Вы тут

Чужыя фота


Ці варта разам з памяццю аб колісь блізкім чалавеку выкрэсліваць памяць роду?

Прыяцельцы не тое што пашчасціла — такая ўдача падваліла, што ўсе, нават добразычліўцы, зайздросцяць зусім не белай зайздрасцю. Атрымала ў сталіцы жылплошчу, як кажуць, «на халяву». Чаго ёй гэта каштавала? Звычайнай чалавечай спагады і нераўнадушша. У старым «хрушчоўскім» доме, на цяністай невялікай вулцы ля парка Чалюскінцаў, дзе яны з мужам здымалі кватэру з адзіным прахадным пакоем і мікраскапічнай кухняй, на першым паверсе ў гэткіх самых «апартаментах» жыў Мікалай Іванавіч. Былы супрацоўнік Акадэміі навук, ён дажываў век, паглыбіўшыся ў сваю старэчую адзіноту, у паўцёмным ад вялізных кустоў бэзу і язміну ля пад'езда пакоі, сярод шматлікіх кніжак ды дваровых катоў, якія ўлетку падымаліся да яго ў кватэру па дошцы, выкінутай з акна, і з якімі дзяліўся сваім небагатым харчам. Ці была калі ў Мікалая Іванавіча сям'я, дакладна ніхто не ведаў. Казалі, нібы па маладосці ажаніўся, хутка развёўся, і жонка з дзіцем з'ехала да сваіх бацькоў, перарваўшы з былым мужам усялякую сувязь. Апошнія гады ён быў такі нямоглы, адзінокі, што маладая суседка проста не магла праходзіць міма. То дапаможа торбачку паднесці, то сама ў магазін збегае, купіць старому якога кефіру, а за свае грошы яшчэ і трохі смакаты прыбавіць, то катоў яго любімых падкорміць. Сусед аказаўся надзвычай цікавым субяседнікам, і яна за звычку ўзяла забягаць да яго на паўгадзінкі на чай... Карацей, калі Мікалая Іванавіча з цяжкім інсультам забрала «хуткая», уранку з бальніцы пазванілі менавіта ёй. Дзядок назваў гэты нумар як тэлефон сваякоў на выпадак, калі штосьці здарыцца. Хавалі Мікалая Іванавіча ўсім домам. Шукаючы патрэбныя дакументы, знайшлі ў камодзе тэлефонны нумар Гомеля з пазнакай «дачушка». Але на пахаванне ні «дачушка», ні хто іншы са сваякоў не прыехаў, хоць нумар аказаўся правільным, на тым канцы провада паведамленне аб смерці роднага чалавека сустрэлі раўнадушным маўчаннем. «Нічога, дойдзе, што кватэра засталася, — прыпруцца як міленькія», — злосна перагаворваліся паміж сабой суседкі. Памыляліся бабулі. Высветлілася, што Мікалай Іванавіч пра завяшчанне паклапаціўся і пакінуў кватэру з усёй яе амаль антыкварнай маёмасцю Марыне — той самай маёй прыяцельцы, якая яго ў апошнія гады даглядала. Які гэта ажыятаж выклікала ва ўсім доме і нават у суседніх — размова асобная. Але мае знаёмыя, якія ўжо каторы год не вельмі вынікова спрабавалі сабраць грошы хоць на які ўласны куток, разважылі, што на чужы рот гузіка не нашыеш, і пачалі рыхтавацца да наваселля. Кватэра была не тое што запушчаная — патрабавала капітальнага рамонту. Мэбля ж не падлягала ніякай рэстаўрацыі, ёй была адна дарога на сметніцу. Паважаючы памяць старога добрага чалавека, новая гаспадыня не стала выкідваць усе паперы, а перагледзела кожную. І знайшла — сапраўдны скарб для любога сучаснага чалавека, які цікавіцца гісторыяй свайго роду. Таму што дзядуля з сапраўднай скурпулёзнасцю вучонага-хіміка склаў «формулу»-радавод. Не толькі з «галінкамі» генеалагічнага дрэва (карані якога сягалі аж у шаснаццатае стагоддзе!), але і з апісаннем лёсаў асобных яго персанажаў, з цытатамі з архіваў, не толькі нашага, але і віленскага, і ленінградскага. Прыяцелька, знайшоўшы такое багацце, проста ахнула. Мы з ёй цэлы вечар тады сядзелі ў пустым пакоі на засыпанай тынкоўкай падлозе, разглядаючы тыя паперы. А калі разгарнулі старыя фотаальбомы ў палінялых аксамітавых вокладках — і наогул знямелі. Фота там былі — вы не паверыце — з тых самых часоў, як з'явілася сама фатаграфія. Асветленыя нейкай узвышанай прыгажосцю твары, якія бываюць толькі на старых здымках, глядзелі праз стагоддзе задумліва і пранікнёна. Былі тут і дамы ў шырокіх капелюшах, і барадатыя купцы, і сур'ёзныя мужчыны ў скураных паліто, і вайсковец з «лычкамі» лейтэнанта, і прыгажуні пасляваеннай пары ў плюшавых футрачках «пад коціка»... Гісторыя абсалютна чужой сям'і нечакана ўварвалася ў думкі і ўражанні, са сваімі дэталямі і прыглушанымі чорна-белымі фарбамі. М арына назаўтра пазваніла па ўжо вядомым гомельскім нумары — не тое што дзеля ачысткі сумлення. Мы былі ўпэўнены, што, якія б там адносіны са старым прафесарам ні складваліся ў яго родных, магчымасць забраць такую патрэбную кожнаму чалавеку спадчыну яны не ўпусцяць. Трубку зняла дарослая ўнучка Мікалая Іванавіча, як падалося, вельмі зацікавілася і абяцала абавязкова прыехаць. Было гэта ўлетку. Я пра тую гісторыю ўжо і думаць забылася і, нават калі перазвоньваліся ці сустракаліся з прыяцелькай, не цікавілася, ці прыязджала тая жанчына. А пазаўчора Марына пазваніла з навіной: тая ўнучка ў выхадныя з'явілася. Агледзела кватэру, чмыхнула штосьці кшталту «пасквапіўся дзядуля». Без асаблівай цікавасці прагледзела фота, спынілася толькі на здымку самога Мікалая Іванавіча: аказваецца, дзеда яна ніколі ў жыцці не бачыла. Рукапісны архіў нават не прагартала да канца, адклала ўбок. Зацікавілася толькі старой, пэўна, з пачатку 1950-х, настольнай лямпай: маўляў, павінен жа быў ён і мне нешта пакінуць. Хутка засунула яе ў сумку і падалася прэч. На пытанне Марыны, што рабіць з паперамі і альбомамі,  раўнадушна паціснула плячыма. «І вось што мне цяпер з гэтым архівам рабіць? — роспачна пытала сяброўка. — Выкінуць рука не падымаецца, а трымаць дзесьці на антрэсолях чужыя жыцці таксама не вельмі добра». «Хай паляжаць. Можа, тыя, гомельскія, адумаюцца», — парада, калі яе давала, здавалася такой слушнай і адзіна правільнай. А зараз вось думаю: наўрад ці...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.