Вы тут

У чым абвінаваціць крытыка?


Апублікавана ў газеце «Літаратура і мастацтва» 10.01.14 г.
_____________________________________________________________

Чарговы нумар «Полымя» з задавальненнем пагартаюць аматары публіцыстыкі.
У рубрыцы «Дыскусія» галоўныя рэдактары розных мастацкіх выданняў разважаюць «дзе?», «як?» і «каму?» пісаць пра мастацтва. Людміла Грамыка, Святлана Уланоўская, Марына Давыдава, тэатразнаўца Наталля Якубава пераважна звяртаюцца да тэатральнага жыцця — і для прадстаўнікоў Беларусі вельмі актуальнае «пытанне наяўнасці глыбокай, прафесійнай мастацтвазнаўчай і культурнай аналітыкі».

Прадмова Юліі Алейчанка да своеасаблівага паэтычнага біенале стала цікавым праблемным артыкулам, дзе сабраны і пракаментаваны заўвагі маладых аўтараў датычна сучаснага літаратурнага працэсу. Прадмова відавочна разлічана на рэакцыю з боку крытыкаў, пісьменнікаў, чытачоў — і чаму б праз зварот да твораў новага нумара не абмеркаваць асобныя пытанні на старонках «ЛіМа»?

«...вострай праблемай маладыя паэты лічаць нераспрацаванасць аб’ектыўных крытэрыяў ацэнкі паэтычнага тэксту». Як выяўляецца, гэта праблема мае некалькі аспектаў. У тым ліку нібыта шчырае захапленне творамі сярэдняй мастацкай вартасці з боку (нібыта?) прафесійных крытыкаў. Гэта сапраўды можа ўвесці ў зман чалавека, які пачынае літаратурную творчасць, але зварот да небеларускіх выданняў дапаможа пазбыцца ружовых акуляраў. Дарэчы будзе працытаваць тут рэцэнзію Вячаслава Піліпенкі на паэтычны зборнік «Наталенне Радзімай»: «У М. Пазнякова нямала вершаў, ад якіх атрымліваеш тую дзіўную асалоду, якая звычайна напаткоўвае цябе, калі сустракаешся з мясцінамі, даўно і добра вядомымі, неаднойчы ходжанымі і пераходжанымі». Кансерватыўны чытач можа адчуваць «дзіўную асалоду» не столькі ад паэзіі, колькі ад магчымасці вандраваць па старых сцежках, бо новыя шляхі рызыкоўныя і нязвыклыя. Паверыць у гэта можна — і абавязкова трымаць на ўзбраенні!

Другі аспект праблемы — «адсутнасць выразных аб’ектыўных патрабаванняў», якіх аўтары чакаюць ад крытыкі. Такія патрабаванні варта шукаць хутчэй у навуковай літаратуры, чым у крытычных рэцэнзіях, і будуць тычыцца яны асобна жанру, метрыкі, сюжэтабудовы. Між іншым «рэцэнзіі з патрабаваннямі» таксама з’яўляюцца: пісьменніку пашанцавала на добрую знаходку, і твор мог атрымацца выдатным, але... Тут крытык дае прастору свайму ўяўленню і пачынае пазначаць, што трэба было зрабіць, каб давесці справу да ладу.

Напрыклад, у містычнай аповесці Віктара Кунцэвіча «Вярні маю душу...» ёсць інтрыга, якая можа «трымаць чытача да апошняй старонкі». Таксіст пазайздросціў кіроўцу суседняга «лексуса», і злы чорцік зрабіў так, што душа Андрэя Хруцкага трапіла ў цела Альфрэда Борчыка (і наадварот). Жонка паспяховага бізнесоўца Борчыка была каханай дзяўчынай Андрэя, але галоўны герой ужо мае сям’ю. Рэпліка з твора: «Падобныя сюжэты я бачыла ў кіно, але калі такое робіцца ў жыцці — гэта страшна».

Падзеі, верагодна, адбываюцца летам — але чаму б пісьменніку не напісаць аповесць як christmas-story, дзе містыка была б
больш дарэчы? Пабліскваў бы сняжок і елачныя цацкі, бруілася залатое шампанскае. Героі маглі б
быць нечым падобныя да амерыканскіх акцёраў, а рэаліі можна пакінуць нашы: старое таксі, бальнічная палата з дзясяткам ложкаў, пільная кансьержка Васільеўна ў гасцініцы. Насуперак дзелавой Наташы жонка Андрэя магла быць не звычайнай забеганай кабетай, а больш жаноцкай, сумнай, выкшталцонай...

Вельмі часта за такімі патрабаваннямі крытык не паспявае пазначыць, што ўжо зроблена пісьменнікам, як ацэньваць напісаную ім рэч. Прапаноў па ўдасканаленні твора можна зрабіць нямала, але хто іх бу-
дзе здзяйсняць? Адна справа — калі яны гучалі б ад суаўтара ці рэдактара, іншая — калі іх выказвае крытык, які мае справу з апублікаваным тэкстам. Але, магчыма, яны дапамогуць каму-небудзь у працы над іншым творам — і менавіта гэта маюць на ўвазе маладыя аўтары «Полымя», калі небезпадстаўна скардзяцца на недахоп «аналітычных матэрыялаў пра сучасную паэзію».

Калі крытык часам павінен выяўляць аб’ектыўныя заканамернасці, то з боку паэтаў, натуральна, вітаецца суб’ектыўнасць. Добры паэт мусіць быць унікальным — нават у вершах пра блізкія кожнаму рэчы. Так, лепшыя творы з падборкі Міколы Мятліцкага прывабліваюць шчырым уласным здзіўленнем і хваляваннем, у іх няма паэтычнай позы, а ўзнёслыя словы часам прамаўляюцца з іроніяй.

Магчыма, для лірыкі інтравертнасць — «гэта прыўкрасна», але было б няблага, каб хтосьці з паэтаў пісаў і ад імя «нас» — пра агульнае, жыццёвае, сацыяльнае, але без публіцыстычнага пафасу.

Асаблівасцю сучаснай беларускай літаратуры, на думку Ю. Алейчанка, з’яўляецца «немагчымасць выдзеліць лідараў», што тлумачыцца «невысокай якасцю камунікацыі паміж аўтарам і чытачом» і, магчыма, — засмечанасцю каналаў, па якіх гэта камунікацыя адбываецца. Сапраўды, вылучыць лепшых павінны хутчэй чытачы, а не прадстаўнікі літаратурнага асяроддзя, бо сёння таленавітых аўтараў у розных пакаленнях будзе не тры, і не сем, а некалькі дзясяткаў. Зрэшты, нават сярод адзінаццаці маладых паэтаў, творы якіх змешчаны пад агульнай прадмовай, выбраць лепшых не проста. Уласна мне найбольш спадабалася «Акцёрка Купалаўскага» Рамана Абрамчука — але выбар І. Саверчанка, У. Ліпскага, У. Гніламёдава, М. Кобец ды іншых аўтараў гэтага «Полымя», магчыма, будзе зусім інакшым. І гэта нармальна!

Алеся ЛАПІЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.