Вы тут

Наш агульны клопат


Сур'ёзным бар'ерам на шляху распаўсюджвання наркотыкаў павінна стаць татальнае непрыманне іх грамадствам

Аб гэтым на нарадзе па пытаннях процідзеяння незаконнаму абароту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, паведамляе БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў краіне павінна быць выбудавана дакладная іерархія, якая будзе вызначаць не толькі галаўное ведамства, што будзе адказваць за гэты кірунак, але і паўнамоцтвы ўсіх адказных дзяржаўных органаў і іншых арганізацый. «Лішняга нічога пры гэтым быць не павінна. Сур'ёзным бар'ерам на шляху распаўсюджвання наркотыкаў павінна стаць татальнае непрыманне іх грамадствам. Фарміраванне адпаведнага светапогляду, заснаванага на традыцыйных для нашай краіны хрысціянскіх каштоўнасцях і іншых, — задача не толькі дзяржавы і сродкаў масавай інфармацыі, але і грамадскіх арганізацый, царквы, устаноў адукацыі і, самае галоўнае, сем'яў і грамадзян», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Тады ў спалучэнні з карнымі мерамі можна будзе дасягнуць неабходнага эфекту.

На нарадзе абмяркоўвалася ўдасканаленне нарматыўна-прававой базы, якая дала б магчымасць больш аператыўна і дзейсна змагацца з наркапагрозай. У сувязі з гэтым кіраўніку дзяржавы быў прадстаўлены праект адпаведнага закона. Ад удзельнікаў нарады Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў адказаў на некалькі пытанняў. Прэзідэнта цікавіла, наколькі меры па барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў, у тым ліку тыя, якія прапануюцца новым заканадаўчым актам, маюць комплексны характар і забяспечваюць процідзеянне ўсяму магчымаму спектру, ці даюць магчымасць прапанаваныя меры аператыўна рэагаваць і спыняць любыя хітрыкі з боку наркагандляроў і вытворцаў наркотыкаў.

Прэзідэнт нагадаў, што сёлета ў студзені быў выдадзены дэкрэт, які забяспечвае комплекснае процідзеянне абароту опіумнага маку; а гэта дало магчымасць скараціць яго ўжыванне. «Удалося яго скараціць — тут жа ўзнікла праблема са спайсамі. Што далей? Ці вырашае гэтую праблему прадстаўлены законапраект? Наколькі сёння мы можам дакладна спрагназаваць і папярэдзіць магчымыя новыя наркапагрозы ў бліжэйшай перспектыве? Ці дастаткова ў нас сіл і сродкаў? Напрыклад, ці ўмеем мы змагацца са схемамі распаўсюджвання наркотыкаў, якія прадугледжваюць шырокае выкарыстанне інтэрнэту?» — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, кіраўніка дзяржавы цікавіла, якія змяненні ў заканадаўстве прадугледжваюцца ў дачыненні да тых, хто спажывае наркотыкі, як вярнуць такіх людзей да нармальнага жыцця.

Аляксандра Лукашэнку асабліва непакоіць той факт, што кантынгент спажыўцоў наркотыкаў у Беларусі маладзее, у яго ўваходзяць школьнікі, навучэнцы прафтэхвучылішчаў, студэнты і іншыя катэгорыі моладзі. Павялічылася колькасць спажыўцоў курыльных сумесяў. Зарэгістравана больш за тысячу выпадкаў перадазіроўкі спайсамі. З іх 25 чалавек загінулі за два гады. «Гэта гора сям'і, дзяржавы і пагроза генафонду нацыі», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што на нядаўняй сустрэчы са студэнтамі педагагічнага ўніверсітэта закраналася гэтая праблема. «Тады я паабяцаў, што мы аб'яднаем усе намаганні для вырашэння такой стратэгічнай задачы, як фарміраванне працавітай, адукаванай, здаровай нацыі. Тады было сказана, якую небяспеку ўяўляюць алкагалізм і наркаманія. Гэта не проста бяда асобных заняпалых людзей, а сур'ёзны выклік сучаснасці і будучыні нашага грамадства і дзяржавы. І гэтая пагроза датычыцца абсалютна ўсіх, і ў тым ліку прысутных за гэтым сталом, таму што ў кожнага ёсць дзеці і ўнукі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт заклікаў падыходзіць да пытанняў барацьбы з незаконным абаротам наркатычных сродкаў менавіта з комплексных, агульнадзяржаўных, а не вузкаведамасных пазіцый.

Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным зрабіць больш строгім цяперашняе заканадаўства. «Для тых, хто асабліва вызначыўся ў гэтай сферы, — гадоў 20-25 яны павінны атрымаць. Тыя, хто менш вызначыўся, зразумела, менш. Скажыце, што гэта за градацыя, якія павінны быць тэрміны, мы ўсё запішам у закон. Дэпутаты нас падтрымаюць», — сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для злачынцаў у наркасферы неабходна ствараць максімальна строгія ўмовы ў месцах адбывання тэрмінаў. Што датычыцца тых, хто прызвычаіўся да спажывання наркотыкаў, то іх трэба лячыць. «Так, іх шкада, з аднаго боку, але іх трэба лячыць. Але не ў бальніцы, там, дзе нармальныя людзі лечацца, а ў такіх жа прафілакторыях, каб у яго не было часу падумаць аб нечым, акрамя сну і работы. А то ў нас некаторыя ў турму ходзяць па 10-15 разоў, як у дамы адпачынку», — адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўніку дзяржавы нядаўна было даложана аб двух фактах спынення дзейнасці цэлай наркаструктуры, у якой былі не толькі вытворцы, але і распаўсюджвальнікі наркотыкаў. «Нашы людзі ў міліцыі ведаюць іх у твар. Яны павінны сказаць, што да гэтай катэгорыі грамадзян мы павінны прымяніць, якія меры, каб іх паставіць на месца. Але і спажыўцы. Што трэба зрабіць для таго, каб гэты спажывец баяўся глядзець у бок наркотыкаў? На мой погляд, гэта галоўнае ў такім ланцугу. Вось вы і скажыце. Мы гэта ў закон запішам і зробім усё неабходнае, каб такі закон дзейнічаў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

 

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.