Вы тут

Фактаў і прававых аргументаў дастаткова


Пытанні беларуска-расійскага гандлю разгледзяць на міждзяржаўным узроўні

Міністэрства замежных спраў, беларускае пасольства ў Маскве аказваюць усю неабходную дапамогу нашым галіновым міністэрствам і ведамствам для больш хуткага вырашэння праблемных пытанняў у беларуска-расійскім гандлі і ў сферы транзіту. Пра гэта на чарговым брыфінгу заявіў Дзмітрый МІРОНЧЫК, начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС нашай краіны.

— Рыхтуем разгляд гэтых пытанняў групай высокага ўзроўню Савета міністраў Саюзнай дзяржавы, якая збярэцца 9 снежня, — паведаміў прэс-сакратар МЗС, — а таксама на пасяджэнні Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі 10 снежня. Пры неабходнасці гатовы вынесці іх таксама на разгляд Эканамічнага савета Садружнасці Незалежных Дзяржаў, пасяджэнне якога адбудзецца 12 снежня.

Па словах Дзмітрыя Мірончыка, задача МЗС — максімальна аператыўна вярнуць сітуацыю ў спакойнае і, галоўнае, прававое рэчышча і ўрэгуляваць яе за сталом перамоў.

— Мы ўпэўнены, што ў беларускага боку дастаткова і фактаў, і прававых аргументаў, каб зрабіць гэта, — падкрэсліў дыпламат.

У В'етнаме падвялі вынікі супрацоўніцтва з нашай краінай

У сераду і чацвер у в'етнамскім Хашыміне прайшло 11-е пасяджэнне Беларуска-В'етнамскай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве.

Па словах Дзмітрыя Мірончыка, мерапрыемства арганізавана ў перыяд правядзення Нацыянальнай экспазіцыі нашай краіны ў рамках 12-й Міжнароднай выставы знешняга гандлю «Vіetnam Expo іn HoChіMіnh Cіty».

Прадстаўнік МЗС паведаміў, што на пасяджэнні бакі падвялі вынікі супрацоўніцтва дзвюх краін у розных сферах з моманту правядзення папярэдняга пасяджэння міжурадавай камісіі. Таксама быў абмеркаваны ход выканання Праграмы супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Сацыялістычнай Рэспублікай В'етнам у эканамічнай сферы на 2013 — 2015 гады.

Міністры замежных спраў АБСЕ сустрэліся ў Базелі

Зараз у швейцарскім Базелі праходзіць 21-я сустрэча Савета міністраў замежных спраў АБСЕ. Дэлегацыю нашай краіны ўзначальвае міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Па інфармацыі МЗС, акрамя ўдзелу ў мерапрыемствах Савета міністраў замежных спраў запланаваны шэраг рабочых сустрэч кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Беларусі па двухбаковай лініі. Таксама Уладзімір Макей плануе сустрэцца з кіраўніцтвам інстытутаў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.

Надзея ЮШКЕВІЧ

 

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.