Вы тут

Цаглінкі літпрацэсу ХХ ст.


Апублікавана ў газеце «Літаратура і мастацтва» 10.01.14 г.
_____________________________________________________________

 

Выдавецкі дом «Беларуская навука» сёлета завяршыў рэалізацыю вельмі значнага праекта. Пабачыла свет трэцяя кніга чацвёртага тома фундаментальнага даследавання «Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя». У цэнтры ўвагі апошняга выдання цыкла — айчынны літпрацэс 2000 — 2010 гадоў. На прэзентацыі кнігі, што прайшла ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі, сабраліся выдаўцы, аўтары, сябры рэдакцыйнай калегіі, а таксама героі даследавання — пісьменнікі, чыя творчасць аналізуецца ў гэтым томе.

Удзельнікі прэзентацыі звярталі ўвагу на розныя аспекты новага выдання, у сваіх прамовах акцэнтавалі асабліва значныя рысы праекта, надзвычайны аб’ём і складанасць працы, выключную важнасць грунтоўнага прадстаўлення творчасці беларускіх аўтараў, а таксама неабходнасць знаёмства з новай кнігай перадусім школьных настаўнікаў і ўніверсітэцкіх выкладчыкаў літаратуры. Так, дырэктар ЦНБ імя Якуба Коласа НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Аляксандр Груша ў прывітальным слове падкрэсліў:

— Сапраўдная ацэнка гэтай надзвычай вялікай працы яшчэ не дадзеная. Першыя тамы праекта пабачылі свет ужо даўно —
каля пятнаццаці гадоў таму, але каб асэнсаваць значэнне выдання, патрэбны яшчэ большы час. Варта памятаць пра значнасць перыяду, што разглядаецца ў серыі кніг, зважаць на імёны сапраўды вялікіх аўтараў, якія актыўна стваралі нашу літаратуру ў гэты час, а таксама імёны знаных даследчыкаў, якія прысвяцілі сваю дзейнасць вывучэнню іх спадчыны.

Знакавай падзеяй у жыцці Акадэміі навук краіны гэтую кнігу назваў акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Каваленя. Аляксандр Аляксандравіч зазначыў:

— Хоць мы і кажам, што перад намі — чатырохтомнік, але, падаецца, што гэта шэсць надзвычай аб’ёмных, значных і ў нейкай ступені самастойных кніг, якія акцэнтуюць увагу на літаратуры ХХ ст. Спадзяюся, што даследаванне сучаснай беларускай літаратуры яшчэ не скончылася. Сёння ў нас многа маладых актыўных пісьменнікаў, якія шмат працуюць, іх творчасць таксама варта вывучаць, аналізаваць, уводзіць у шырокі навуковы ўжытак.

Калі завяршаецца важная праца, заўсёды хочацца вярнуцца да вытокаў, згадаць, як усё пачыналася. Так, задума стварыць грунтоўную гісторыю беларускай літаратуры ХХ ст. узнікла ў тагачасным акадэмічным Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы ў вельмі няпросты час — у пачатку 1990-х гадоў. Падрыхтоўкай першых кніг, стварэннем канцэпцыі і канструкцыі ўсёй серыі апекаваўся дырэктар інстытута акадэмік Віктар Каваленка. Па ўспамінах кандыдата філалагічных навук, намесніка дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Сяргея Гараніна, Віктар Антонавіч вельмі шмат сіл уклаў у гэты праект, разглядаў персаналіі, рэдагаваў, нешта дапаўняў, нават пакінуў пасаду дырэктара і ўвесь свой час прысвяціў
працы над даследаваннем. Шмат увагі надаваў гэтаму грунтоўнаму выданню і акадэмік Іван Навуменка: для першых тамоў ён напісаў некалькі раздзелаў. «Але варта памятаць, што гісторыя ніколі не завяршаецца, як летапіс, які ніколі не можа скончыцца, — падкрэсліў Сяргей Лявонцьевіч. — Не толькі таму, што па-за межамі гэтага даследавання засталіся імёны, якія маглі б трапіць у кнігу, але і таму, што літаратурны працэс няспынны: ускладняюцца, адточваюцца методыкі даследавання, з’яўляюцца асобныя манаграфіі».

У якасці навуковага рэдактара апошняй кнігі «Гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст.» выступіў доктар філалагічных навук Сцяпан Лаўшук. Сцяпан Сцяпанавіч распавёў, што ў працэсе працы над фундаментальным шматтомнікам змяняліся кіраўнікі, падыходы. Першы том праекта пабачыў свет у 1999 годзе. Дзяржаўнага фінансавання хапіла таксама на падрыхтоўку і выпуск наступнага тома, але потым праца па напісанні гэтага даследавання ішла паралельна з асноўнымі заданнямі навукоўцаў — грошы на гісторыю літаратуры дзяржавай ужо практычна не выдзяляліся. У ліку адметнасцей выдання Сцяпан Лаўшук назваў і асвятленне тут беларускай літаратуры замежжа. «У цэлым жа можна сцвярджаць, што ўсе разам, талакой мы стварылі пантэон беларускай літаратуры ХХ ст., прадставілі імёны творцаў у абрамленні аглядных артыкулаў, дзе скрупулёзна даследавалі адметнасці айчыннага літпрацэсу ХХ ст.», — адзначыў навуковец.

Па меркаванні ўдзельнікаў прэзентацыі, выхад грунтоўнага даследавання гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст. стане стымулам для студэнтаў, маладых навукоўцаў звярнуць увагу менавіта на творчасць нашах сучаснікаў: ёсць база, на якой можна ствараць новыя працы.

Марына ВЕСЯЛУХА,
фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.