Вы тут

Выстава з пахам елкі


Магілёўскія «чараўніцы» падрыхтаваліся да Новага года. А вы?

28-30

Акунуцца ў таямнічую атмасферу зімовых свят можна, завітаўшы на выставу гарадской народнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Чараўніцы», якая адкрылася ў Магілёўскім музеі этнаграфіі. Ёлкі і дзяды-марозы, снягуркі і казачныя істоты, віншавальныя паштоўкі і шмат чаго іншага, арыгінальнага і крэатыўнага, можна тут пабачыць і ўзяць сабе на заметку. Асабліва гэта будзе карысна тым, каму надакучыла сустракаць Новы год па-даўнейшаму і душа шукае чагосьці незвычайнага. Ідэі тут проста лунаюць у паветры.

Ну чым не прыклад для пераймання — насценная ёлка? Для святочнага настрою дастаткова ўпрыгожыць кавалак тканіны рознымі пацеркамі, як гэта зрабіла аўтарка Ганна Лашкевіч. Атрымалася вельмі стыльна і практычна. І не спатрэбіцца даставаць з антрэсоляў банальнае штучнае дрэва. Нельга абыякава прайсці і міма аўтарскага таршэра з прышчэпленымі збоку навагоднімі валёнкамі.

— Мне вельмі падабаецца ствараць нешта незвычайнае, — кажа Ганна. — Рукадзелле — гэта стан маёй душы. Я нават у аўтобусе ці цягніку еду з вязаннем. Вяжу абрусы вялікія, пледы, шалі. Вось пачала біжутэрыяй займацца. Задумак шмат, а часу для іх рэалізацыі не хапае.

Такіх захопленых, як Ганна, у студыі «Чараўніцы» хапае. Яе кіраўнік Надзея Якімава вельмі ганарыцца тым, што ёй удалося расшыфраваць вясельны ручнік 1909 года і годна прадставіць на абласным фестывалі сямейнай творчасці «Сузор'е талентаў». Першы прыз студыі быў забяспечаны. А вось яе даніна сучасным відам творчасці — лялькі-тыльды. У некаторых з іх ёсць рэальныя прататыпы. Той жа клоўн Алег Папоў угадваецца ўжо па адной сваёй кепцы ў клетку.

Кожны аўтар — гэта цэлы свет, поўны розных гісторый і захапленняў. Саломка, тканіна, дрэва, кардонныя каробкі, нават бляшанкі з-пад кавы — усё ідзе ў работу. Людміла Атрошкіна выкарыстоўвае для сваіх скрыначак і ігольніц тое, што мы звычайна адпраўляем на сметнік. У яе ж атрымліваюцца вельмі карысныя і прыгожыя рэчы. Нават брат з Санкт-Пецярбурга заказвае ў яе вырабы на продаж. У паўночнай сталіцы вельмі карыстаюцца поспехам рэчы «пад даўніну». Тое, што яна прынесла для выставы, — толькі малая частка яе хатняй калекцыі. Асаблівы гонар — вялікі дыван (яго, на жаль, няма на выставе), які яна «выбівала» ніткамі і ўпрыгожвала кветкамі з меланжу аж 8 гадоў.

— У дарэвалюцыйнай Расіі часткай адукацыі любой маладой жанчыны, якая вучылася ў гімназіі, інстытуце высакародных дзяўчат, было вывучэнне розных відаў рукадзелля, — кажа загадчыца музея этнаграфіі Святлана Рыбакова. — Без гэтага ніякая адукацыя не магла лічыцца поўнай. Усе гэтыя навыкі навучэнкі атрымлівалі на вельмі высокім узроўні. Гаворка ідзе пра дамскае рукадзелле, сялянскае — гэта асобная тэма. Дык вось тое, што стваралася да рэвалюцыі — гэта асаблівы від мастацтва. Пры новай уладзе яму ўжо не надавалася такога значэння. Жанчыны ўспомнілі пра рукадзелле зноў ужо ў цяжкія пасляваенныя 50-я гады, калі не было ў што апрануцца і не хапала сродкаў упрыгожыць свой побыт. Пачалося павальнае захапленне вышыўкай па канве. Ствараліся пано, накідкі на канапы, дарожкі, сурвэткі ў тэхніцы рышэлье.

Адметна тое, што майстрыхі студыі «Чараўніцы» неаднаразова адзначаліся на розных узроўнях. Іх вырабы вядомыя і за межамі краіны. Дарэчы, яшчэ адной нагодай для выставы стала 20-годдзе студыі. Аўтары сабралі ўсё лепшае, што было імі створана за гэты час. Пра тое, што калектыў развіваецца і рухаецца наперад, сведчыць і чарговая ўзнагарода. На адкрыцці выставы намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Андрэй Кунцэвіч уручыў калектыву падзячны ліст і пажадаў далейшых поспехаў.

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.