Вы тут

Аляксандр Хацкевіч: «Цалкам у футболе ніхто ніколі не разбярэцца...»


Новы трэнер зборнай Беларусі па футболе — чатырохразовы чэмпіён нашай краіны і сяміразовы трыумфатар украінскага першынства Аляксандр Хацкевіч

Што такое футбол сёння? Разважанні на гэтую тэму зоймуць процьму часу, таму што кожны з нас бачыць гэтую гульню па-свойму. Як ні дзіўна, і простыя балельшчыкі, і журналісты, і нават трэнеры ніякіх патрабаванняў да гульцоў не выставяць. Іх ставіць сам футбол. Колькі трэба прабегчы за матч, зрабіць падкатаў, дакладных перадач, колькі хуткаснай работы правесці... Паглядзеўшы на вядучыя каманды свету, можна зрабіць выснову, што пастаяць за гонар сваіх краін на зялёным газоне прыязджаюць гульцы, якія гатовы на 100%, незалежна ад «зорнасці» і статусу.

5-28

Ці так ідуць справы ў нашай зборнай? Нягледзячы на «салодкую пілюлю» ў выглядзе перамогі над высокакваліфікаванай у сучасным футбольным свеце зборнай Мексікі, нацыянальная каманда Беларусі працягвае свабоднае падзенне. Як ні круці, а лакмусавай паперкай стану яе спраў з'яўляюцца вынікі выступленняў у афіцыйных турнірах. З гэтым жа ў беларусаў ужо не першы год праблемы.

Так што вынесенае пытанне з'яўляецца рытарычным. Адказ на яго спрабавалі знайсці ўчора на выканкаме Беларускай федэрацыі футбола. Напярэдадні старшыня АБФФ Сяргей Румас коратка паведаміў, што на разгляд выканкама федэрацыі будзе вынесена кандыдатура Аляксандра Хацкевіча на пасаду галоўнага трэнера зборнай. Нагадаем, што гэтая пасада заставалася вакантнай пасля таго, як у кастрычніку яе пакінуў Георгій Кандрацьеў. У лістападзе абавязкі галоўнага трэнера выконваў Андрэй Зыгмантовіч.

Тут бы задаць пытанне нашым футбольным кіраўнікам: навошта было бударажыць грамадскаць інфармацыяй, што не менш як тры дзясяткі футбольных спецыялістаў — ад нашых Ганчарэнкі і Кучука да Дыега Марадоны, Блахіна і Хрыста Стоічкава — стаяць у чарзе, каб мець гонар асабіста ўзначаліць каманду Беларусі? Так і хацелася спытаць: яно ім трэба? У сэнсе — трэніраваць зборную, якая сёння мае 101-ю пазіцыю ў рэйтынгу ФІФА і туманныя перспектывы на будучыню. Зразумела было з самага пачатку: гэта не трэнеры з іменем шукалі працу ў Беларусі, а іх агенты даслалі рэзюмэ сваіх кліентаў.

Так што пры ўсім «багацці» выбару — выбару не было. За Аляксандра Мікалаевіча прагаласавала абсалютная большасць членаў выканкама. Намеснік старшыні АБФФ Сяргей Сафар'ян патлумачыў выбар новага галоўнага трэнера зборнай краіны:

— Ацэньвалася сукупнасць кар'ер — гульца і трэнера. Акрамя таго, знаёмства з беларускім футболам, а таксама фінансавыя запыты. Па гэтых пазіцыях Хацкевіч набраў больш за ўсё ачкоў. Кантракт падпісаны да 1 лістапада 2017 года.

Адразу пасля пасяджэння наваспечаны коўч даў прэс-канферэнцыю ў Доме футбола.

— Аляксандр Мікалаевіч, ёсць меркаванне, што работа з беларускай зборнай, якая сёння, відаць, самая слабая за ўсе 22 гады свайго існавання, практычна не мае ніякіх турнірных перспектыў, можа проста сапсаваць дзелавое рэнамэ любога трэнера. Вы ж згадзіліся...

— Лічу, у кожнага чалавека ёсць што губляць. Вось сёлета я, на жаль, страціў свайго блізкага сябра — Валіка Бялькевіча... Але — мы маладыя, а трэнерская праца — гэта творчасць. Заўсёды існуе рызыка. Рэпутацыя заваёўваецца не адным днём і не адным годам. Яе неабходна напрацаваць, гледзячы ў заўтра, а не думаць аб тым, што работай можна сапсаваць меркаванне аб сабе. Інакш навошта тады наогул жыць і нешта спрабаваць рабіць?

— Тады што вы скажаце аб гульні беларускай зборнай, яе стылі, патэнцыяле?

— Я, вядома, сачыў за выступленнем зборнай. Але як балельшчык. Нават калі глядзеў гульню каманд Беларусі і Украіны, сімпатыі былі на баку першай. Нягледзячы на тое, што я шмат часу жыву ва Украіне. Адно магу сказаць дакладна: незалежна ад саперніка ў пяць абаронцаў наша зборная гуляць не будзе. Цалкам у футболе ніхто ніколі не разбярэцца. Буду паціху ўнікаць. Гэта не значыць, што я зусім не сачыў за беларускім футболам. Маю дастаткова інфармацыі.

— Ці раіліся з кім-небудзь, перш чым прыняць прапанову?

— Падтрымліваю адносіны з Віктарам Міхайлавічам Ганчарэнкам. Ён цалкам мяне падтрымаў, калі яшчэ працаваў у «Кубані». Пасля звальнення шчыра прызнаўся, што на яго таксама выходзіла федэрацыя. Хто яшчэ? Натуральна, гэта вядомы ў нядаўнім мінулым футбаліст Сяргей Раброў.

— Ці ёсць у вас згода пра тэрміны пагаднення?

— Магу сказаць, што кантракт будзе падпісаны да 2017 года — гэты і наступны цыкл. Але калі ўбачу, што не спраўляюся са службай, прэтэнзій па кантрактных абавязацельствах да працадаўцы не будзе. Ёсць дамоўленасць, што, калі няма прагрэсу, трымацца за месца не буду.

— Якія задачы пастаўлены перад вамі ў гэтым адборачным цыкле?

— Зразумела, чым вышэй паднімецца зборная — тым лепш. Зрэшты, кожная гульня — гэта перспектыва. Трэба прытрымлівацца гэтага пункту гледжання.

— Як паставіцеся да вяртання старых гульцоў у склад зборнай?

— Спачатку трэба паглыбіцца ў беларускі футбол. Каго будзем выклікаць — яшчэ разбяромся. Пераходзіць на асобы не будзем. Па Аляксандру Глебу магу сказаць адно: такімі футбалістамі не раскідваюцца.

— Ці ёсць сярод вашых настаўнікаў тыя, стыль якіх вы ўзялі б за аснову сваёй трэнерскай канцэпцыі?

— Безумоўна, дысцыпліну ад Лабаноўскага, і не толькі на футбольным полі. Абавязкова павінна быць шчырая гульня Малафеева. Але футбол пайшоў нашмат далей. Перш за ўсё ў тактычным плане.

— Як вы будзеце выбудоўваць адносіны з футбалістамі?

— Для сябе я растлумачыў, але ўсё пакінем паміж намі. Вы пра гэта даведаецеся, калі я сустрэнуся з камандай. Хлопцы раскажуць.

— Не будзем утойваць: цікавасць балельшчыкаў да зборнай мінімальная. Як збіраецеся яе вярнуць?

— У першую чаргу — гульня, вынік. Першая трэніроўка на зборах будзе адкрытай. Прычым гэта не першыя 15 хвілін для СМІ, а цалкам. Далей ужо рэгламент іншы. Увогуле, мы павінны рухацца наперад усе разам.

— Некаторыя лічаць, што ў вас недастаткова вопыту?

— Маладым у нас дарога, старым у нас пашана. Вопыт? Сем гадоў працую. Толькі адзін год — як памочнік. Шэсць гадоў — галоўным. Ды і я з шасці гадоў у футболе, у мяне былі добрыя настаўнікі. Я бачыў, як працавалі Блахін, Сёмін. Гэта не лічачы Лабаноўскага і Малафеева.

Дададзім таксама, што ў трэнерскім штабе зборнай Беларусі працягне працаваць былы гулец нацыянальнай каманды Аляксандр Кульчы. Акрамя таго, будзе прыцягнуты замежны спецыяліст, імя якога пакуль не называецца.

Дар'я Лабажэвіч

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.