Вы тут

Збіраецеся ў Турцыю — праверце пашпарт


З першага студзеня наступнага года ў Турцыі ўводзіцца новае патрабаванне. Так, пашпарты грамадзян Беларусі, якія маюць права на бязвізавае наведванне Турцыі на працягу 30 дзён, павінны быць сапраўдныя не менш як 90 дзён з моманту ўезду ў гэтую краіну. Такое паведамленне зрабіў Дзмітрый Мірончык, начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў падчас чарговага брыфінгу.

Другімі тэмамі, да якіх звярнуўся прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства, былі адносіны Беларусі з МАГАТЭ, беларуска-армянскія кансультацыі паміж міністэрствамі замежных спраў і пасяджэнне сумеснай беларуска-польскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве.

Кіраўніцтва МАГАТЭ наведае БелАЭС

У пачатку наступнага тыдня нашу краіну разам з дэлегацыяй наведае намеснік генеральнага дырэктара Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) Дэніс Флоры. Асноўнай мэтай візіту заяўлена абмеркаванне міжнароднага вопыту ў сферы забеспячэння ядзернай бяспекі, развіцця культуры ядзернай бяспекі. У склад дэлегацыі ўвойдуць прадстаўнікі кіраўніцтва органаў, якія рэгулююць ядзерную і радыяцыйную бяспеку, з Расіі, Францыі, ЗША, В'етнама, а таксама супрацоўнікі сакратарыята МАГАТЭ і Еўрапейскай камісіі. Прадугледжваецца, што ў рамках візіту Дэніс Флоры наведае пляцоўку будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі.

Нагадаем, некалькі дзён таму Уладзімір Макей, міністр замежных спраў нашай краіны, быў у Вене і сустракаўся там з кіраўніцвам МАГАТЭ. Падчас сустрэчы міністр падкрэсліў, што Беларусь нацэлена на канструктыўнае ўзаемадзеянне з агенцтвам. Таксама была пацверджана гатоўнасць нашай дзяржавы ў любы час прымаць місіі Агенцтва, у тым ліку на пляцоўцы будаўніцтва Беларускай АЭС.

Арменія стане бліжэй

Нядаўна ў Мінску прайшлі беларуска-армянскія кансультацыі паміж знешнепалітычнымі ведамствамі. Дыпламаты абмеркавалі задачы па далейшым развіцці беларуска-армянскіх адносін, у тым ліку перспектывы пашырэння гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і міжрэгіянальных сувязяў.

— Належная ўвага нададзена пытанню развіцця інтэграцыйных працэсаў з улікам будучага членства Арменіі ў Еўразійскім эканамічным саюзе, — адзначыў Дзмітрый Мірончык.

Польшча «далучыцца» да еўразійскай інтэграцыі?

У першыя дні наступнага месяца ў Варшаве пройдзе трэцяе пасяджэнне сумеснай беларуска-польскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве і Беларуска-польскі інвестыцыйны форум.

— Падчас перамоў будуць абмеркаваны перспектыўныя напрамкі пашырэння гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Польшчай, а таксама ўзаемадзеяння ў сферах транспарту, сельскай гаспадаркі, энергетыкі, спорту і турызму, аховы навакольнага асяроддзя, — паведаміў прэс-сакратар МЗС. — Важнай тэмай стане супрацоўніцтва ў галіне стандартызацыі, энергаэфектыўнасці, зняцця тэхнічных бар'ераў у гандлі з улікам функцыянавання Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы.

Надзея ЮШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.