Вы тут

Чалавек з ініцыяламі Багдановіча


Перад пачаткам гутаркі ён папярэдзіў: “У мяне два рэжымы: маўклівы і гаварлівы. Не ведаю, у якім вы засталі мяне сёння”. Нам падаецца, што незалежна ад рэжыму, субяседнік з яго надзвычай цікавы. Міхась Бараноўскі – асоба, глыбіня якой чытаецца ў шматкроп’ях паміж сказамі…

Міхась Бараноўскі

– Фішка вашага гурта ў тым, што вы ствараеце праграмы па творах класікаў літаратуры. Ці ёсць аналагі такога падыходу ў беларускай музыцы?

– Безумоўна. Першай у галаву прыходзіць праграма па Караткевічу “Скрыпка дрыгвы” — калектыўная праца Вольскага, Кулінковіча, Вайцюшкевіча. Вольскі рабіў альбом “Белая яблыня грому” на творы шэрагу аўтараў. Некалькі праектаў ёсць у Вайцюшкевіча: на словы польскага паэта Рафала Ваячка, а таксама Генадзя Бураўкіна. У бардаўскім асяродку на гэта таксама звярталі ўвагу: Раман Яраш і Андрэй Касцень зрабілі праграму “Купала / Караткевіч”. Калі пашукаць, знойдуцца яшчэ прыклады.

 

– Выходзіць, з’ява не новая. Ці сведчыць гэта пра тое, што беларуская літаратура добра кладзецца на музыку?
– Прынамсі, гэта этап, які кожная літаратура павінна прайсці. Пакуль сказаць, што беларускія паэты цалкам асэнсаваныя, нельга, таму тут ёсць што рабіць. Калі нават “Ляпіс Трубяцкі” з купалаўскага “Не быць скотам” здолеў зрабіць хіт, значыць, дзялянка сапраўды нераспрацаваная. На музыку ж можна пакласці хоць верлібр, была б цікавасць і імкненне раскрыць тэму. Мне ў гэтай працы падабаецца адсутнасць планамернасці і кан’юнктуры. Праграма “Леаніды” прыпала на юбілей Караткевіча, але за год да таго, як пачалі стварацца песні, я нават не ведаў, што ён вершы пісаў. Я адкрыў Караткевіча не толькі як празаіка, але як “свайго” паэта. Гэта было настолькі моцнае ўздзеянне, што з’явілася музычная праграма. Што датычыцца праграмы на словы Багдановіча, гэта для мяне было дзіва. Час ад часу я падступаўся, каб нешта напісаць, і тут раптам яно з’явілася само, амаль без аніякіх высілкаў і намаганняў. Як падсумаванне маіх ведаў пра гэтага чалавека і яго жыццёва-творчы шлях, барацьбу з цемрай і смерцю. Маё ж першае азарэнне — Караткевічам — з’ява не ўнікальная. Шмат хто прыходзіў да беларускасці праз яго, рамантычнага і моцнага, здольнага ўзрушыць і паказаць, што свет напоўнены не толькі банальнымі сюжэтамі і што ў ім ёсць месца маладому чалавеку. Пры вывучэнні беларускай літаратуры ў школе мне гэтага не хапала. Добра, што ў рукі трапіла кніга “Быў. Ёсць. Буду”, якая падштурхнула да больш глыбокага знаёмства з Караткевічам…

 

– А якія творы на якія пытанні далі адказ?

– Дзве паэмы — “Плошча Маякоўскага” і “Грубае і ласкавае”, змешчаныя ў рамане “Нельга забыць”. Я да той пары не ведаў, што беларуская паэзія можа быць настолькі эмацыйнай. Мне падабался чытаць Танка, Багдановіча, Купалу, але там не было таго надрыву, гіпербалізаванай эмацыйнасці, якой часам не стае чалавеку, асабліва ў юнацкім узросце. У Караткевіча гэта знайшлося, і нават з лішкам, хапіла, каб рушыць далей і паспрабаваць аформіць ягоныя творы ўласным мастацкім рашэннем.

Цалкам чытайце ў № 12 "Маладосці"

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.