Вы тут

«Кожны год да нас прыходзіць новым, адыходзіць змрочным і старым»


З класікам не паспрачаешся: моцна сказана! І ўсё ж — трохі сонца. Адкуль? Ды, відаць, як заўжды, — з жыцця: пра зямное і вечнае, мінулае і будучае, аб праблемах быцця і лёсе мовы разважаюць чытачы «Звязды».

«Назіраю за жыццём і думаю: што гэта робіцца з нашымі людзьмі, чаму яны так прагнуць грошай? — піша спадарыня Лідзія ЛУК'ЯНАВА з вёскі Швабы Лагойскага раёна. — Ну вядома ж, добра калі яны ў чалавека ёсць, калі ў сям'і пануе дабрабыт. Тады што хочаш — еш, што хочаш — пі, хадзі ў госці, куды хочаш, едзь на адпачынак, купляй дарагія машыны, радуйся жыццю, і ўсё тут. Але ж ці настолькі магутныя тыя грошы? Ці адкупіўся імі хоць хто-небудзь ад смерці, ад цяжкай невылечнай хваробы? Не? Значыць, не яны тое галоўнае, на што трэба класці жыццё, за што трэба трымацца ў абедзве рукі, а тым больш ісці на злачынствы...».

«Некалі вяселлі рабілі сціплыя, — узгадвае чытачка, — маладым дарылі па пяцёрцы ці па дзясятцы рублёў альбо нейкі адрэз тканіны, і тыя былі рады. Пажаніўшыся, жылі ў каханні ды згодзе ўсё жыццё, колькі яго адмерана. А паглядзіце цяпер, што робіцца на вяселлях: збіраюцца дзясяткі, а то і сотні людзей, дорацца мільёны рублёў ды тысячы долараў. А потым, развёўшыся праз месяц-другі, маладыя не могуць падзяліць «набыткі».

Дарэчы, некалі даўно, падчас час вяселля маёй стрыечнай сястры, у пары гасцей (мужа з жонкай) згарэла хата. Дык тая нявеста (сама круглая сірата — бацька яе загінуў на фронце, маму з маленькай сястрычкай спалілі фашысты) сабрала ўсё, што ім падарылі, і занесла пагарэльцам. Думаю, ну хто б з маладых сягоння, хочучы ўсяго і адразу, зрабіў бы вось гэтак? Мусіць, няма такіх?»

«Паглядзіш на людзей, — працягвае Лідзія Паўлаўна, — дык і не бедныя яны, і не галодныя, і прыгожа апрануты, а ў галовах ўсё роўна — грошы, грошы, грошы... Мы, ветэраны, неяк пражылі свае гады без гэтых долараў. Сумленна працавалі, гадавалі дзяцей, і ўсе былі нейкія роўныя. А сёння ў многіх па некалькі дамоў і кватэр, па некалькі дарагіх аўтамабіляў, а ўсё роўна мала. Тэлевізар хоць ты не ўключай: за тыя клятыя грошы чаго толькі ні робіцца: людзі забіваюць адно аднаго, брат на брата з нажом ідзе...

А недзе ляжаць прыкаваныя да ложкаў дзеткі-інваліды, якім патрэбна дапамога, недзе хворыя, адзінокія... Дык чаму б не дапамагчы ім, чаму на вось гэта шкада сваіх грошай? А так жа быць не павінна. Па сабе ведаю: калі аддасі што, дапаможаш у нечым бяднейшаму, дык сабе ж і радасць. Паспрабуйце! Бо ў жыцці чалавека, — піша напрыканцы спадарыня Лук'янава, — не грошы галоўнае, а здароўе ды спагада».

5-20

Нельга не пагадзіцца з Лідзіяй Паўлаўнай. І, вядома ж, чытаючы ліст яе, нельга не ўзгадаць сумна вядомыя залатыя батоны ды ўнітазы, убачаныя па тым жа тэлевізары, адмысловыя пакоі (з лазенькамі, з гардэробнымі!) для ўлюбёных... сабачак, шматлікія палацы, дзе раскашуюцца па два-тры чалавекі...

А паблізу, магчыма, і напраўду гора. І дапамагчы ў ім няма каму.

«Дзеля чаго мы прыходзім у гэты свет? — пытае спадарыня Надзея Дадзькова з Мсціслаўшчыны і сама ж адказвае: — каб выканаць сваё прызначэнне. На жаль, не кожны можа і хоча ісці дарогай святла і любові, але ж кожны марыць адчуваць гэтае святло ды любоў, цяпло родных душ. Мне пашанцавала ў зямным жыцці, я нарадзілася ў веруючай праваслаўнай сям'і, прабабуля, бабуля, дзядуля і мама змаглі растлумачыць мне вялікія ісціны: любі Госпада і зямлю, на якой нарадзілася; не крыўдзі бліжняга, таму што ён, як і ты, дарагі Госпаду; годна нясі свой крыж, не спрабуючы перакласці яго на нечыя плечы.

На жаль, не так лёгка трымацца гэтых вось правілаў, але, дзякуй Богу, імкненне такое ёсць».

«У нашы дні, — разважае Надзея Рыгораўна, — часта пішуць і гавораць аб адраджэнні духоўнасці. Для душы і сапраўды патрэбны малітва, чытанне Святога Пісання, добрыя справы. А яшчэ трэба навучыцца аналізаваць свае ўчынкі, бачыць, дзе і што мы зрабілі няправільна: каго асудзілі, падманулі, абгаварылі і г.д. Неабходна ведаць, што ўсё дрэннае (нават думкі) апаганьваюць нашу душу, што яна, як і цела, патрабуе ачышчэння — шчырай споведзі ў храме. Праз святара Бог адпусціць нашы грахі, дасць сілы, каб жыць далей...»

«Мой ліст — гэта заклік да веры ў Бога, да выратавання», — піша напрыканцы Надзея Рыгораўна.

Да яго ж, да выратавання, заклікае і спадарыня Галіна Жураўлёва з вёскі Ліпаў Калінкавіцкага раёна. «Не магу спакойна глядзець на ўтрыманцаў, на дармаедаў, на тых, хто не хоча працаваць. Пісала пра іх і дэпутатам, і ў Міністэрства сацыяльнай абароны, прыводзіла прыклады з жыцця нашых бацькоў. У іх час амаль ніякіх дапамог ад дзяржавы не было, вялікіх дэкрэтных адпачынкаў не давалі таксама. Усе людзі стараліся працаваць. У нашай сям'і, напрыклад, гадавалася чацвёра дзяцей, і заўсёды была вялікая гаспадарка: каровы, свінні, качкі, гусі, куры. Уся гэтая жыўнасць вымагала догляду, а таму не толькі дарослыя, але і мы, малыя, мелі ў сям'і пэўныя заняткі, пэўныя абавязкі. Нам не было калі блытацца без справы ды шукаць сабе нейкіх прыгод».

«А сёння, — працягвае Галіна Рыгораўна, — наша кіраўніцтва трохі разбэсціла людзей. Дапамогі нейкія прыдумалі, дзіцячыя грошы... Ды бацькам-гультаям яны толькі на радасць. Ім цяпер ні каровы, ні курэй — нічога не трэба! Ім можна нідзе не працаваць, адно — піць ды гуляць. Чаму б не, калі ў школе іх дзяцей бясплатна вучаць, бясплатна кормяць, у гуманітарку апранаюць...

Цікава, і да чаго мы так дажывёмся?

Альбо вазьміце тых, хто ездзіць за мяжу на заробкі. Я нічога супраць не маю, людзі малайцы, стараюцца, працуюць, зарабляюць грошы. Няхай сабе і там... Але тут, на мой погляд, яны павінны плаціць падаткі, бо іх дзеці бясплатна вучацца ў школах, карыстаюцца медыцынскімі і іншымі паслугамі, якія фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту...»

«За ўсё трэба плаціць. Нічога бясплатнага быць не павінна! Як па-мойму, дык нават сацыяльных пенсій, — пераканана спадарыня Жураўлёва. — Бо за што іх даваць? За тое, што чалавек нідзе не працаваў?

У народзе кажуць: няма роду без выроду. Так і ў нас: усякіх людзей хапае. Але ж трэба неяк змагацца з гультаямі. Тады і працавітым будзе лягчэй. А іначай мы ніколі не будзем багатымі».

«Не падумайце, — напрыканцы ліста дадае Галіна Рыгораўна, — мой клопат не пра сябе (я ўжо на пенсіі), а за дзяцей, за ўнукаў, за ўсіх працавітых людзей».

Акурат такі ж самы «клопат не пра сябе», «прадыктаваў» ліст і спадарыні Веры Церахавай з вёскі Магілёўцы Пружанскага раёна. «Мне ўжо за 80, — паведамляе яна. — Вы хочаце сказаць, што я — аднакласніца Ільі Мурамца? А мне ўсяго 20, астатняе стаж. Старасці ў палон я не здаюся, яшчэ працую, і праца мяне грэе не матэрыяльнай аплатай, а зносінамі з людзьмі, магчымасцю шмат чытаць, у тым ліку і газет. Мне падабаецца «Звязда». Яна шмат піша аб праблемах адукацыі, аб стане роднай мовы. Уразілі словы: «Наша бяда ўжо не ў там, што дзеці не могуць ці не жадаюць размаўляць на беларускай мове. Сітуацыя нашмат горшая: яны ўжо страцілі здольнасць да беларускага вымаўлення».

Мне захацелася пагадзіцца з гэтаю думкай і дадаць, што сітуацыя пагаршаецца яшчэ і таму, што ў наша жыццё ўрываецца засілле замежных слоў, піша Вера Віктараўна. З кожным днём, на мой погляд, нарастаюць патокі з «аўдытаў», «лізінгаў», «ф'ючараў», «свінгаў»... Раней адбываліся сустрэчы. Цяпер — брыфінгі ды раўты. Былі кавалеры, цяпер бой-фрэнды. У адной з газет убачыла здымкі абутку з надпісамі. Дык вось: тое, што раней было чаравікамі і туфлямі, цяпер стала нейкімі брогамі і монкамі... Як на мой погляд, назіраецца не толькі няўменне размаўляць з людзьмі на зразумелай ім мове, але і непавага да іх.

Згодна, мы не павінны глуха замыкацца ў рамках свайго слоўніка, трэба папаўняць яго, але ж ведаючы меру».

«На мой погляд, у пытаннях мовы мы павінны заставацца дзецьмі сваёй Айчыны, — сцвярджае спадарыня Церахава. І нагадвае: — «Памятаеце, у адной з казак народны герой, страціўшы мову, фактычна загінуў... Да жыцця яго вярнула жывая вада з родных крыніц. Вельмі хочацца спадзявацца, што мы не знямеем, не загінем, як нацыя, што мову сваю захаваем».

І, магчыма, сумесным клопатам усіх, каму гэта баліць, захаваем газету — адзіную (са штодзённых) беларускамоўную, амаль стагадовую, родную...

«Я нарадзіўся ў 1923 годзе ў вёсцы Бабаевічы Клецкага раёна Баранавіцкай вобласці, якая да 17 верасня 1939 года была пад Польшчай, — чытаем у лісце заслужанага настаўніка БССР Івана Апанасевіча з Магілёва. — Бацькі мае былі непісьменнымі. Маці замест подпісу ставіла крыжык, бацька мог чытаць па складах. Я скончыў сем класаў польскай школы, але беларускую мову вучыў толькі ў першым класе, адзін год, потым яе адмянілі, нягледзячы на тое, што амаль усе вучні былі беларусамі. Нас хацелі апалячыць...»

Пасля ў жыцці шаноўнага Івана Адамавіча была руская школа, політэхнічны інстытут, праца ў Магілёўскім будаўнічым тэхнікуме — жыццё ў рускамоўным, трэба разумець, асяроддзі. Але, нягледзячы на гэта, у сям'ю заўсёды прыходзіла «Звязда». Чаму? «Таму, што я, — піша спадар Апанасевіч, — беларус, і мова мая — беларуская. Я чытаю і выпісваю менавіта гэтую газету, каб помніць мову сваіх бацькоў, каб перадаваць яе сваім дзецям і ўнукам...»

Разам з чарговым лістом — падарунак: так званая «шапка» звяздоўскага нумара за 20 кастрычніка... 1993 года! «...Шукала сярод сваіх выразак рэцэпт ад адной хваробы, — піша спадарыня Вера Лойка з Дзяржынска, — і знайшла вось гэту газету. Лепшую частку яе адсылаю вам, разам са сваімі прызнаннямі ў любові... Я штодня чакаю прыходу «Звязды», з цікавасцю яе чытаю. І буду выпісваць, буду чытаць, пакуль глядзяць мае вочы...».

«Выбачайце за маё пісьмо, — дадае напрыканцы Вера Аляксандраўна, — бо чалавек я ўжо не малады і рэдка што пішу. А вам як змагла, так напісала, на беларускай мове, бо я таксама яе люблю».

Няма за што прабачацца нашым шаноўным падпісчыкам, бо ўсё ў іх лістах — як трэба! Яны добрыя і шчырыя, яны прасякнуты клопатам (не столькі пра сябе), у іх — жаданне падзяліцца назапашанай мудрасцю і жаданне па-ранейшаму нешта рабіць для таго, каб жыла краіна і ў ёй — мова.

А далей уявіце, што было б, калі б кожны, хто лічыць сябе беларусам, па-беларуску стаў размаўляць... Чытаць... Думаць... Каб таму ж стаў вучыць дзяцей...

Вы лічыце, што справа не ў мове? А ў чым? Напішыце. Гэты ж агляд рэдакцыйнай пошты хацелася б завяршыць тым, з чаго пачалі: радкамі з верша, напрыканцы якога слынны Пімен Панчанка піша:

...Ад нявер'я і тугі не плачу,

Веру:

Дабрыня людская ёсць —

Толькі ў працы з поўнаю аддачай

І ў каханні шчырым і гарачым,

І ў вачах даверлівых дзіцячых,

Дзе яшчэ не начавала злосць.

Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.