Вы тут

Успомніць усё


«Кажуць, дзеці цяпер пайшлі надта разумныя: у камп'ютарах разбіраюцца з маленства, на тэлефоны самі гульні і песні запампоўваюць. Але ж яны элементарных рэчаў не разумеюць! Я свайму дзяленне ў слупок ужо і так, і гэтак тлумачыла — глядзіць на мяне, як на новыя вароты, ківае, а сам рашыць не можа...». Гэтую поўную абурэння прамову я пачула нядаўна ад знаёмай — прадстаўніцы майго пакалення, каму сёння паміж 30 і 40.

Пачула... і не стрымала ўсмешкі. Бо некалі, гадоў «-ццаць» таму, мы жылі ў суседніх дварах і гулялі на адной пляцоўцы. І я вельмі добра памятаю, што гэтай жанчыне, якая тады была задзірлівай і непаседлівай дзяўчынкай, таксама куды больш падабалася гуляць у хованкі і «казакоў-разбойнікаў», чым займацца матэматыкай. І нават праз гады «чую», як маці сарамаціць яе праз расчыненае акно: «Наташа, што такое?! Чаму ўрокі не зроблены, а ты гуляць збегла? Ану, хутка дадому! Я больш у школу чырванець перад настаўніцай не пайду!»

Чамусьці вельмі многія дарослыя забываюцца на тое, якімі самі былі ў дзяцінстве. І потым шчыра здзіўляюцца, калі бацькі ці старэйшыя сваякі распавядаюць гісторыі кшталту: «А памятаеш, як вы з суседскім хлапчуком у пад'ездзе кітайскія пістоны падпалілі, а яны задымілі тры паверхі і мы ледзь пажарных не выклікалі?» Або калі знаходзяць у сямейных фотаальбомах даўнія фота саміх сябе ў сітуацыях, пра якія лепш бы не ўспамінаць. Вырастаючы, мы часта, падсвядома ці наўмысна, падманваем саміх сябе, выкрэсліваючы ўласныя негатыўныя якасці і перабольшваючы станоўчыя. А потым, бы ў люстэрку, бачым тыя самыя рысы ва ўласных дзецях і ўсклікаем: «У каго ж ты такі?!» — ігнаруючы бабуліну згадку, што малы — копія цябе ў дзяцінстве.

Я не заклікаю, безумоўна, у любых выпадках рабіць з дзяцей чыстых анёлаў, апраўдваць і дараваць ім усё. Але, перш чым настойліва пхаць у плаксівую дачку міску грэчкі, пагражаючы ёй у выпадку адмовы пазбаўленнем мульцікаў ды іншых даброт, можа, варта спыніцца на хвілінку і ўзгадаць, што тую самую кашу вы ў дзяцінстве крадком, пакуль мама не бачыць, змывалі ва ўнітаз? А да таго, як чытаць сыну маралі: «Мужчыны не плачуць, цярпі, здаць кроў з пальца — гэта зусім не балюча», — варта сесці разам з бацькамі ды ўспомніць уласныя «канцэрты» ў паліклініцы? (Напісала і зразумела раптам, што за два-тры выбрыкі, здзейсненыя ў маленстве і падлеткавым узросце, мне, па шчырасці, дагэтуль сорамна перад мамай... Ці мне пасля гэтага незадаволена прыкрыкваць на дачку, калі яна занадта доўга корпаецца, збіраючыся ў садок?)

Ёсць добрае жартаўлівае выслоўе, скіраванае да бабуль і дзядуляў: «Любіце ўнукаў, яны адпомсцяць за вас вашым дзецям». Прыгадвайце яго, калі ласка, часцей, калі сварыцеся на нашчадкаў — і, магчыма, вялікая сварка ператворыцца ў маленькае непаразуменне, не вартае вашых нерваў і дзіцячых слёз.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.