Вы тут

Птушка без выраю, або Папа Францішак мае рацыю


Сучасны Берлін — сапраўдны Вавілон нашага часу. Каго тут толькі ні сустрэнеш, якой мовы ні пачуеш. Маю на ўвазе не турыстычны цэнтр, дзе ля Брандэрбургскай брамы штодзень віруе натоўп цікаўных, а самыя што ні ёсць «спальныя» раёны. Нойкёльн, напрыклад. У доме, дзе жывуць мае сябры, — і туркі, і нігерыйцы, і шматдзетныя англічане, якім чамусьці даспадобы гэты шэры прамавугольны горад. І Лада з пяцігадовай дачкой...

Лада. Прыгожае імя, незвычайны феерычны лёс, які пасля доўгіх гадоў раскошы і прызнання закінуў у аднапакаёвую кватэру ў эмігранцкім раёне еўрапейскай сталіцы, дзе яна спрабуе выжыць на 300 еўра, што атрымлівае як беспрацоўная, ды на тыя 180, што плацяць на дачку... Мы з ёй пазнаёміліся, калі яна забегла да сяброўкі спытаць, як пячы піражкі (а дагэтуль заходзіла і пыталася, як згатаваць амлет і элементарны булён). Убачыўшы на маім твары, мякка кажучы, здзіўленне, яна вельмі проста сказала: «Вы не здзіўляйцеся, я да нядаўняга часу нават плітой карыстацца не ўмела»....

Дый навошта ёй была нейкая там кухонная пліта, калі і снедаць, і вячэраць яна магла ў найлепшых рэстаранах. Яшчэ гадоў дзесяць назад яе запрашалі выступаць «Ла Скала», Гранд-апера, Венская опера. У яе быў дзівосны, незвычайны голас — глыбокае аксамітнае кантральта. Яе музыкальныя здольнасці заўважылі яшчэ ў дзяцінстве на радзіме — у ціхім правінцыйным Ціраспалі. Дзяўчынка скончыла музычную школу, паступіла ў кансерваторыю ў Кішынёве. Але тут пачалася грамадзянская вайна, і іх сонечная краіна, усмешлівая і песенная, захлынулася ў крыві ўласных жыхароў. Бацькі засталіся ў непрызнаным Прыднястроўі, шанцаў зрабіць там кар'еру не было ніякіх, трэба было вырашаць пытанне з грамадзянствам... І яна, як і тысячы яе суайчыннікаў у сярэдзіне дзевяностых, падалася ў Еўропу — спачатку ў Румынію, пасля ў Італію.

На радзіме оперы яе цудоўны голас не мог застацца незаўважаным. Яна ўдасканаліла сваё навучанне ў Рыме, атрымала запрашэнне ад труп лепшых тэатраў. Жыццё рэзка пайшло ўгору — паездкі па ўсім свеце, сустрэчы з «зоркамі» і вядомымі палітыкамі, свецкія раўты, шыкоўныя гатэлі... Каханы мужчына — масквіч Мікалай, з якім пазнаёмілася падчас гастроляў, да якога імчала ў тую Маскву праз тысячы кіламетраў, як толькі з'яўлялася магчымасць.

Яна была, як пералётная птушка, не мела было ні свайго жытла, ні нават сталага грамадзянства. Пасля, пазнаёміўшыся на адным прыёме з уплывовым сербскім палітыкам, яна ўсё ж атрымала сербскі пашпарт, пра які без патрэбы нават і не згадвала. Яна была «грамадзянкай свету, свабоднай, як вецер», але ўжо дакладна ведала, дзе ўладкуе сваё прыстанішча — вядома ж, у Маскве, разам з каханым, у горадзе вялікіх магчымасцяў. Усе немалыя ганарары адкладваліся на ажыццяўленне гэтай мары, і праз колькі часу яны разам з Мікалаем ужо прыдзірліва разглядалі трохпакаёўку ў сталінскім доме на Цвярской.

Лада ўжо не памятае дакладна, колькі соцень тысяч еўра яна каштавала (а можа, проста блытаецца ў тых астранамічных лічбах, такіх далёкіх сёння ад яе рэальнага жыцця?) Але добра памятае, што тады кватэру прадавалі «танна», трэба было хутка яе браць. І тут усё ўперлася ў яе грамадзянства, бо афармляць пакупку як замежніцы — гэта значыла зацягнуць працэс і пераплаціць. На дапамогу прыйшоў Мікалай: усё ж, маўляў, проста: купім кватэру на маё імя, якая розніца, усё роўна ж будзем жыць разам, а потым перааформім на цябе, калі прапішашся і будзеш мець усе падставы для атрымання грамадзянства. Яна паверыла (як было не паверыць чалавеку, якога кахала, з якім разам была дзесяць гадоў). Кватэру купілі, аддаўшы амаль усе яе зберажэнні. А на тыя, што засталіся, яна купіла невялічкую — у адзін пакой — кватэрку на мансардным паверсе ў Берліне, каб мець магчымаць пабыць у адзіноце і адпачыць, вандруючы з гастролямі па Еўропе.

А далей усё пайшло як у дрэнным серыяле. Вярнуўшыся аднойчы з гастроляў у Амерыцы, яна ўбачыла, што замкі ў дзвярах кватэры зменены.  Мікалая і духу ў той кватэры ўжо не было — як паўнапраўны ўласнік ён яе прадаў і знік у невядомым напрамку. Калі ўлічыць суму, якую ён атрымаў ад продажу, з'ехаць ён мог куды заўгодна — хоць у Бразілію, хоць у Аўстралію....

Ад перажытага шоку Лада на некалькі месяцаў страціла голас, зашылася ў сваю берлінскую кватэрку, нікога не хацела ні бачыць, ні чуць. З навакольным светам зносіны мела толькі праз інтэрнэт. Там і сустрэлася з Марцінам, баварскім бізнесменам. Ён, аказваецца, быў на яе выступленнях, даўно хацеў пазнаёміцца. Сустрэчы віртуальныя хутка сталі рэальнымі, і ўжо праз колькі месяцаў ён прапанаваў ёй стаць гаспадыняй у прасторным утульным доме.

Жыццё зноў наладзілася: камфорт, надзейнасць, спакой. Вярнуўся голас, пра яе яшчэ не забыліся, таму прапановы не прымусілі сябе чакаць. А праз пару месяцаў яе Марцін... абанкруціўся. Не выцягнуў крэдыт, які ўзяў на няўдалую справу, і крэдыторы забралі ўсё — і дом, і машыны, і невялікае прадпрыемства. «Паедзь, пажыві ў Берліне, я тут буду спраўляцца адзін». Яна толькі паціснула плячыма — пасля Мікалая яе ніхто не мог уразіць ці пакрыўдзіць. Была любімая і прыбытковая праца, таму за сваю будучыню яна не баялася.

Калі даведалася, што цяжарная, аб працы ўжо не думала: ёй быў ужо сорак адзін, і дзіця яна ўспрыняла як найлепшы Божы падарунак. Нарадзіла цудоўную дачушку, якой тата-банкрут спачатку дапамагаў, а пасля, нацешыўшыся з новай ролі, і думаць забыўся. Падгадаваўшы малую, паспрабавала зноў выйсці на сцэну, але калі паездка на гастролі сарвалася з-за хваробы дачкі, яна трапіла да агентаў у спіс «ненадзейных», і тым самым паставіла на сваёй кар'еры крыж.

Цяпер ёй сорак шэсць, яна не мае ніякай працы. Прапаноўвалі на біржы месца музычнага кіраўніка ў дзіцячым садку, але яна, якая зрывала апладысменты ў лепшых залах свету, на гэта не пагадзілася. Яна не будзе мець права нават на мінімальную пенсію — у Германіі надзвычай строгая ў гэтым плане сістэма. Яна ні з кім не сябруе, амаль ні з кім не размаўляе, хіба з рускамоўнай суседкай, якая падказвае розныя бытавыя дробязі і раіць, дзе купіць таннейшыя прадукты. «Жыццё нібы бегла-бегла, а потым спынілася і застыла. І абсалютна нікому няма да гэтага справы», — сумна канстатуе яна.

...Днямі Папа Рымскі Францішак сваім выступленнем у Еўрапарламенце нарабіў шмат шуму і ў СМІ, і ў сеціве. Пантыфік назваў Еўропу «бабуляй», у якой самая распаўсюджаная хвароба — адзінота. Яна косіць найперш тых, хто прыехаў у Стары Свет шукаць лепшай долі. Зрэшты, нічога новага. Прынамсі, для саміх гэтых людзей, якія той дыягназ ужо паспелі зразумець і адчуць.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.