Вы тут

Ларыса РАКОЎСКАЯ, галоўны рэдактар часопіса «Алеся»: «Беларускі — класічныя ўсходнія жонкі»


Апублікавана ў газеце «Літаратура і мастацтва» 12.12.14 г.
_____________________________________________________________

Легендарнаму выданню для беларускіх красунь споўнілася 90 гадоў. Узрост часопісу толькі на карысць. У момант свайго стварэння выданне мусіла аб’ядноўваць, далучаць да працы і адукоўваць грамадзянак Савецкай краіны. З першых дзён у часопісе адбіваліся галоўныя палітычныя падзеі — калектывізацыя, стаханаўскі рух, ударныя пяцігодкі, перабудова. Але ўсё гэта — мінулае. Якая ж місія ў выдання сёння? Чым плануе зацікавіць чытачак новая «Алеся»? Як беларускаму брэнду не згубіцца сярод «глянцу»? Пра ўсё, у тым ліку журналісцкую жаноцкасць і ўсходні характар беларусак, — у размове з намеснікам дырэктара «Выдавецкага дома «Звязда» — галоўным рэдактарам «Алесі»
Ларысай Ракоўскай.

Зусім нядаўна, два месяцы таму, яна ўзначаліла часопіс, які ўвайшоў у склад «Выдавецкага дома «Звязда» і рыхтуецца да кардынальных змен. Зараз у «Алесі» пераходны перыяд. У рэдакцыі ідзе актыўнае фарміраванне новага творчага калектыву. Між іншым раніца ў галоўнага рэдактара звычайная: спевы будзільніка, духмяная гарбата, прагляд пошты, рапсодыя грамадскага транспарту. Самае цікавае і складанае —
на працы.

— У вас, напэўна, ёсць намер нешта памяняць у выданні часопіса, удасканаліць? Якіх змен чакаць чытачам?

— Фармат часопіса вымагае шматслаёвасці: россыпу сюжэтаў, арыгінальных і яркіх. Таму пераасэнсавання патрабуе і змест, і знешні выгляд «Алесі». Мне б не хацелася змен дзеля змен. Я не люблю нешта ламаць. Трэба знайсці кампраміс паміж захаваннем лепшых традыцый і выкарыстаннем сучасных тэндэнцый. Па-першае, у «Алесі» з’явяцца новыя рубрыкі. Наступны год у Беларусі абвешчаны годам моладзі. Мы настроены на тое, каб пашыраць аўдыторыю і прыцягваць чытачак маладога ўзросту. Што ім цікава? Канечне, чытаць пра саміх сябе — сучасніц. Сярод новых рубрык, якія хутчэй за усё знойдуць месца ў часопісе, —
«Алеся за рулём», закліканая дапамагаць жанчынам спасцігаць «філасофію» аўтамабіля і спраўляцца з нервовым дарожным рухам. «Мужчына мары», дзе можна будзе пабачыць інтэрв’ю з абаяльнымі і мужнымі джэнтльменамі. «Алеся» прапануе чытачкам і віртуальныя экскурсіі па музеях Беларусі і свету ў рубрыцы «Гісторыя адной карціны». На старонках выдання плануецца вырашаць юрыдычныя пытанні і расказваць не толькі пра беларусак, а і пра жанчын замежжа: напрыклад, жонак паслоў, праз асобы якіх раскрыецца і жыццё ў іншых краінах. Традыцыйныя рубрыкі нікуды не падзенуцца, хіба толькі назвы зменяць. Як і раней, у «Алесі» вы знойдзеце парады гаспадыням, цікавыя псіхалагічныя матэрыялы, інфармацыю пра сад і агарод, модныя рэпартажы, гістарычныя замалёўкі, сакрэты прыгажосці і здароўя. «Алеся» — часопіс, у якім знойдзе сябе кожная жанчына. І гэта тэндэнцыя захаваецца.

— Навагодні нумар часопіса здзівіць чытачак?

— Пакуль што ён будзе поўнасцю традыцыйным, але вельмі карысным. Навагодні фармат вымагае друкаваць тое, што ўсе хочуць пабачыць: кулінарныя парады, вясёлыя гісторыі ды іншыя святочныя цікавосткі.

— Гераіня «Алесі» — як Вы яе бачыце? Няўжо гэта бізнес-лэдзі?

— Быць добрай дачкой, клапатлівай маці, пяшчотнай жонкай і адначасова рэалізоўвацца як творчая асоба — абсалютна рэальна! Бачу вакол сябе шмат такіх жанчын. Дарэчы, яны і становяцца гераінямі «Алесі», бо прыйшлі ў свет, каб нешта стварыць. Няважна, працуе жанчына ў калгасе, на заводзе ці ўзначальвае офіс альбо спявае на сцэне. Цікавыя людзі не заўсёды навідавоку, але яны побач з намі.

— Якія ж, на вашую думку, увогуле беларускія жанчыны? Вось іспанкі, напрыклад, тэмпераментныя і гарачыя, а немкі славяцца халоднай, але яркай знешнасцю...

— Беларускі — класічныя
ўсходнія жонкі. Вельмі мудрыя, спакойныя, мяккія, вытанчаныя.
Яны ніколі не пярэчаць свайму мужу, але на самай справе скіроўваюць яго. Ствараюць хатні тыл. Я не вельмі люблю стэрэатыпы, але, калі гляджу на беларускіх жанчын, заўсёды радуюся: колькі прыхожых твараў! Прычым не маляваных, а ўнутрана абаяльных.

— «Алеся» аддае перавагу культурным мерапрыемствам у сферы літаратуры, мастацтва, музыкі? Якая ўвогуле місія ў сучаснага выдання?

— Неабавязкова, але заўсёды грамадскія падзеі адлюстроўваюцца менавіта праз жаноцкае ўспрыманне. Місія сучаснага часопіса, як і па-ранейшаму, — кансалідаваць беларусак, даваць
ім прастору для вырашэння праблем, абмяркоўвання жыццёвых калізій ці, наадварот, планаў адпачынку і творчых спраў. Тым больш што сучасныя беларускі працуюць шмат, вучацца ў некалькіх ВНУ, паспяваюць выхоўваць дзяцей — і наогул могуць даць фору любому мужчыне. Я лічу, што жаноцкія лёсы ў «Алесі» можна паказваць не толькі праз інтэрв’ю — гэты фармат, як раней, не павінен паўтарацца з нумара у нумар. Нарысы і рэпартажы, напрыклад, таксама маюць права на жыццё.

— Аўтарамі «Работніцы і сялянкі» ў свой час былі Якуб Колас, Янка Купала, Іван Шамякін... У цяперашняй «Алесі» пад рубрыкай «Творчасць» публікуюцца вершы і проза. Што і як трэба напісаць, каб патрапіць на вашыя старонкі?

— Лічу, што ў часопісе павінна быць больш гісторыі, а вось наконт паэзіі — спрэчна: ці патрэбна яна ў неспецыялізаваным выданні. Кароткія апавяданні часопіснага фармату, наадварот, будуць толькі вітацца — сур’ёзныя ці больш рамантычныя, жаноцкія. Пакуль што імкнуся зразумець: хто ж такая наша чытачка? Таму мы будзем чаргаваць высокамастацкія формы з лёгкімі і забаўляльнымі, рабіць высновы, што аўдыторыі больш падабаецца. Ясна адно: перавага будзе за беларускамоўнымі тэкстамі.

— Як Вы ставіцеся да сайта часопіса? Ці не пагражае знікненне папяровай версіі?

— Часопіс, які ляжыць на паліцы ў краме, і той, што «вісіць» у інтэрнэце, — зусім розныя рэчы. Мы выходзім раз на месяц, таму ў сеціве, вядома ж, доўгі час не павінна знаходзіцца адно і тое ж.
Сайт — гэта хуткасць рэагавання, там рэдакцыя размяшчае аператыўныя рэчы, тое, што ў часопісе нават не з’явіцца: навіны, афішы, маленькія парады. Папяровае выданне, наадварот, жыве доўга, яго можна пагар-
таць, адкласці, перачытаць зноў, таму ў ім больш разгорнутыя артыкулы.

— Уяўляеце «Алесю» гадоў праз дзесяць?

— Мару аб тым, каб «Алеся» стала грунтоўным тоўстым часопісам на добрай глянцавай паперы з прыгожымі фотаздымкамі —
накшталт маскоўскага «Каравана гісторый», але з нацыянальнымі адметнасцямі. Для гэтага патрэбны час і журналісцкія рукі.

— Ларыса Паўлаўна, навошта Вам журналістыка, такая
нервовая праца?

— Проста не бачу сябе ў іншай сферы. Бывае цяжка на дзвюх пасадах, але не скарджуся.
З дзяцінства марыла пра журналістыку. Уяўляла сябе сур’ёзнай дамай за вялікім драўляным сталом, дзе б велічна стаялі кава і пісьмовая машынка. Ведаеце, журналістыка —
адна з рэдкіх прафесій, у якой жаночыя недахопы становяцца перавагай! Гэта праца, у якой добра шмат балбатаць і быць вельмі цікаўнай, за што я яе і люблю (усміхаецца). Увогуле, на дрэнны настрой і нервы часу няма, а калі і з’яўляюцца павевы дэпрэсіі, рэцэпт адзіны: пера-
ключэнне. Веру, што ўсё горшае мінае. Калі «нахлынула» — можна прайсціся па крамах, напрыклад. Чароўную сілу шопінгу ніхто не адмяняў.

— Якой Вы бачыце сябе на пасадзе кіраўніка?

— Мае метады кіравання даволі простыя. Упэўнена, што калі ты быў адказным падначаленым у свой час, то станеш і добрым кіраўніком. Людзей трэба ўмець пачуць — вось што галоўнае. Я стаўлюся да сваіх працоўных абавязкаў шчыра, таму лічу, што ніякіх асаблівых праблем не будзе. Зразумела, у кожнага супрацоўніка ёсць свае інта-
рэсы, праблемы — з усімі трэба лічыцца, размаўляць і, галоўнае, дамаўляцца. Пра самадысцыпліну таксама не забываюся —
дрэнны настрой ці не, ёсць імпэт альбо знік, трэба працаваць самой і даваць пэўныя ўстаноўкі людзям.

— Ці ёсць у Вас уласныя рэцэпты прыгажосці?

— Захоўваць прыгажосць і ўнутраную раўнавагу лепш за ўсё дапамагае сон. Кожны дзень я трымаюся рэжыму: кладуся спаць у дзесяць гадзін. А ўвогуле згодная з Коко Шанэль у тым, што жанчына пасля сарака гадоў носіць той твар, які заслужыла. Таму чагосьці асаблівага ўжо няма сэнсу рабіць
(усміхаецца).

— Вы шчаслівая жанчына?

— Безумоўна, бо ўсё да мяне прыходзіць тады, калі гэта сапраўды неабходна. Я магла стаць кіраўніком шмат гадоў таму, але на той час не адчувала ў гэтым патрэбы. У кожным узросце свае радасці. У двац-
цаць пяць вольныя хвіліны былі патрэбныя больш за паветра. Зараз праца вымагае шмат часу, але гэта ўжо натуральна! Стараюся планаваць дзень так, каб хапала на ўсё, бо, як бы моцна я не знясілілася ў рэдакцыі, дадому павінна прыйсці ў добрым настроі. Ніколі не выказваю ў сям’і раздражнення на працоўныя праблемы. Яны ж ад гэтага не вырашацца! Ды і адмоўная энергія, якую ліў на кагосьці, нікуды не падзенецца. «Лунае» ў атмасферы, пераскоквае з аднаго на другога, пакуль не вернецца да цябе. Лепш пасядзець з роднымі за смачнай вячэрай, тады і гармонія будзе!

Гутарыла Марыя ВОЙЦІК

 

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.