Вы тут

Прыватны лёс калекцыянера


Апублікавана ў газеце «Літаратура і мастацтва» 10.01.14 г.
_____________________________________________________________

Мікалай Магільны — вядомая асоба сярод беларускіх калекцыянераў. Пік яго славы прыйшоўся на 70 — 80-я мінулага стагоддзя. Тады, праўда, далёка не ўсе спецыялісты здагадваліся, што ўяўляе з сябе яго прыватны збор. У размовах кіраваліся больш чуткамі: маўляў, ёсць у калекцыі Магільнага рарытэты, якіх ва ўсіх музеях
БССР днём з агнём не знойдзеш.

А мы вырашылі даведацца пра калекцыі Мікалая Васільевіча і яго лёс з першых вуснаў. Адразу папярэдзілі Магільнага, што нас цікавіць будучыня збору. Усё ж узрост у нашага героя далёка не юны… І, канечне, цяпер як ніколі паўстае пытанне пра заўтрашні дзень каштоўнасцей.

Магільны — нашчадак грэчаскіх перасяленцаў ва Украіну.
У Марыупалі і цяпер жывуць
яго родзічы. Перад самай вайной Мікалай закончыў ваеннае вучылішча. 22 чэрвеня 1941 года сустрэў у паўднёвым гарадку побач з Брэсцкай крэпасцю. Падчас адступлення патрапіў у канцлагер на Жытоміршчыне, адкуль змог уцячы да партызан. Быў камандзірам дыверсійных груп у Палескім партызанскім злучэнні. Пасля вайны працаваў журналістам, спартыўным трэнерам, загадчыкам кафедры ў адной з ВНУ, рэдактарам на тэлебачанні. Напісаў некалькі кніг па гісторыі спорту і Алімпійскіх гульняў.

Цяпер Мікалаю Васільевічу —
за дзевяноста… Але жывы розум, пачуццё гумару, энергічнасць, рухавасць — яго спадарожнікі і сёння. А яшчэ дадайце аптымістычны настрой, цікавасць да падзей у свеце і краіне. З такім чалавекам можна пагутарыць літаральна на любую тэму.

Калі ўваходзіш у мінскую кватэру Магільнага (а ёсць яшчэ і хутар на памежжы Пухавіцкага і Мінскага раёнаў), складваецца ўражанне, што трапляеш у архіў альбо музей. Прадаўгаваты вузкі калідор застаўлены вузкімі стэлажамі са страдаўнімі кнігамі. Паводле Магільнага, іх больш як 400 асобнікаў. Поруч — сучасныя і выданні апошніх дзесяцігоддзяў па гісторыі, баявых мастацтвах, беларускай нацыянальнай культуры. Заўважаеш мноства папак, у якіх (ізноў жа, паводле гаспадара) месцяцца розныя матэрыялы па гісторыі партызанскага руху ў Беларусі.
Асобна Мікалай Васільевіч вылучае падпольны рух у Брагінскім раёне. Ёсць і рукапісы нявыдадзеных кніг. У прыватнасці, рукапіс успамінаў яго, Магільнага, маці — дваранкі, выпускніцы Бястужаўскіх курсаў у Пецярбургу.

Дарэчы, і сам суразмоўца адзначыўся на літаратурнай ніве. Яшчэ ў 1960-я гады, што называецца, «па свежых слядах», напісаў аповесць «Тугай». Пра тое, што адбывалася на паўднёвым усходзе Беларусі, на тэрыторыі сучаснай Гомельскай вобласці, у 1943 годзе. У савецкі час кнігу надрукаваць не атрымалася. Уважлівыя «цэнзары» адразу заўважылі: у творы не праглядаецца «генеральная лінія партыі». А яшчэ былі ў тэксце маласімпатычныя водгукі пра савецка-фінскую вайну, якую Саюз фактычна прайграў. Не стрымліваў сябе Магільны і ў выказваннях адносна розных складанасцей акупацыйнага жыцця. Ва ўсечаным выглядзе аповесць надрукаваў «Нёман». Пасля яна выйшла асобнай кнігай. І ўсё ж Магільны шкадуе: шмат што ў гэтых выданнях было выразана і страчана.

Ды вернемся да апісання калекцыі. Уся яна знаходзіцца ў маленькай аднапакаёвай кватэры. Пад столлю — дзівосныя мініяцюры з саломы, ільну і лазы. Гэта работы майстра Таццяны Кізеевай. Побач — гліняныя і металічныя гладышы, чаркі, кубкі. Куды ні кінеш вокам — усюды паліцы і палічкі з экспанатамі.

Гаспадар выцягвае тоўсты і, па ўсім відаць, вельмі цяжкі альбом. Што гэта? Высвятляецца, у альбоме — галоўны гонар калекцыянера: збор металапластыкі з бронзы і латуні. Абразкі, паходныя складні, крыжыкі-
энкалпіёны, нацельныя крыжыкі, пачынаючы з самага старажытнага агатавага грэцкага машчавіка X стагоддзя з частачкай святых мошчаў унутры.

Нехта заўважыць: «Проста набор рэчаў…» Не пагодзімся. Гаспадар упарадкаваў сваю калекцыю. Рукапісны том у шэсць-
сот старонак дробнага тэксту і ёсць апісанне збораў. Знаходкі не толькі апісаны, каталагізаваны, але і класіфікаваны.

Сёе-тое засталося і для нас таямніцай калекцыі Магільнага. Не давялося зазірнуць у старадаўнія куфры, дзе, па словах гаспадара, сярод іншых ткацкіх вырабаў захоўваюцца два арнаты XVIII — XIX стагоддзяў: урачыстая царкоўная вопратка з нашытымі фрагментамі слуцкіх паясоў.

Мы наўмысна не распытваем калекцыянера пра яго падлікі наконт кошту таго ці іншага прадмета. Ды і, мяркуем, Магільны досыць рэдка сам пра гэта думае. За кожнай знаходкай — не толькі яго прыватны пошук, а і жаданне сістэмна прадставіць беларускую матэрыяльную культуру, дапамагчы праз сабранае паказаць, чым, якімі перакананнямі жылі нашы продкі, што адбывалася ў мінулыя стагоддзі на нашай зямлі.

Прасы, бязмены, абразы, куфры і чамаданы з ткацкімі вырабамі, старадаўні кухонны посуд… «Гэтыя прадметы наўрад ці прадасі на аўкцыёне «Сотбіс»», — чуюцца чыесьці сумніўныя развагі. Дык у чым тады «соль» калекцыі Магільнага? Вось што на гэты конт адказвае сам Мікалай Васільевіч: «Мае зборы прадстаўляюць у асноўным карціну жыцця беларусаў апошніх двух стагоддзяў. Прадстаўляюць, між іншым, дастаткова шырока і шматпланава…» І мы пацвярджаем: калекцыяй такога маштабу, як у Магільнага, маглі б ганарыцца музеі ў Строчыцах і Дудутках. Цяпер стала модным павесіць на лецішчы кола ад вазка, паставіць старыя кросны. Аднак у адрозненне ад «поп-культуры», калекцыя Магільнага — гатовы, сфарміраваны музей, які мог бы прыцягнуць увагу многіх людзей, улюбёных у сваю краіну, людзей, якія жадаюць адкрыць нешта новае. Знаёмства са зборамі Магільнага пераносіць у часы, якія мы можам толькі ўяўляць.

...Калекцыянерскі шлях Мі-
калая Васільевіча быў досыць
няпростым. Напрыканцы 1970-х
адна з беларускіх рэспубліканскіх газет надрукавала артыкул «Спыніце Магільнага!». Гэта была не проста лыжка дзёгцю, а сапраўднае абвінавачванне. У віну калекцыянеру ставіліся падман простых грамадзян, у якіх ён, маўляў, за капейкі скупляе рарытэты. І такі артыкул — не адзіная хмарка ў лёсе збіральніка даўніны. Не будзем унікаць у іх падрабязнасці. Калекцыянеры — людзі асаблівыя. Іх памкненні звычайны чалавек часцей лічыць сцяжальніцтвам. Тое, што мала прыцягвае абывацеля, падаецца малапатрэбным у звычайным побыце (старыя манеты, паштовыя маркі, гаршкі, жбаны і іншыя артэфакты), для калекцыянера — прадмет спаталення страсці. Недарэмна некаторыя людзі лічаць, што калекцыяніраванне не што іншае як лёгкае псіхічнае захворванне.

З другога боку, калі б не прыватныя калекцыянеры, каб не іх «хвароба», то хто б сфарміраваў аснову калекцыі Нацыянальнага музея Польшчы ў Кракаве (нагадаем: гэта быў наш суро-
дзіч Карл Чапскі са Станькава)? Хто б паклаў пачатак Нумізматычнаму кабінету ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, аддаўшы туды ўласную калекцыю манет (а гэта быў калекцыянер і вучоны, гісторык нумізматыкі Віктар Рабцэвіч)? Такіх прыкладаў нямала.

— Маё калекцыяніраванне, —
дзеліцца развагамі Мікалай Васільевіч, — некалі вырасла з эмацыянальнага штуршка. З 1942 года я партызаніў у трохкутніку Прыпяць — Днепр — Сож, уважліва назіраў за побытам палешукоў, людзей, якія жылі сярод балот. Людзей, якіх мала закранулі нашэсці чужаземцаў. Думаю, што якраз там захавалася «чыстая славянская раса». І чым болей назіраў за палешукамі — тым болей мяне захапляла іх культура, душэўная чысціня. Я да апошняй хвіліны жыцця буду ўдзячны жанчыне-паляшучцы, якая зацягнула мяне, параненага, з перабітай нагой, у хату, схавала на печы, накрыла льном
(у вёсцы стаяў нямецкі гарнізон). Яна не магла не разумець, што яе чакае, калі немцы знойдуць чырвонага камандзіра, які ўцёк з лагера. Хіба гэтае адвечнае жаданне беларусаў дапамагаць сваім братам і сёстрам у крытычнай сітуацыі не сведчыць пра веліч нашага народа?! І мне, калі прыехаў у Мінск у ліпені 1944 года, захацелася нечым аддзячыць людзям, нейкім чынам захаваць фрагменты ўбачанага і асэнсаванага мною народнага жыцця. А яшчэ тады, у першыя пасляваенныя гады, людзі, якія выжылі, шмат што выкідвалі, бо імкнуліся пазбавіцца ад старога, тым самым пазбавіцца ад жахаў блізкага ўчора. І гэтая акалічнасць таксама была пэўным матывам збіральніцтва…

Мікалай Васільевіч частуе гарбатай. На хвіліну замаўкаем. Магільны расказаў пра сына, які загінуў у 1960-я, падчас службы на флоце. Іншых прамых спадчыннікаў у калекцыянера няма. Як складзецца лёс калекцыі Магільнага? Збіральнік даўно заклапочаны гэтым. Частку экспанатаў перадаў у музеі Строчыц, Навагрудка, Гродна, Вязынкі… Кнігі гатовы падарыць Нацыянальнай бібліятэцы. Спрабуе весці перамовы з іншымі музейшчыкамі і чыноўнікамі ад культуры. Праўда, гарачай зацікаўленасці да прыватнага музея Мікалая Магільнага не заўважана.
І дарэмна.

Мо ўсё ж яшчэ прыйдзе час, калі лёсам збораў Магільнага заапякуецца якая з дзяржаўных інстытуцый?

Максім ЗАЗЕРКА,
Уладзімір ЗЯНЬКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.