Вы тут

Проста з моста пусціць шугалею


Штотыдзень у эфіры тэлеканала «Беларусь-3» гульня «Размаўляем па-беларуску». Для таго, каб стаць яе ўдзельнікамі, неабходна зайсці на сайт http://tvrgomel.by або http://3belarus.by і праз банер «Размаўляем па-беларуску» запоўніць заяўку на каманду з трох чалавек. Папярэдне ж праверыць сваё веданне роднай мовы можна з дапамогай «Звязды». Ці ведалі вы, што:

Цвялі́ць — дражніць, раздражняць.

Галі́ць — зразаць брытвай валасы.

Шугале́я — вялікая лодка, выдзеўбаная з дрэва.

Адсо́так — сотая частка якой-небудзь велічыні. Па-беларуску можна сказаць «працэнт», а можна і «адсотак».

Жырандо́ля — асвятляльны прыбор пад столлю. Раней гэтае слова ўжывалася толькі ў дачыненні свяцільняў са свечкамі. А калі свечкі саступілі месца лямпачкам, то і сэнс крыху змяніўся.

Баля́са — точаны фігурны слупок у агароджы. Нацёртыя да бляску балясы былі сапраўдным творам мастацтва.

Ад'ядаць вантробы — даводзіць некага да адчаю, страшэнна хваляваць, надакучаць. Па-руску — «отравить душу», «вынести мозг», па-беларуску — «пераядаць косці», «выядаць душу». «Яна мне пустаслоўем гадзіны дзве вантробы ад'ядала, і я сказаў — адвесці да падвала». Гэтак у Міхася Клімковіча. А яшчэ пра чалавека, які моцна надакучаў, казалі: «выядае пячонкі, кішкі», а таксама «душу, сэрца».

Проста з моста — рабіць нешта спешна, не падумаўшы. Рускі аналаг — «пороть горячку», беларускія — «тарчма галавой», «не сабраўшы розуму». «Узяцца проста з моста за гэтую справу, нарабіць так можна шкоды для дзяржавы», — пісаў Я. Купала «Над ракой Арэсай». Выраз «проста з моста» часта ўжывалі ў сваіх творах і іншыя класікі літаратуры: Я. Колас, З. Бядуля.

Чарговыя выпускі тэлевіктарыны глядзіце ў эфіры «Беларусь 3» кожную суботу ў 11.10—11.25.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.