Вы тут

Запрашэнне на праменад


Для прыхільнікаў яркага і насычанага жыцця добрая навіна ад тэлеканала «Беларусь 3»: 5 снежня адбудзецца прэм’ера інфармацыйна-забаўнага шоу «Культурны праменад». Цікавыя падзеі, аўтарытэтныя меркаванні — і ўсё гэта ў прамым эфіры.

Праграма будзе выходзіць па панядзелках і пятніцах. У канцы тыдня вядучыя праекта вырашаюць, куды ж пайсці ў выхадныя, а ў панядзелак прадстаўляюць тэлегледачам поўную справаздачу пра свой культпаход і ўражанні ад яго.

— Асаблівасць праекта ў тым, што «Культурны праменад» будуць рабіць не культуролаг і мастацтвазнаўца, а неабыякавыя да мастацтва вядучыя, якія любяць жыць цікава. І хацелі б на гэта натхніць і нашых тэлегледачоў, — адзначае аўтар і адна з вядучых праграмы Алена Будрыцова. — Гледачы таксама змогуць удзельнічаць у абмеркаванні наведанага мерапрыемства, дзяліцца сваімі ўражаннямі. Напрыклад, сабраліся мы на нейкі спектакль, і яго наведаў нехта з тэлегледачоў альбо хацеў зрабіць гэта, але ў яго не атрымалася, — тады можна патэлефанаваць нам і падзяліцца сваімі думкамі наконт пастаноўкі. Па пятніцах мы будзем тэлефанаваць так званым «экспертам» — акцёрам, рэжысёрам і гэтак далей, каб стварыць поўную карціну мерапрыемства, якое плануем наведаць. Безумоўна, будзем чакаць і паведамленняў на сайце тэлеканала і ў сацыяльных сетках, дзе нашы гледачы змогуць падзяліцца сваімі рэкамендацыямі наконт культурных падзей, якія не варта абмінаць. Самыя цікавыя будуць улічвацца і агучвацца вядучымі падчас праграмы.

Плануецца, што ў аўдыторыі будзе магчымасць не толькі дыялогу з вядучымі праграмы. У перспектыве самыя актыўныя гледачы будуць запрошаны далучыцца да культурных паходаў вядучых. Дарэчы, весці праграму будзе шэсць чалавек, сярод якіх пісьменніца Тамара Лісіцкая, актрыса Марыя Федарэнка, журналіст Алена Будрыцова і фотамастакі Юрый Іваноў, Сяргей Плыткевіч і Дзмітрый Рудэнка.

Адбіралі гэтых людзей па пэўных крытэрыях. Калі казаць пра жанчын, то перш за ўсё ўлічвалі эрудыцыю і наяўнасць вопыту працы ў прамым эфіры. А вось для фатографаў лепшай «рэкамендацыяй» з’яўляліся працы, на чым спецыялізуецца кожны з іх. Так, Юрый Іваноў з задавальненнем можа адправіцца на выстаўку альбо ў тэатр, а Сяргей Плыткевіч — прыхільнік натуралізму, якому давай верталёт — і паляцелі ў поле, на прыроду. Дзмітрыя Рудэнку стваральнікі праграмы лічаць наогул універсалам. Здаецца, абмеркаванні людзей з рознымі густамі і пазіцыямі — добрая ідэя, каб паказваць тую ці іншую падзею з розных ракурсаў.

...Кожнаму з нас незалежна ад узросту, прафесіі і адукацыі па сілах разнастаіць свой вольны час цікавымі падзеямі, якія дапамогуць узбагаціцца духоўна. І не варта адмаўляцца ад магчымасці зірнуць на мастацтва з пазіцыі звычайнага гледача. Таму далучайцеся да дыялогу ў адкрытым фармаце пра найважнейшыя і адметныя падзеі ў культурным жыцці на тэлеканале «Беларусь 3» у праграме «Культурны праменад».

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.