Вы тут

Марына Галачова: «Тое, што вы бачыце на экране, у жыцці выглядае інакш»


Мы захапляемся прыгажосцю людзей на экране, але не заўсёды ведаем тых, чыімі рукамі яна створана. Таму хочацца пазнаёміць вас з жанчынай, якая ведае ўсё пра макіяж і ўражвае не толькі расповедам пра прафесію візажыста, але і талентам адрозніваць сапраўдную прыгажосць ад прыгожай карцінкі. Марына Галачова — прызнаны майстар у сферы прыгажосці, з'яўляецца лаўрэатам многіх конкурсаў, аднак свае ўзнагароды ўспрымае як стымул прафесійнага росту. Бо, як заўважае жанчына, калі вам здаецца, што вы дасягнулі вяршыні ў сваёй прафесіі — значыць, час пачынаць усё спачатку... Пры сустрэчы Марына (яна працуе яшчэ і мастаком-грымёрам у Агенцтве тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі) расказала, як рыхтуюць да эфіру вядучых, што рабіць з капрызнымі кліентамі і ў чым сакрэт сапраўднай прыгажосці...

28-20

— Адзін вядомы чалавек сказаў, што адзенне можа змяніць не толькі постаць, але і нораў. Мабыць, і макіяж дапамагае стварыць не проста прыгожы вобраз?

— Макіяжам мы мяняем не толькі знешнасць, але і адлюстроўваем характар. Трэба стварыць вобраз для вядучай навін — значыць, робім строгі макіяж, не падкрэсліваючы нічога. А возьмем вячэрні варыянт макіяжу — там ужо можна трохі разняволіцца, дадаць яркія дэталі. І настрой кожны з варыянтаў стварае ў жанчыны свой.

28-21

— Прафесіяй візажыста вы пачалі займацца адносна нядаўна. Як атрымалася, што інжынер-эканаміст кардынальна змяніў сферу дзейнасці?

— Творчая сфера мяне заўсёды вабіла. Памятаю, нават на лекцыях сядзела і малявала розныя коміксы. Аднак вывучылася па прафесіі і нават пэўны час працавала інжынерам-эканамістам. А пасля дэкрэта зразумела: не змагу па раскладзе працаваць кожны дзень. І хачу пражываць жыццё, а не проста існаваць. Адважылася на кардынальныя перамены — пайшла вывучаць макіяж. Улічваючы, што дагэтуль я сама рэдка фарбавалася, гэта быў перш за ўсё асабісты інтарэс. Прыйшла вучыцца ў студыю Вікторыі Макейчык.

28-22

— Ведаю, што на тэлебачанне вы прыйшлі праз кастынг. Як праходзіць адбор грымёраў?

— Было боязна. Прыйшла, перада мной пасадзілі ў крэсла вядучую і сказалі: «Працуй! Праз дзве гадзіны ў яе эфір». І ты застаешся з чалавекам сам-насам. З аднаго боку, трэба паказаць сябе, а тут яшчэ і зусім незнаёмы чалавек. У такія моманты самае важнае — сабрацца і прыступіць да працы... Падрыхтавала я адну вядучую да эфіру, і мне далі яшчэ аднаго чалавека — зрабіць макіяж ужо для вячэрняга выпуску навін. Потым сказалі, што месяцы праз тры можна чакаць званка, бо яшчэ дакладна невядома, ці будуць яны браць новага спецыяліста ў штат. Я на той час толькі пачынала рабіць крокі ў прафесіі, таму, як і многім, было складана паверыць у свае сілы. Вырашыла, што ніхто не патэлефануе, мабыць, знайшлі для сябе іншага грымёра. Але ўжо наступным вечарам мне пазванілі і паведамілі: «Можаце выходзіць на працу». Цяпер я разумею: калі прыходзіш на кастынг, то важна паказаць не толькі рукі, але і ўменне кантактаваць з людзьмі...

28-23

— Што самае важнае для грымёра ў працэсе працы?

— Знайсці падыход да чалавека, зразумець яго жаданні і адчуць, з якім настроем ён прыйшоў да цябе. Вядучая толькі села ў крэсла — і ўжо разумееш, разняволеная яна (бачыш: чалавек табе поўнасцю даверыўся і тады можаш рабіць тое, што лічыш патрэбным) альбо, наадварот, напружаная (дрэнны настрой ці абдумвае будучы эфір). І ў залежнасці ад сітуацыі выбіраеш, ці пагаварыць з людзьмі пра нешта нейтральнае, ці памаўчаць і проста недзе мяккім пэндзлікам пагладзіць. Гэтую навуку чалавечых узаемаадносін спасцігаеш у працэсе, і патрэбны час, каб убачыць, хто перад табой.

— Калі гаварыць пра вобраз людзей на тэлеэкране, якія тут дзейнічаюць правілы, забароны, сакрэты?

— У Агенцтве тэлевізійных навін тры грымёры, і падыходы да вобразу вядучых адрозніваюцца, бо кожны з нас бачыць іх па-свойму. Што да майго бачання, як павінен выглядаць вядучы навін, то тут да месца класічны, стрыманы макіяж. Блёсткі ці яшчэ нейкія дэталі проста недапушчальныя. Бываюць выпадкі, калі я рыхтую чалавека да эфіру, а потым вядучая яшчэ плануе нейкае мерапрыемства — тады можна зрабіць некаторыя акцэнты. Наогул, камера вельмі скажае адценні, таму нейкія «навінкі» ў вобразе часта і не заўважыш. Для экрана я прытрымліваюся манахромнай гамы колераў — напрыклад, пясочна-карычневыя адценні. Важна таксама, каб была ідэальная лінія броваў, тон твару, контур вуснаў, бо некаторыя гледачы звяртаюць асаблівую ўвагу на дыкцыю.

...Мы ствараем «карцінку». І тое, што вы бачыце на экране, у жыцці мае зусім іншы выгляд. Вядучыя прыходзяць да нас у грымёрку, і мы мяняем іх знешне, арыентуючыся на прыдуманы і ўзгоднены з кіраўніцтвам вобраз. І ад гэтага ў многім залежыць успрыманне інфармацыі і яе падача.

— Як можна з дапамогай касметыкі змяніць чалавека?

— Па сутнасці, выкарыстоўваючы касметыку, можна кардынальна змяняць знешнасць чалавека. Цені — не проста фарба, а паўтон, які здольны мяняць вочы. Пры нанясенні макіяжу, можна сказаць, мы лепім твар па-новаму. Нават састарыць чалавека можна адным штрыхом, калі, напрыклад, выбраць палітру колераў, якія не пасуюць вашаму кліенту. Бо правільна падабраныя колеры ўпрыгожваюць людзей, асвяжаюць іх выгляд.

— Ці складана працаваць з вядучымі-мужчынамі?

— З мужчынамі вельмі проста працаваць. Бо такіх вядучых адразу выбіраюць, улічваючы, наколькі гарманічна яны глядзяцца ў кадры. І калі вядучыя прыходзяць у грымёрку, то ім я танірую твар — гэта самае важнае, таму што камера ўмее «разгледзець» нават маленькі нюанс. Укладваем бровы, можна нават вусны падфарбаваць, але ўсё робіцца ў натуральных адценнях. Тут, мабыць, і тоіцца найбольшая складанасць — дабіцца добрага выгляду вядучага, але паказаць адсутнасць касметыкі.

— Бываюць капрызныя кліенты?

— Для мяне праяўляць дрэнны настрой — вяршыня непрафесіянальнасці. І калі чалавек так сябе паводзіць, то тым самым дэманструе сваю нявыхаванасць. Бо ён павінен паважаць вас як прафесіянала. У такіх сітуацыях выйсце толькі адно — спрабаваць знайсці падыход. І калі табе гэта ўдаецца, то, лічы, на дзевяноста працэнтаў макіяж будзе ўдалым.

— Як сям'я ставіцца да вашай прафесіі?

— Церпяць. Ведаюць, што па-іншаму немагчыма. Я знайшла сябе ў гэтай сферы і таму нават не стаіць пытанне, ці дастаткова я зарабляю і наогул ці прынясу грошы дадому. Бо здараецца, што зарплата траціцца вельмі хутка... Не ўсе родныя ўспрымаюць маю працу сур'ёзна. Бывае цікавяцца, калі ўжо кіну займацца «гэтым» і пайду працаваць у банк. А я без сваёй працы проста жыць не магу. Калі ўявіць, што буду хадзіць на працу ад званка да званка, мець два выхадныя і выхоўваць сына, то шчаслівай наўрад ці змагу сябе адчуваць. І сын будзе бачыць, як маці проста зарабляе грошы, а не жыве цікавым жыццём. Мой муж мяне падтрымлівае, бо і сам ён чалавек творчы, таму разумее, наколькі важна мець любімы занятак.

— Пры выбары сродкаў для штодзённага макіяжу якім варта аддаваць перавагу?

— Я раю рабіць выбар на карысць якаснай касметыкі, хоць тут і не заўсёды спалучальныя паняцці цаны і якасці. І самастойна выбраць сродкі, якія падыдуць менавіта вам, таксама не лёгка. Аднак касметыка — гэта ваша аблічча, прыгажосць, таму калі вы зацікаўлены зрабіць граматны выбар, то лепш спачатку звярнуцца да спецыяліста па кансультацыю. Бо бывае як? Мы бачым у часопісе прыгожы макіяж і інструкцыю, як зрабіць такую прыгажосць. Але часцей за ўсё мы не ўпэўнены, што зможам яго паўтарыць, і перагортваем старонку. Затое потым ідзём у краму і чамусьці купляем тыя крэмы, цені, што бачылі на карцінцы. А ў выніку імі не карыстаемся альбо не атрымліваем жаданага эфекту. А прафесійны візажыст падкажа вам, як сэканоміць не толькі час, але і грошы на пакупцы непатрэбнай прадукцыі.

А ўвогуле для мяне першаснае значэнне мае прыгажосць унутраная. Калі душой і сэрцам чалавек прыгожы, то гэта відаць у яго позірку, харызме. А для знешняй прыгажосці жанчыне дастаткова проста ведаць базавыя навыкі догляду за сабой. Усім жанчынам, каб быць прыгожымі, я жадала б не баяцца любіць сябе.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.