Вы тут

Час будавацца за ўласныя сродкі


Ужо традыцыйна напярэдадні новага года ўсіх жыллёвых чаргавікоў больш актыўна цікавяць пытанні, якія тычацца будаўніцтва жылля. Дзе плануюць узводзіць у сталіцы новыя мікрараёны і колькі арэндных кватэр паводле дзяржпраграмы атрымаюць беларусы ў наступным годзе? Аб гэтым і іншым ішла гаворка падчас анлайн-канферэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі з начальнікам упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Аляксандрам Горвалем.

5-30

Сталічным чаргавікам трэба «прыглядацца» да камерцыйнага будаўніцтва

Вядома, што жыхароў сталіцы нашай дзяржавы цікавіла пытанне перспектыў будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай. Хто цяпер на гэтую падтрымку можа разлічваць? Толькі шматдзетныя і іншыя льготнікі, ці нехта яшчэ?

Аляксандр Вітальевіч адзначыў, што ў Мінску і сапраўды існуе праблема шматдзетных сем'яў, бо прыток іх у сталіцу павялічыўся. Таму для гэтай катэгорыі ў межах краіны будуецца шмат жылля. Сёння шматдзетным сем'ям на працягу года трэба прапанаваць варыянты паляпшэння жыллёвых умоў для таго, каб выконваць заканадаўчую норму, вызначаную ўказам Прэзідэнта. Таму ў першую чаргу Мінгарвыканкам разглядае магчымасць забеспячэння жыллём менавіта іх. Што тычыцца іншых катэгорый, якія маюць права на першачарговае атрыманне жылля, то гэта таксама вызначана ўказам Прэзідэнта №13, дзе ўсе катэгорыі прапісаны. Далей ідуць проста чаргавікі, якія не маюць права на дзяржаўную падтрымку. Такіх у Мінску каля 240 тысяч сем'яў.

З гэтымі чаргавікамі крыху складаней.Трэба мець на ўвазе, што ў сталіцы змяншаецца аб'ём жыллёвага будаўніцтва. Калі раней будавалася да 1 млн 400 тыс. квадратных метраў, то сёлета будзе ўзведзены мільён «квадратаў», заданне на наступны год — ужо 900 тысяч квадратных метраў. Тэндэнцыя да зніжэння працягнецца і надалей, каб не сцягваць усіх жыхароў краіны ў Мінск. Таму ў сталіцы толькі каля паловы жылля будуецца для чаргавікоў, астатняе — гэта ўжо камерцыйнае жыллё, якое будуецца па долевым прынцыпе. Таму дачакацца ў сталіцы сваёй чаргі даволі праблематычна. Людзям трэба прыкладаць намаганні і ўкладваць уласныя фінансавыя рэсурсы ў сістэму камерцыйнага жылля. У долевым будаўніцтве цяпер вызначаны нарматыў, які прадугледжвае не больш за 5% прыбытку на такім камерцыйным будаўніцтве для тых, хто стаіць у жыллёвай чарзе. Пакуль гэта адзіная падтрымка дзяржавы для «стандартных чаргавікоў» пры камерцыйным будаўніцтве.

Праблема даўгабудаў будзе вырашана

Паводле апошняй інфармацыі Аляксандра Горваля, цяпер у краіне існуюць 32 дамы, якія аднесены да аб'ектаў, у якіх парушаны ўстаноўленыя тэрміны будаўніцтва. З кожнай такой пабудовай персанальна разбіраюцца і Мінбудархітэктуры, і мясцовыя выканаўчыя камітэты. Калі казаць пра засяленне ўжо гатовага дома, то пастаўлена задача праводзіць яго не пазней за месяц з моманту яго здачы. Для гэтага распрацавана нарматыўна-прававая база, якая дазваляе скараціць тэрміны ўсіх працэдурных момантаў, што папярэднічаюць засяленню. Таксама плануецца ўвесці адказнасць забудоўшчыка за тое, каб гэты перыяд быў не больш за месяц. Тут вызначаны і ўмовы засялення такіх дамоў. Чалавеку абавязаны спачатку прад'явіць жылое памяшканне, за якое ён ужо цалкам разлічыўся. Таму ў першую чаргу неабходна ўрэгуляваць усе фінансавыя адносіны. Пасля чаго дом павінен адпавядаць усім праектным рашэнням і тэхнічным характарыстыкам у частцы выканання канструктыўных элементаў і ў частцы падключэння інжынерных сетак. Таксама павінны быць ліквідаваны недахопы, калі яны ёсць, па асобных кватэрах. Пасля ўсіх гэтых працэдур сям'я абавязана атрымаць тое жылое памяшканне, якое ёй належыць па дагаворных адносінах.

Для гарадоў-спадарожнікаў галоўнае — інфраструктура

Падчас анлайн-канферэнцыі да Аляксандра Горваля звярнуліся жыхары Рудзенска, якіх хвалюе пытанне павярховасці ў будучых новых кварталах гэтага горада-спадарожніка. Ці зменіцца іх жыццё ў лепшы бок? Безумоўна зменіцца, але не так хутка, як чакаюць жыхары Рудзенска, лічыць Аляксандр Горваль. Зараз вядуцца праектныя работы, а да Рудзенска «рэальная справа» дойдзе не сёння. Падобныя работы ажыццяўляюцца ў асноўным у Смалявічах, і то на пачатковай стадыі.

Галоўная праблема гарадоў-спадарожнікаў — адсутнасць інфраструктуры. Пакуль нават адзін шматкватэрны дом непасільны для гэтых гарадоў, калі не стварыць магутную інфраструктуру. Яе трэба арганізоўваць на апярэджанне, для вялікай групы насельніцтва. Акрамя таго, неабходна паклапаціцца пра адпаведныя транспартныя зносіны, бо людзі працуюць у Мінску. Увогуле трэба маштабна ствараць працоўныя месцы, і гэта справа не аднаго дня і не аднаго года. Але працэс пайшоў, лічыць эксперт. Наша краіна трохі адстала ад сусветнай тэндэнцыі, калі ва ўсіх буйных гарадах ёсць свае гарады-спадарожнікі. З цягам часу, магчыма, не толькі ў сталіцы, але і ў абласных цэнтрах з'явяцца спадарожнікі. Але першы этап — гэта моцная інфраструктура, бо голыя сцены не вырашаюць жыллёвую праблему для чалавека. У Смалявічах так атрымалася, што першы дом пабудавалі ў чыстым полі, дзе ніякіх сетак няма. Цудоўны настрой людзей, якія павінны былі жыць у гэтым доме, сапсаваўся. Гэта кінула цень на саму ідэю гарадоў-спадарожнікаў. Таму цяпер тут не спешка патрэбна, а сістэмны падыход, для таго каб канчатковы прадукт быў якасны, упэўнены начальнік упраўлення.

Арэнднае жыллё прыватызаваць нельга

Цікава, а якую перспектыву чакае арэнднае жыллё, калі жыхары пражывуць у ім 10, 20 ці 30 гадоў? Ці дазволяць такое жыллё прыватызаваць? Зразумела, што падобнае пытанне не ў кампетэнцыі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, паколькі ўжо гатовым арэндным жыллём распараджаюцца мясцовыя выканкамы, а заканадаўчую базу вядзе Міністэрства ЖКГ.

Аднак суразмоўца адзначыў той факт, наколькі высокі попыт на гэты тып жылля. Новага арэнднага жылля будуецца пакуль няшмат, але гэтую структуру як канцэпцыю наладжваюць дзеля таго, каб стварыць умовы па некалькіх кірунках. Па-першае, збіць кошт арэнды на рынку ў цэлым, а па-другое, стварыць магчымасць перамяшчэння рабочай сілы: прыхільнасць да гэтага месца жыхарства запавольвае рух працоўных рэсурсаў.

Цяпер аб прыватызацыі. У бюджэт закладваюцца значныя сумы на будаўніцтва арэнднага жылля. Ці існуе сэнс потым яго пераафармляць? Гэта цягне за сабой павышэнне выдаткаў дзяржавы на будаўніцтва. Пытанне аб яго прыватызацыі пакуль увогуле не стаіць. Мінімальны дагавор арэнды —
5 гадоў, а далей ён можа прадаўжацца яшчэ неаднаразова. Дагавор можа быць скасаваны толькі ў выпадку нявыплаты арэнды і нядобрасумленнага стаўлення жыхара да жылога фонду. А калі ўсё нармальна, то чалавек будзе працягваць жыць у гэтым жыллі са сваёй сям'ёй, і дзеці змогуць працягваць арэндныя адносіны.

Ёсць яшчэ адно пытанне. Нават пры наяўнасці сістэмы дзяржаўнай падтрымкі ў выглядзе льготных крэдытаў і субсідый далёка не ўсе малазабяспечаныя слаі насельніцтва могуць абслугоўваць існуючыя льготныя крэдыты. Таму такая арэнда стане выйсцем для тых, хто не можа, з-за свайго невысокага даходу, выплачваць крэдыты. Плацяжы па арэндзе жылля меншыя, чым па крэдыце, а кошт дзяржаўнай арэнды ў 2-3 разы ніжэйшы за кошт камерцыйнай.

Рост Мінска будуць стрымліваць

Сёння агучаны падыходы кіраўніка дзяржавы і ўрада на гэты конт. Сапраўды, не трэба нарошчваць такімі інтэнсіўнымі тэмпамі колькасць насельніцтва ў Мінску, бо гэта пагаршае ўмовы жыцця гараджан. Тут у мностве раёнаў інфраструктура пачынае працаваць у напружаным стане і можа «забуксаваць» пры абслугоўванні такой колькасці насельніцтва. Пытанне ўзнікае і па працоўных месцах у тым ліку таму, што ў буйным горадзе ў нас не ствараюцца новыя вытворчыя магутнасці. Калі казаць пра нейкія канторы, то не яны сёння з'яўляюцца галоўнай прадукцыйнай сілай. Інтэлектуальны патэнцыял трэба развіваць па лініі стварэння Парка высокіх тэхналогій, Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка, які неўзабаве пачнуць будаваць, — вось па гэтых кірунках дазваляецца прыток насельніцтва ў сталіцы. Усё астатняе трэба рэгуляваць. У Мінску і так жыве амаль чвэрць насельніцтва краіны, лічыць Горваль. Гэта вельмі шмат па міжнародных параметрах.

Напэўна, праз нейкі час мы ўсё роўна выйдзем на павольнае пашырэнне межаў Мінска, бо вялікія жылмасівы знаходзяцца за межамі горада, але яны ўжо фактычна зліліся. Магчымыя нейкія змены і ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле, але на сёння палітыка такая, каб стрымліваць сталіцу ў тых межах, якія яна мае, упэўнены начальнік упраўлення.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.