Вы тут

Урач, пацыент і камп'ютар


Ахова здароўя ва ўсім свеце становіцца электроннай — eHealth (прыстаўка «е» якраз гэта і сімвалізуе, Health з англійскай — здароўе). Больш за палову краін свету намагаюцца ў гэтым кірунку. Наша краіна не выключэнне. Абапіраюцца ўсе разам на методыку, прапанаваную Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя і Міжнародным саюзам электрасувязі. Што ж абяцае ўкараненне eHealth? Напрыклад, дыстанцыйнае ўзаемадзеянне ўрача і пацыента (TeleHealth) з дапамогай сацыяльных сетак, Skype, кішэнных камп'ютараў, інтэрнэт-планшэтаў. Словам, гэта фантастычныя магчымасці як для саміх медработнікаў, так і для нас, пацыентаў.

28-25

Эстонія зрабіла рывок

Цэнтральным элементам eHealth у многіх краінах Еўропы стала інтэграваная электронная медыцынская картка з інфармацыяй у выглядзе электронных медыцынскіх дакументаў. У ЗША адзіная інфармацыйная сістэма ў галіне аховы здароўя сёння робіць акцэнт на стварэнні электроннага пашпарта здароўя, інфармацыйнай інфраструктуры аховы здароўя, электронным абмене медыцынскімі звесткамі.

Бадай, самай прагрэсіўнай сярод еўрапейскіх стала сістэма eHealth Эстоніі. Тут стварылі Цэнтральную базу звестак здароўя, якая ўзаемадзейнічае з рознымі мабільнымі прыладамі і збірае інфармацыю пра жыхароў на аснове персанальных ІD. База ахоплівае ўсю краіну і рэгіструе гісторыі захворванняў «ад нараджэння да смерці». У яе можна добраахвотна аддаваць інфармацыю з мабільных прылад, такіх як пульсометр, крокамер і інш. Электронная медыцына для эстонцаў — гэта адразу чатыры паслугі: электронная гісторыя здароўя, электронная рэгістратура клінік, база рэнтген-здымкаў і электронны рэцэпт, які замяняе рэцэпт папяровы і абслугоўваецца ўсімі аптэкамі краіны. Летась у Расіі завяршыўся першы этап стварэння Адзінай дзяржаўнай інфармацыйнай сістэмы ў галіне аховы здароўя — тысячы лячэбных устаноў атрымалі абароненыя сеткі, доступ да інтэрнэту, аўтаматызаваныя працоўныя месцы. Былі створаны федэральныя сэрвісы (рэестр нарматыўна-даведачнай інфармацыі, электронная рэгістратура, сістэма вядзення інтэграванай электроннай медыцынскай карткі і г.д.).

У нас ёсць магчымасці для дыстанцыйнага кансультавання арганізацый аховы здароўя раённага і абласнога ўзроўню ў вядучых спецыялістаў абласных і рэспубліканскіх медарганізацый па рэнтгеналагічных, ультрагукавых і цыталагічных даследаваннях, а таксама па пытаннях пастаноўкі дыягназу пацыентам у складаных выпадках.

Камп'ютары ўжо ёсць

28-27

У нашай краіне ўсе ўстановы аховы здароўя ў той ці іншай ступені аснашчаны камп'ютарамі. Нават ФАПы і ўрачэбныя амбулаторыі. Іншая рэч, гэтай тэхнікай там могуць не карыстацца, бо... у гэтым не ўзнікла вострай патрэбы ў саміх пацыентаў. Што зробіш, не заказвае мясцовае насельніцтва талончык па інтэрнэце, не рвецца атрымаць кансультацыю па Skype... Зразумела, што інфарматызацыя найбольш актыўна развіваецца ў буйных гарадах, і ў першую чаргу — у сталіцы. У шэрагу рэспубліканскіх і абласных устаноў працуюць комплексныя медыцынскія аўтаматызаваныя сістэмы, якія ахопліваюць розныя падраздзяленні, пачынаючы з прыёму хворага ў стацыянары і заканчваючы яго выпіскай. Аўтаматызаваны працоўныя месцы ўрачоў ультрагукавой дыягностыкі, рэнтгенолага, эндаскапіста, урача агульнай практыкі і некаторых іншых. Ва ўстановах аховы здароўя Мінска завяршыўся этап аўтаматызацыі працэсу вядзення звестак (звесткі пашпарта, анамнез) аб пацыентах, атрымання і апрацоўкі неабходных статыстычных даных. Гэта стане асновай аўтаматызаванай электроннай медыцынскай карткі амбулаторнага пацыента і стацыянарнага хворага.

— Электронная ахова здароўя — гэта тая непазбежнасць, да якой мы крочым свядома і паступова, — кажа намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Беларусі Людміла ЖЫЛЕВІЧ. — Цяпер ідзе работа па фарміраванні электроннай амбулаторнай карткі, якая дазволіць розным спецыялістам атрымліваць усю неабходную інфармацыю. Доступ да такой інфармацыі ў любы час атрымае і сам пацыент. Гэта і будзе электронны пашпарт здароўя — з пазначэннем перанесеных захворванняў, зробленых даследаванняў і г.д. Далей неабходна забяспечыць сувязь усіх арганізацый аховы здароўя паміж сабой. Элементы гэтай сувязі сфарміраваны ў многіх рэгіёнах. Яшчэ мы гаворым пра тэлемедыцынскія тэхналогіі, якія робяць магчымымі кансультацыі ў аддаленым доступе. У нас ёсць магчымасці для дыстанцыйнага кансультавання арганізацый аховы здароўя раённага і абласнога ўзроўню ў вядучых спецыялістаў абласных і рэспубліканскіх медарганізацый па рэнтгеналагічных, ультрагукавых і цыталагічных даследаваннях, а таксама па пытаннях пастаноўкі дыягназу пацыентам у складаных выпадках. Адпрацаваная тэхналогія аддаленага кансультавання электракардыяграм. Падчас аднаго пілотнага праекта ўрачы агульнай практыкі Астравецкага раёна атрымалі магчымасць кансультацыі на ўзроўні прафесарска-выкладчыцкага складу Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Акрамя таго, урачы раёна атрымалі магчымасць дыстанцыйнага навучання падчас правядзення акадэміяй прафесійных семінараў.

Што за паслугі?

Якія важныя паслугі могуць прапаноўвацца ў электронным выглядзе? Выдача ліцэнзій (на ажыццяўленне медыцынскай і фармацэўтычнай дзейнасці); рэгістрацыя лекавых сродкаў; тэлемедыцынскія кансультацыі; запіс на прыём да ўрача; доступ пацыента да сваёй медыцынскай інфармацыі (вынікі аналізаў і даследаванняў, дыягназы і заключэнні ўрачоў, выпіскі з амбулаторнай карткі); нагадванне пацыенту аб чарговым дыспансерным аглядзе (праз асабістую старонку пацыента на інфармацыйным партале медустановы, па электроннай пошце, праз рассылку SMS-паведамленняў і інш.); выпіска электронных рэцэптаў.

Чаму інфарматызацыя прасоўваецца не так хутка, як хацелася б? У першую чаргу, з-за абмежаваных фінансавых магчымасцяў для набыцця вылічальнай тэхнікі і праграмнага забеспячэння, стварэння лакальных вылічальных сетак і іх падключэння да надзейных хуткасных каналаў сувязі, недахоп кадраў ІТ-спецыялістаў у арганізацыях аховы здароўя. Практычна не вырашаны пытанні інфармацыйнай бяспекі. Сёння ёсць толькі дзве інфармацыйныя сістэмы, якія атрымалі атэстат па інфармацыйнай бяспецы: інфармацыйная сістэма РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі і рэспубліканская інфармацыйна-аналітычная сістэма па медэкспертызе і рэабілітацыі інвалідаў Рэспублікі Беларусь.

— Кожная арганізацыя аховы здароўя мае свой план, праграму інфарматызацыі, — тлумачыць загадчык аддзялення Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра медыцынскіх тэхналогій, інфарматызацыі, упраўлення і эканомікі аховы здароўя Сямён ПАЛЯКОЎ. — У бліжэйшы час павінна цалкам завяршыцца інфарматызацыя першаснага звяна. З працоўнымі месцамі ўрачоў агульнай практыкі справа вырашана на 100 працэнтаў, чаго не скажаш аб працоўных месцах вузкіх спецыялістаў. На сёння медыцынскія інфармацыйныя сістэмы распрацаваны для ўсіх тыпаў устаноў — паліклінік, дыспансераў і г.д.

Трэба разумець, што кожнае аўтаматызаванае месца патрабуе свайго электроннага забеспячэння. Сотні камп'ютараў некаторых буйных клінік неабходна аб'яднаць у лакальную сетку з магутным серверам. Адна з самых важных задач — інтэграцыя медабсталявання ў інфармацыйную сістэму, аўтаматызаваная апрацоўка ўсіх даных на лакальным узроўні. Усё гэта вельмі цесна звязана ў цэлым з працэсам развіцця інфарматызацыі ў краіне.

Святлана БАРЫСЕНКА.

Мара, а не паліклініка

Галоўны ўрач 29-й гарадской паліклінікі г. Мінска Раіса ЗВАНЕЦ:

— Наша паліклініка абслугоўвае каля 36 тысяч чалавек. У нас аўтаматызавана працоўнае месца кожнага ўрача. Пачынаць, вядома, давялося з рэгістратуры, каб адразу вырашыць праблему размеркавання талонаў, нагрузкі на ўрачоў, фарміравання агульнай базы звестак аб пацыентах — хто ў нас ільготнік і г.д.

Сёння нават тыя спецыялісты, асабліва больш сталага ўзросту, якія казалі, што ніколі не сядуць за камп'ютар, чуць не жадаюць аб папяровых носьбітах, картках. Хоць мы ад апошніх не адмовіліся, бо ёсць яшчэ пакуль у іх вытворчая неабходнасць.

У нас ёсць цяпер электронны дзённік урача — пратакол агляду пацыента, электронная картка пацыента, куды трапляюць вынікі тых жа аналізаў. Ёсць і электронны рэцэпт, які пасля запаўнення раздрукоўваецца пацыенту. Выпіскі з карткі, кантроль за якасцю лячэння — усё гэта стала нашмат зручней.

Галоўны ўрач 34-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі Наталля ДЗЯРГАЧ:

— У нас ёсць Skype-кансультаванне па тых пытаннях, якія хвалююць пацыентаў, паводле вызначанага для ўрачоў графіка. Паліклініка праводзіць, напрыклад, скрынінг па раку малочнай залозы. Усе мамаграмы захоўваюцца ў электронным варыянце і ў нас, і ў гарадскім анкадыспансеры, куды мы накіроўваем дыягнастычныя звесткі. Па жаданні пацыентаў можам перадаць ім па электроннай пошце, напрыклад, вынікі аналізаў або інфармацыю аб здаровым ладзе жыцця, аб рэабілітацыйных мерапрыемствах.

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.