Вы тут

Мабільны гід для вандроўніка


У беларуска-літоўскім памежжы ўкараняюцца інавацыйныя тэхналогіі азнаямлення з аб'ектамі гісторыка-культурнай спадчыны

Неўзабаве ў Гродне і суседнім Друскінінкаі (Літоўская Рэспубліка) да абслугоўвання турыстаў, ды і мясцовых жыхароў, якія цікавяцца аб'ектамі гісторыка-культурнай спадчыны гэтых рэгіёнаў, падключыцца так званы мабільны гід. Што ён сабой уяўляе і як гэтым інфармацыйным рэсурсам можна будзе карыстацца падчас вандровак? Пра гэта карэспандэнт «Звязды» даведаўся ў Друскінінкаі на заключнай канферэнцыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Прасоўванне турызму праз павышэнне інфармаванасці аб гісторыі і культуры рэгіёнаў» (№ LLB-2-137) па Праграме трансгранічнага супрацоўніцтва «Латвія — Літва — Беларусь» на 2007-2013 гады.
Для даведкі:
Партнёрамі ў гэтым праекце з літоўскага боку з'яўляюцца Балтыйскі інстытут аграбізнесу, адміністрацыя муніцыпалітэта Друскінінкая і Літоўская асацыяцыя сельскага турызму. З беларускага — аддзел адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама і Гродзенскае абласное аддзяленне грамадскага аб'яднання «Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз». Сярод мэт праекта — паляпшэнне турыстычнай прывабнасці памежных рэгіёнаў і павелічэнне колькасці турыстаў і адпачывальнікаў, працягласці іх знаходжання на гэтых тэрыторыях шляхам распрацоўкі новых маршрутаў для вандроўнікаў і стварэння інавацыйных мабільных сродкаў для распаўсюджвання інфармацыі аб гісторыка-культурных аб'ектах. Разлік на тое, што ўкараненне інавацый у маркетынгу і развіцці трансгранічнага турызму прынясе рэгіёнам дадатковую эканамічную выгаду.
Бадай, галоўнае дасягненне гэтага праекта — наладжванне чалавечых кантактаў паміж жыхарамі суседніх краін. На канферэнцыі ў Друскінінкаі яго ўдзельнікі з Літвы і Беларусі (работнікі турыстычнага бізнесу, гаспадары аграсядзіб, краязнаўцы, гісторыкі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый) віталіся ўжо як добрыя знаёмыя. За плячамі — сумесныя паездкі па рэгіёнах, знаёмства з цікавым вопытам, стварэнне і апрабоўванне новых трансгранічных маршрутаў, «круглыя сталы» па выпрацоўцы шляхоў узаемадзеяння ў сферы турызму. І не толькі. Калі падчас адной з паездак узнікла ідэя выдаць кнігу «Гісторыя Літвы» ў перакладзе на беларускую мову, то літаральна за некалькі месяцаў гэта было зроблена і выданне прэзентавалі ў Мінску.
І вось — мабільны гід для турыста. З яго магчымасцямі на канферэнцыі пазнаёміў эксперт па развіцці турызму Джугас ВАЙЧУНАС. Сутнасць гэтай інавацыйнай тэхналогіі ў тым, што асноўныя турыстычныя аб'екты ў беларуска-літоўскім памежжы (50 — у Друскінінкайскім рэгіёне і столькі ж — у Гродне і Гродзенскім раёне) аснашчаюцца сістэмай QR-кодаў. Кожны з іх чытаецца смартфонам, прычым вандроўнік не проста атрымлівае тэкставую, аўдыя- і відэаінфармацыю пра той ці іншы аб'ект, але і прапанову турыстычных «ланцужкоў»-маршрутаў, для чаго задзейнічана картаграфічная сістэма Google.
Гэты мабільны гід «размаўляе» на шасці мовах — літоўскай, беларускай, рускай, польскай, англійскай і нямецкай. Больш за тое, праграма бачыць, з якога смартфона ідзе запыт, і аўтаматычна падключае інфармацыю менавіта на той мове, з якой краіны ўладальнік мабільнага сродку сувязі. Такім чынам, чаканне доступу да інфармацыі скарачаецца да мінімуму, што асабліва важна для сучаснай моладзі.
Паводле інфармацыі менеджара праекта з беларускага боку Сяргея КАЛЯДЫ, QR-коды будуць устаноўлены на 40 аб'ектах у Гродне (сярод іх — храмы, палацы, музеі, пажарная каланча, парк імя Жылібера, турысцка-інфармацыйны цэнтр) і 10 — у Гродзенскім раёне (касцёлы ў Прывалках і Гожы, Гродзенская крэпасць, лінія Молатава, Свяцк). Пры гэтым сістэма мабільнага гіда дазваляе адміністратару сайта (Гродзенскі турысцка-інфармацыйны цэнтр) абнаўляць і дапаўняць інфармацыйную базу новымі звесткамі ці відэаролікамі.
Акрамя таго, для вандроўнікаў, якія захочуць больш даведацца пра тыя ці іншыя гістарычныя славутасці, прадугледжаны спасылкі на сайт Гродзенскага гарвыканкама QRcіty.by (ён распрацаваны студэнтамі ГрДУ імя Янкі Купалы) і Вікіпедыю. Важна і тое, што сайты «мабільнага гіда» ў Гродне і Друскінінкаі маюць узаемныя спасылкі ў інтарэсах турыстаў, якія пажадаюць не абмежавацца вандроўкай па адным з памежных рэгіёнаў, але і пабываць у другім.
Меркаванне ў тэму
Віктар САЯПІН, краязнаўца з Гродна:
— Думаю, што гэтая інавацыйная тэхналогія, распрацаваная дзякуючы беларуска-літоўскаму супрацоўніцтву, будзе запатрабавана турыстамі і паслужыць папулярызацыі нашых рэгіёнаў і размешчаных там славутасцяў. Прычым робіцца толькі першы крок. Сістэму мабільнага гіда варта распаўсюдзіць і на іншыя гісторыка-культурныя аб'екты ў Гродне, ды і ў іншых раёнах вобласці. Спадзяюся, што наперадзе новыя праекты ў гэтай сферы.
Пры гэтым зразумела, што мабільны гід прынясе належны эфект толькі тады, калі будзе дакладная праграма дзеянняў у турыстычнай сферы. У рамках праекта распрацаваны ацэнкі і прапановы па стратэгіі развіцця турызму паміж Друскінінкайскім самакіраваннем і Гродзенскім рэгіёнам на 2014–2020 гады — актыўнага, воднага, дзелавога, культурнага, аздараўленчага. Плануецца, што гэтыя матэрыялы будуць разгледжаны каардынацыйным саветам па развіцці турызму пры Гродзенскім гарвыканкаме.

Барыс ПРАКОПЧЫК.
Гродна — Друскінінкай.

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.