Вы тут

ПРЫГОДЫ ЖАБКІ, РАПУШКІ І ІНШАПЛАНЕЦЯНІНА


Аднойчы Жабка і Рапушка разам глядзелі на сонца. Жабка сказала:

— Якая вялізная планета!

— Не планета, а зорка! — паправіла яе Рапушка.

— Не зорка, а планета! — запярэчыла Жабка.

— А ў кнігах жа напісана, што зорка, — сказала Рапушка.

— У кнігах усё няпраўда пра космас, — не здавалася Жабка.

— Ну добра, заўтра сустрэнемся ў мяне, — прапанавала Рапушка.

І вось надышоў ранак, Жабка прыйшла да Рапушкі а дзясятай гадзіне. Яны надумалі паляцець у космас. Зрабілі ракету, узялі з сабою ежу, ваду, балоны з кіслародам, цацкі, кніжку пра космас, апранулі скафандры.

Калі падарожнікі прыляцелі на Венеру, да іх падышоў іншапланецянін.

— Мяне клічуць Крышталік. Я хачу з вамі сябраваць, — сказаў ён.

— Добра, — пагадзіліся Жабка і Рапушка.

— Ты тут адзін жывеш? — запыталася Рапушка.

— Не, проста мае сябры і бацькі паляцелі на Нептун змагацца з нашымі ворагамі.

— Ці не хочаш ты паляцець з намі шукаць прыгод? — пацікавілася Жабка.

— А пасля далучымся да тваіх бацькоў і сяброў, — дадала Рапушка.

— Дамовіліся, — пагадзіўся іншапланецянін.

Яны пайшлі ў ракету.

— Вой, а што гэта такое мяккае? — пацікавіўся іншапланецянін, пабачыўшы мяккія цацкі.

— Гэта цацкі.

— У нас таксама ёсць цацкі, толькі цвёрдыя. Шкада, што няма такіх мяккіх.

— Не бядуй, мы табе таксама падорым, — сказала Рапушка.

— А я ведаю, што гэта, — падышоўшы да кніжкі, прамовіў іншапланецянін.

— І што? — запыталася Жабка.

— Гэта кнігі. Праўда, у нас толькі каменныя ёсць.

— Як жа вы іх можаце насіць? — здзівілася Рапушка.

— Мы робім у камяні вялізную круглую адтуліну. Тады мы бяром прыстасаванне, якое называецца лайвам. Яно таўчэ кніжку, а кніжка тым часам падае ў адтуліну. Потым, калі мы хочам пачытаць, бяром прыстасаванне — яно называецца стамілан. Да яго проста прыліпаюць гэтыя кавалачкі кніг і ўтвараецца кніжка, якую можна пачытаць, але перагарнуць на іншую старонку проста так не атрымаецца. Мы бяром прыстасаванне пад назваю ляміт, там ёсць магніцік, які мы тузаем перад кніжкаю. У нас, як вядома, няма ветру, але калі гэты магніцік тузаецца, дык кніжка гартаецца так хутка, што немагчыма заўважыць, калі не браць прыладу, якая называецца урам. Яна вельмі хутка занатоўвае, а потым, калі нехта захоча паглядзець, ён чапляе на нос акуляры, якія ахоўваюць вочы ад моцнага напружання.

Пасля іншапланецянін запытаў:

— А што гэта ў вас за кніжкі, у якіх ляжаць кольцы Сатурна?

— Гэта не кніжкі і не кольцы Сатурна, — сказала Жабка.

— А што ж гэта?

— Гэта — кружэлка, — пачала апавядаць Рапушка. — Кружэлка, як ты бачыш, вельмі падобная да кольцаў Сатурна. Яе трэба ўстаўляць у камп'ютар.

— Няўжо існуе нешта пад гэткаю назваю: камп'ютар?

— Камп'ютар, — сказала Рапушка, — гэта прамавугольнік, але незвычайны: там можна пагуляць у нешта цікавае, занатоўваць казкі, глядзець фотаздымкі і мульцікі. Трэба проста ўставіць кружэлку.

Жабка паказала:

— Глядзі!

Яна націснула на кнопку, і раптам адтуль вылез квадрат, на якім была круглая дзірка. Жабка ўстанавіла кружэлку на круглую дзірку ізноў націснула на кнопку. І раптам іншапланецянін пабачыў на экране нейкія стварэнні, якія весела бегалі і нешта казалі.

— Хто гэта? — запытаўся тутэйшы жыхар.

— Гэта героі, — сказала Жабка. І раптам Рапушка заўважыла, што за іх ракетаю плыве вялізная рыбіна.

— Хутчэй, трэба ўцякаць! — закрычала Рапушка.

Яна адразу схапілася за штурвал ракеты, і іх вельмі моцна тузанула. І тут яны пабачылі, што гэта касмічны кіт. Ён падплыў бліжэй, іх ракета села яму на фантан, і яны ўзняліся высока-высока ў космас.

Альжбэта Малішэўская-Спрынчан,

7 гадоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.