Каб апынуцца ў навагодняй казцы, не абавязкова проста сядзець і чакаць Новага года. Паглыбіцца ў святочны настрой мінчане і госці горада могуць, наведаўшы выставу-праект «Музей ёлачнай цацкі», якая праходзіць гэтымі днямі ў Нацыянальным гістарычным музеі.ъ
Экспазіцыя сабрала каля 500 ёлачных упрыгожанняў і ўключае ў сябе ўсю разнастайнасць прыгожых цацак — ад зараджэння да нашых дзён. Раней на ёлкі вешалі розныя ласункі, цукеркі, пернікі, плады. Галоўным упрыгажэннем лічыўся яблык. Але ж сярэдзіна ХІХ стагоддзя выдалася не ўраджайнай на садавіну. На дапамогу святу прыйшлі нямецкія шкловыдзімальшчыкі, якія сталі рабіць шары, падобныя да яблыкаў. Менавіта так і пачалася эпоха ёлачных цацак.
— Наша галоўная ідэя — паказаць усю разнастайнасць ёлачных цацак, — расказвае куратар выставы Андрэй Бягун. — Так, у СССР была традыцыя рабіць цацкі са шкла, з прэсаванай ваты, кардону. У Еўропе ж выкарыстоўвалі іншыя матэрыялы — метал, хрусталь, фарфор, дрэва. Акрамя таго, на выставе паказаны працэс выдзімання шкляной ёлачнай цацкі, яе серабрэння і афарбоўкі. Ёсць на выставе і сапраўды рарытэтныя экспанаты — аўстра-венгерская шкляная ёлачныя цацка канца XІX стагоддзя з Венскага каляднага балю дыяметрам больш за 40 см і дакладная копія шара, які шкловыдзімальшчыкі падарылі Папу Рымскаму Яну Паўлу ІІ.
Сумаваць гледачам не давядзецца. Тэматычныя стэнды з цацкамі прывабліваюць сваёй разнастайнасцю. Тут можна ўбачыць упрыгажэнні як савецкага перыяду, так і экзатычныя асобнікі, прывезеныя з Егіпта і Амерыкі. Падобнай выставы ў Беларусі раней не было. Але яна ўжо выклікае цікавасць сярод грамадства. Так, папоўніць экспазіцыю навагоднімі шарамі з Мальты выявіла жаданне дэлегацыя са Смаленска. Таму Андрэй Бягун і яго каманда плануюць зрабіць музей ёлачных цацак з пастаяннай экспазіцыяй.
Каб яшчэ больш зацікавіць сваіх гасцей, арганізатары прыдумалі шмат цікавых «фішачак». Адна з іх — пошта Дзеда Мароза. Даслаць прыгожую паштоўку з віншаваннем сваім родным і сябрам можна нават з выставы. Ёсць тут і крама з ужо гатовымі ёлачнымі цацкамі. Таксама наведвальнікаў запрашаюць прыняць удзел у майстар-класе, дзе ўласнаручна можна размаляваць свой навагодні шар, каб потым забраць яго дадому, павесіць на ёлку і сустракаць Новы год з добрым настроем.
Надзея Бужан, фота аўтара
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.