане цэнтрам адпачынку для мінчан.

Дыскусію выклікалі пытанні аб прадастаўленні спецыяльных месцаў для аматараў графіці і пляцовак для скейтараў. Мэр з прыхільнасцю падтрымаў ініцыятыву, але з адной умовай: «Нам важны ўдзел самой моладзі. Горад можа прафінансаваць гэтыя праекты, але знайсці месцы, даглядаць іх павінны вы».

Студэнты пацікавіліся, як выкарыстоўваюцца сталічныя гасцініцы, пабудаваныя да чэмпіянату свету па хакеі, ці не пустуюць яны? «Сёння ў Мінску налічваецца 18 гасцініц, і ўсе яны запоўнены напалову, — адзначыў Андрэй Шорац. — У гэтым бізнесе бралі ўдзел інвестары, якія не будавалі б гасцініцы, калі б не бачылі ўласнай выгады». Спікер неаднаразова адзначаў, што Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт адкрыты да супрацоўніцтва з прыватным бізнесам.

Падтрымка будзе
пад канкрэтныя
справы

Даволі шмат пытанняў падчас «Адкрытага дыялогу» было прысвечана зніжкам і льготам для студэнтаў. Многія з іх скардзяцца, што амаль палову стыпендыі аддаюць на месячны праязны на тры віды транспарту. Іншым не хапае грошай на кнігі. А камусьці хочацца плаціць менш за наведванне спартыўных аб'ектаў — басейна альбо Лядовага палаца. На гэтыя заявы Андрэй Шорац выказаўся вельмі канкрэтна: «Я не прыхільнік зніжак ды льгот. Дзяржава павінна даць чалавеку магчымасць зарабіць на тое, што яму патрэбна. Калі мы зрабілі бясплатны праезд для мінскіх студэнтаў, гэта выклікала негатыўную рэакцыю ў іншых абласных гарадах».

Тым не менш суразмоўца паабяцаў разгледзець некаторыя прапановы па прадастаўленні зніжак студэнтам. Ён адзначыў і новы кірунак у гэтым плане — ільготы для лячэння бясплодных сем'яў.

Студэнты прапанавалі сваю дапамогу пры будаўніцтве трэцяй лініі метро і выказаліся за стварэнне маладзёжнага цэнтра для сустрэч. У сваю чаргу, выступоўца падкрэсліў, што ён адкрыты да дыялогу і будзе супрацоўнічаць з моладдзю па розных пытаннях. «Зразумейце, кадры вырашаюць усё, — падсумаваў сустрэчу Андрэй Шорац. — Чакаю вашых канкрэтных прапаноў, за дзяржавай будзе фінансаванне».

Падобныя сустрэчы плануецца праводзіць пастаянна, што дазволіць кіраўніцтву горада эфектыўна ўзаемадзейнічаць з моладдзю. Практыка добрая, улічваючы, што наперадзе — Год моладзі.

Кацярына РАДЗЮК

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.