Незабытыя героі


Апублікавана ў газеце «Літаратура і мастацтва» 10.01.14 г.
_____________________________________________________________

 

100-годдзе пачатку Першай сусветнай, якое адзначаецца ў гэтым годзе, дало штуршок для выдання новых кніг, правядзення спецыяльных даследаванняў па гісторыі той Вялікай вайны. У Выдавецкім доме «Звязда» сёлета пабачыла свет дзве кнігі на гэтую тэму: «Апошні прытулак салдата», дзе прыведзены звесткі пра пахаванні салдат Першай сусветнай на тэрыторыі нашай краіны, і даследаванне Вячаслава Бандарэнкі «Палкаводцы і военачальнікі Першай сусветнай вайны — ураджэнцы Беларусі». Прэзентацыя работы В. Бандарэнкі прайшла 4 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Дата для прадстаўлення кнігі выбраная невыпадкова. Менавіта 4 снежня 1918 года спыніліся ваенныя дзеянні на ўсіх франтах Першай сусветнай: ад Балтыкі да Чорнага мора. Вайна скончылася, праз некаторы час было падпісана перамір’е. Значна, што праз стагоддзе падзеі амаль забытай вайны вывучаюцца і пераасэнсоўваюцца. Па словах першага намесніка дырэктара НББ Алены Далгаполавай, фонды галоўнай кніжніцы краіны за досыць кароткі прамежак часу папоўніліся больш як двума дзясяткамі новых выданняў, прысвечаных тэме Першай сусветнай. З гэтай нагоды ганаровы госць прэзентацыі старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец зазначыў:

— Нашы пісьменнікі пачынаюць даведвацца і па-мастацку асэнсоўваць многа новага, пра што раней не пісалі і нават не задумваліся. Мы шукаем выхадцаў з Беларусі, якімі можна сапраўды ганарыцца: выдатных военачальнікаў, навукоўцаў, творцаў, даследчыкаў. А В. Бандарэнка ўзяўся за вельмі складаную тэму і прысвяціў сваю працу вывучэнню няпростых вайсковых лёсаў нашых землякоў.

Аўтар даследавання «Палкаводцы і военачальнікі Першай сусветнай вайны — ураджэнцы Беларусі» В. Бандарэнка
распавёў:

— Кніга, пра якую сёння ідзе гаворка, складаецца з 25 нарысаў, дзе распавядаецца пра лёсы нашых землякоў — военачальнікаў і палкаводцаў, якія ў гады Першай сусветнай узначальвалі франты, арміі, карпусы. Тэма гэтая амаль не даследаваная, не пісалі на яе кніг, няма навуковых работ. Да прыкладу, летась выйшаў набор плакатаў «Военачальнікі і палкаводцы зямлі беларускай». Пабачыў яго ў кнігарні і напачатку вельмі ўзрадаваўся, бо чакаў знайсці ў ім нямала імёнаў тых, хто ваяваў у гады Першай сусветнай. Але казалася, што ў ліку амаль трох дзясяткаў персаналій — толькі адзін военачальнік таго часу. Задаўся пытаннем: няўжо стагоддзе таму наша зямля была настолькі бедная на ваенныя таленты? Вырашыў гэтую тэму даследаваць больш падрабязна. І неяк сама па сабе склалася кніга. У мяне часта пытаюцца: няўжо беларус мог зрабіць паспяховую кар’еру ў царскай арміі? Насамрэч, ніякіх асаблівых праблем тут не было.

Адметна, што ў сваёй кнізе В. Бандарэнка распавядае пра лёсы вайскоўцаў, якія пасля рэвалюцыі служылі ў абе-
дзвюх арміях: падтрымлівалі цара ў Белай і змагаліся на баку бальшавікоў у Чырвонай. Часам гэты ідэйны падзел праходзіў па беларускіх сем’ях, раздзяляючы братоў-вайскоўцаў. Даследчык зазначыў: «Часам і грамадзянская вайна, і рэвалюцыя нараджалі сапраўдныя сямейныя драмы. Бо нехта пасля рэвалюцыі служыў у царскай арміі, нехта пераходзіў на бок бальшавікоў. У прыватнасці, сям’я Махровых з Барысава. Сыны простага ляснічага Пётр і Мікалай сталі генераламі. Старэйшы атрымаў званне генерала ў 1917 г., яшчэ ў царскім войску, а затым узначальваў штаб Белай арміі. Яго малодшы брат Мікалай камандаваў дывізіяй у Чырвонай арміі. На жаль, пасля рэвалюцыі яны больш не сустракаліся».

Складаная праца В. Бандарэнкі не засталася без увагі. Так, падчас прэзентацыі ён быў узнагароджаны ордэнам «Кадэцкая слава». Сам жа аўтар выказаў прапанову навукоўцам задумацца пра напісанне маштабнага даследавання — і разгледзець усю вайсковую гісторыю Беларусі.

Марына ВЕСЯЛУХА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.