Вы тут

Многія праблемы — ад няведання правоў


На чарговым прыёме грамадзян па асабістых пытаннях старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік разам са спецыялістамі шукалі выйсце з заблытаных сітуацый.

З надзеяй вырашыць свае жыллёвыя пытанні з Горак у Магілёў прыехалі маці дзвюх шматдзетных сем'яў. Наталля Барысава разам з мужам і траімі дзецьмі прапісаны ў прыватным доме агульнай плошчай амаль 52 квадратныя метры. Летась іх уключылі ў жыллёва-будаўнічы кааператыў, але справіць наваселле не атрымалася. Жанчына абуралася тым, што доўгі час ім не называлі суму, якую трэба было ўнесці, не разгледзелі пытанне аб выдзяленні субсідыі і наогул пры выдачы даведкі аб займаным жылым памяшканні завысілі плошчу дома. Яна звярталася да старшыні райвыканкама, у сельскі Савет, але адказы яе не задаволілі. Пры гэтым, паскардзілася яна, чыноўнікі не заўсёды былі ветлівыя з ёю, а часам нават зневажалі.

Як высветлілася, у сям'і не знайшлося тых 118 мільёнаў уласных сродкаў, якія трэба было ўнесці падчас будаўніцтва. А таму нават дагавор з банкам на атрыманне льготнага крэдыту не быў заключаны. Сям'я спадзявалася пабудаваць кватэру ў элітным доме, дзе кошт аднаго метра складаў больш за 10,1 мільёна рублёў. Гэта пры тым, што дзейны нарматыў, ад якога залежыць памер ільготнага крэдыту, абмежаваны сумай 6,1 мільёна рублёў за квадратны метр. «Ці хапіла б шматдзетнай сям'і сродкаў пацягнуць такое далёка не таннае будаўніцтва?» — выказаў сумненні губернатар. І ўдакладніў у спецыялістаў, якія яшчэ новабудоўлі з'явяцца ў бліжэйшы час у Горках і колькі там будзе каштаваць квадратны метр. Заяўніцы было прапанавана разгледзець магчымасць уключэння яе сям'і ў адзін з двух 40-кватэрных дамоў, якія плануецца здаць у наступным годзе. Там фіксаваны кошт квадратнага метра жылля складае прыблізна 7,2 — 7,3 мільёна рублёў. Пётр Руднік таксама даў даручэнне правесці разбор наконт непаважлівага стаўлення да жанчыны з боку службовых асоб.

А вось Ларыса Шастакевіч, якая таксама разам з мужам выхоўвае траіх дзяцей, прыйшла на прыём ужо другі раз. Сям'і патрэбен ільготны крэдыт на куплю кватэры на другасным рынку жылля. Паколькі новае жыллё каштуе ў 2 разы даражэй, такі варыянт выглядае больш прывабна. Але сёлета ліміт ільготных сродкаў ужо выдаткаваны, і аблвыканкам звярнуўся ў Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва па карэкціроўцы пераліку жылля, фінансаванне якога адбываецца з улікам дзяржпадтрымкі. Але пакуль што адпаведная пастанова міністэрства не прынята. Жанчыну абнадзеілі, што шанцы на атрыманне крэдыту ў яе дастаткова высокія, і паабяцалі трымаць пытанне на кантролі.

Жыхарка магілёўскага аграгарадка Буйнічы прыйшла на прыём да губернатара разам з нявесткай і ўнукам. Па законе зарэгістраваць нявестку ў інтэрнаце, дзе яны жывуць разам, нельга. У выніку ўзнікаюць праблемы пры зваротах у медыцынскія і іншыя ўстановы. Напрыклад, за паслугі ў паліклініцы маладая жанчына павінна плаціць грошы, паколькі ў яе няма «прывязкі да мясцовасці». Зварот да губернатара дапамог разабрацца з гэтым і іншымі пытаннямі.

Пётр Руднік звярнуў увагу спецыялістаў на тое, што часцей за ўсё непаразуменні ўзнікаюць ад няведання людзьмі сваіх правоў. Тыя ж шматдзетныя не заўсёды ведаюць пра свае льготы. І не лішнім будзе прымаць грамадзян пры ўключаных дыктафонах. Маўляў, тады не будзе абвінавачванняў у тым, што службовыя асобы вядуць сябе непрыстойна. Што датычыцца зваротаў тых грамадзян, якія пабывалі на прыёме ў губернатара, усе яны ўзяты на асаблівы кантроль да поўнага вырашэння праблем.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.