Вы тут

Плячо сябра лепш не губляць


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў сваю пазіцыю адносна абмежавання паставак беларускай прадукцыі ў Расію

«Мяне сёння паводзіны расійскіх улад не проста здзіўляюць, а засмучаюць. Калі ў бліжэйшы час не будзе нармалізаваны гандаль паміж дзвюма краінамі, мы вымушаны будзем рэагаваць. Што гэта за паводзіны такія?!» — адзначыў беларускі лідар учора падчас сустрэчы з губернатарам Санкт-Пецярбурга Георгіем Палтаўчанкам, паведамляе БЕЛТА.

«У мяне ствараецца ўражанне, што на прыкладзе Беларусі чарговы раз, узяўшыся то за газавую трубу, то за нафтавую, а цяпер за харчовыя пытанні, хочуць паказаць камусьці або ўсяму свету, правучыць некага. Але мы ж не шчаняты, каб нас за каршэнь вадзіць, выбачайце за гэту грубасць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў заўважыў, што ў гэтай сітуацыі трэба сесці і дамовіцца.

«Гэта начыста адмятаецца з расійскага боку. Трэба было ўчора Сямашку сустрэцца з Дварковічам, каб намеціць нейкія шляхі. Але ў нас ёсць закон, мытныя пагадненні, мы заўтра пачынаем работу ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Якія могуць быць перашкоды ў пастаўках тавараў?!» — сказаў Прэзідэнт. Ён нагадаў: бакі дамовіліся, што павінна быць прамое бесперашкоднае перамяшчэнне тавараў, грузаў, рабочай сілы. «Калі вы лічыце, што мы нешта парушылі, мы ж без усякіх скандалаў можам разабрацца ў гэтым», — дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўзяў гэтыя пытанні на кантроль. «Тры месяцы мы на гэта не рэагавалі — бачу, што пытанні не вырашаюцца, — адзначыў Прэзідэнт. — Не трэба нас прэсінгаваць. Мы былі вам надзейнымі сябрамі і будзем. Але калі вы нас пачняце шчаміць, вы ведаеце, што я цярпець не буду».

«І потым, я не разумею: вы што, спецыяльна гэта робіце, каб узняць цэны ў Расійскай Федэрацыі? Мы ж пастаўляем вам прадукцыю па самых нізкіх цэнах. Але дэфіцыт тавараў, асабліва мясной прадукцыі на рынках Расіі, — гэта ж рост цэн. Навошта вы гэта робіце? Мне наогул гэта не зразумела», — адзначыў Прэзідэнт.

«Прытым нам кажуць адкрыта, што мы перапрацоўваем сыравіну, купляем штосьці на Захадзе. Але мы дамовіліся з Прэзідэнтам Расіі і з прэм'ерам, што гэта не ёсць парушэнне эмбарга, — прадоўжыў беларускі лідар. — Што граху таіць, — сёння, калі ў іх (на Захадзе. — Заўвага БЕЛТА) узніклі праблемы, асабліва ў суседзяў, яны гатовы па зніжаных цэнах гэтую сыравіну аддаваць. І дзякуй. $100 млн заробіць Беларусь на працягу года — гэта што, грошы? І гэта што, дрэнна?» Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусі трэба вяртаць крэдыты Расіі. «Пуцін кажа: вам ніхто не перашкаджае, перапрацоўвайце сыравіну, але прамога транзіту не павінна быць. Дайшлі да таго, што паставілі ў Манголію партыю тавару, а дзесьці ў Бураціі вярнулі тавар назад. Але гэта ж пастаўкі ў Манголію. Пастаўляюць у Казахстан. Расіяне: у нас насцярожанасць, што з Казахстана завязуць у Расію. Дык вы кантралюйце казахаў, каб яны не завезлі», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

«Калі хтосьці з вашых хоча пагрэць рукі на сітуацыі, узняць цану, то гэта не наша пазіцыя. Мы народы павінны абараняць. Сёння расіянам нялёгка, цэны ўзнімаюцца кожны дзень, — адзначыў Прэзідэнт. — У Новасібірску ўзнікла праблема з грэчкай. Ёсць у нас магчымасць — 120 тон у Новасібірск імгненна адправім. Мы стараемся вырашаць вашы праблемы, а вы пачынаеце нас душыць. Нельга так рабіць».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь стараецца дапамагчы збіць цану на тавары ў Расіі, прапануючы больш танную беларускую прадукцыю. Ён параіў расійскаму боку разабрацца «з розным жуллём, якое на гэтым жыруе, з гандлярамі і іншымі».

«Нам трэба ўстараняць усялякія бар'еры. Сяброў у нас у свеце вы ведаеце колькі. І вы ведаеце, якая пазіцыя ў іншых дзяржаў. Таму давайце не губляць плячо адно аднаго», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Не трэба думаць, што Беларусь меншая, чым Расія, і яна ні на што не здольная. Мы вельмі нават многае можам. І мы ніколі не кідалі Расію. Не кінем і ў гэтай сітуацыі. Мы на гэтым сабе карысці шукаць не маем намеру. Гэта наша Расія, і мы яе будзем абараняць, як сваю тэрыторыю», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

***

Закранаючы тэму супрацоўніцтва Беларусі і Санкт-Пецярбурга, Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем адзначыў, што па выніках 2013 года таваразварот паміж нашай краінай і гэтым суб'ектам федэрацыі склаў $1,9 млрд. Сёлета плануецца выйсці на аб'ём гандлю $2 млрд. «Добра, што мы ад прамога гандлю перайшлі да стварэння сумесных праектаў, перш за ўсё ў сферы прамысловай кааперацыі. Гэта важны напрамак, і мы будзем яго падтрымліваць», — адзначыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што супрацоўніцтва Беларусі з Санкт-Пецярбургам можа быць узорам для іншых расійскіх рэгіёнаў. «Хацелася б, каб наша супрацоўніцтва было прыкладам для ўсёй Расіі — і ў будаўнічай сферы, і ў культуры, і ў ахове здароўя», — сказаў беларускі лідар.

 

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.