Вы тут

У АДЗІНСТВЕ І КАНСАЛІДАЦЫІ — НАША СІЛА


Выступленне Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Рубінава А.М. на закрыцці шостай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання 19 снежня 2014 г.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі, запрошаныя і журналісты!

Сёння мы завяршаем работу шостай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання. У сувязі з гэтым хацеў бы падвесці вынікі нашай дзейнасці за гэты перыяд, коратка спыніцца на некаторых падзеях у нашай краіне і за мяжой, а таксама абазначыць асобныя задачы на міжсесійны перыяд.

Безумоўна, адной з найважнейшых, я сказаў бы, лёсавызначальных падзей для нашай краіны ў адыходзячым годзе стала ратыфікацыя Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе. З 1 студзеня 2015 года для Беларусі, Расіі, Казахстана, а таксама Арменіі, якая далучаецца да гэтага саюза, пачынаецца прынцыпова новы этап развіцця інтэграцыйных узаемаадносін. У адпаведнасці з дагаворам краіны ствараюць адзіны 170-мільённы рынак для свабоднага перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталу і рабочай сілы. Няма сумненняў, што такі эканамічны саюз — гэта добра для нашых народаў, тым больш што ён заснаваны на даўніх дружалюбных сувязях паміж нашымі краінамі.

Разам з тым трэба разумець, што ў працэсе функцыянавання Еўразійскага эканамічнага саюза могуць узнікаць пэўныя цяжкасці і праблемы. Гэта цалкам зразумела, паколькі наладка такога складанага інтэграцыйнага механізма запатрабуе часу. Важна толькі, каб усе ўзнікаючыя праблемы вырашаліся на раўнапраўнай аснове, у духу дружбы і ўзаемнай павагі. А галоўнае, на аснове строгага выканання падпісаных пагадненняў, якія былі адобраны парламентамі ўсіх краін і, значыць, маюць сілу закону. Такая пазіцыя нашага Прэзідэнта, такая пазіцыя нашай краіны.

Каб пазбегнуць у будучым якіх-небудзь інцыдэнтаў, якія маглі б перашкодзіць нашым інтэграцыйным намаганням, неабходна, каб любыя непаразуменні ў сферы гандлёва-эканамічных адносін краін-партнёраў вырашаліся не ў аднабаковым парадку, а на аснове разгляду гэтых пытанняў інтэграцыйнымі органамі кіравання Еўразійскага эканамічнага саюза, якія спецыяльна для гэтых мэт і былі створаны.

Вы разумееце, што я маю на ўвазе нядаўні выпадак, калі Расія ў асобе канкрэтнага ведамства — Рассельгаснагляда — у адзін момант забараніла пастаўкі ў краіну мясной і малочнай прадукцыі адразу больш як дваццаці беларускіх прадпрыемстваў. Я не буду паглыбляцца ў дэталі і прычыны такіх рашэнняў — гэта тэма дастаткова падрабязна абмяркоўвалася ў СМІ. Ды справа тут і не ў дэталях. Справа ў маштабах і форме такога рашэння, якое наш народ расцаніў не інакш як нейкі недружалюбны крок у адносінах да Беларусі. Спадзяюся, што гэты канфлікт будзе ў бліжэйшы час поўнасцю вычарпаны.

Думаю, што нам усім трэба вынесці з яго сур'ёзныя ўрокі і не дапускаць такіх з'яў у будучым. Трэба зрабіць усё, каб тыя вялікія надзеі, якія народы нашых краін ускладаюць на Еўразійскі эканамічны саюз, не ўступілі б месца расчараванню. А для гэтага ўсім удзельнікам еўразійскага рынку трэба на першае месца ставіць не скарацечныя эгаістычныя выгады, а сумеснае развіццё перспектыўных і ўзаемавыгадных магчымасцяў, якія адкрываюцца ў рамках новай інтэграцыйнай структуры.

Але ў сувязі са згаданым інцыдэнтам узнікае і іншая праблема, а менавіта — праблема якасці прадуктаў харчавання, якія паступаюць на нашы прылаўкі.

Гэта найважнейшае пытанне, ад якога залежыць здароўе нашай нацыі і ад якога нашы парламентарыі не павінны стаяць убаку. І гэта пытанне мае два складнікі — якасць прадуктаў харчавання, якія вырабляюцца ў нашай краіне, і прадуктаў, што імпартуюцца з краін Еўразійскага эканамічнага саюза.

Вядома, са свайго боку мы павінны прыняць усе меры для таго, каб на беларускіх прадпрыемствах выключыць нават самыя малыя парушэнні тэхналогіі на ўсіх этапах вытворчасці, захоўвання і рэалізацыі прадукту. Неабходна яшчэ раз прайсціся па ўсіх нашых вытворчасцях і яшчэ раз вельмі строга праверыць выкананне імі ўсіх санітарна-эпідэміялагічных норм.

Але як быць з прадуктамі харчавання, якія завозяцца, скажам, з Расіі? У Беларусі ж, у адпаведнасці з патрабаваннямі кіраўніка нашай дзяржавы, жыццёва важныя прадукты харчавання вырабляюцца ў строгай адпаведнасці з нормамі ДАСТа. А гэтыя нормы цалкам выключаюць падмену натуральных інгрэдыентаў, устаноўленых рэцэптурай, якімі-небудзь заменнікамі больш нізкай якасці. Напрыклад, ніхто ў нас не мае права замяніць у каўбасе мяса на сою, сланечнікавы алей — на пальмавы, уводзіць у прадукты лішнія, шкодныя для здароўя дабаўкі і г.д. і да т.п. Гэта значыць, у адпаведнасці з законам беларускія прадукты павінны мець дастаткова высокую якасць і не павінны змяшчаць шкодных заменнікаў і дабавак. А калі нехта недзе недапрацаваў, парушыў тэхналогію, значыць, ён парушыў закон.

У Расіі ж сітуацыя зусім іншая. Там прадпрыемствы маюць права вырабляць прадукцыю не ў адпаведнасці з ДАСТам, а па тэхнічных умовах, якія кожнае прадпрыемства ўстанаўлівае само для сябе. Гэта значыць, закон не забараняе вытворцу выкарыстоўваць замест натуральнай сыравіны тыя ці іншыя заменнікі, не ўстанаўлівае строгай прапорцыі паміж харчовымі інгрэдыентамі нават у прадуктах адной маркі, прадастаўляе большую свабоду для прымянення розных дабавак, часта шкодных для здароўя чалавека. А калі ўсе гэтыя дабаўкі і будуць надрукаваны на ўпакоўцы дробным шрыфтам, то не кожны пакупнік можа ў іх разабрацца.

Трэба адзначыць, што расійская грамадскасць сама вельмі заклапочана якасцю сваіх прадуктаў харчавання і даўно настойвае на заканадаўчым увядзенні ў гэтай сферы ДАСТа замест ТУ. Але пакуль пытанне не вырашана. І ў расійскіх СМІ па-ранейшаму бурна абмяркоўваюцца шматлікія факты нізкай якасці і нават небяспечнасці вырабляемых там прадуктаў для здароўя людзей.

Таму выклікае пэўную трывогу тое, што з пачаткам функцыянавання Еўразійскага эканамічнага саюза расійская прадукцыя, у тым ліку і тая, што не адпавядае прынятым у нас патрабаванням, можа хлынуць на нашы прылаўкі. І нам, парламентарыям, трэба ўжо цяпер думаць аб тым, як на заканадаўчым узроўні адрэгуляваць гэту сітуацыю з тым, каб наша насельніцтва не пацярпела ад завозімых няякасных прадуктаў харчавання.

Але, у рэшце рэшт, гэта ўсё прыватныя, хоць і немалаважныя для нас праблемы. Усе яны могуць і павінны знайсці сваё рашэнне, не тармозячы і не аслабляючы агульнага руху ў бок нашай інтэграцыі.

Галоўнае — у іншым. Сёння міжнародная абстаноўка настолькі ўскладнілася, настолькі ўзмацніліся канфрантацыйныя працэсы паміж Захадам і Расіяй, што любыя, нават дробныя супярэчнасці, калі яны ўзводзяцца ў прынцып, могуць спарадзіць элементы недаверу паміж саюзнікамі, а значыць, аслабіць пазіцыі не толькі самой Расіі, але і Саюзнай дзяржавы, і навастворанага Еўразійскага эканамічнага саюза. Гэтага нам дапусціць нельга.

Сёння ў свеце ідзе вялікая палітычная гульня з вялікімі стаўкамі. І наколькі ў ёй удасца выстаяць, адстаяць свае інтарэсы, правы і пазіцыі, у многім залежыць ад адзінства нашых краін, нашых брацкіх народаў і нашых кіраўнікоў. Гэта выклік гісторыі, яго трэба прымаць сур'ёзна, і яму трэба процістаяць усім разам. Сёння не час для дробязных разладаў, асобасных амбіцый або эгаістычных памкненняў тых ці іншых суб'ектаў гаспадарання, якімі ўплывовымі яны ні былі б. Гісторыя не даруе нікому з нас, калі мы не знойдзем у сабе дастаткова мудрасці для таго, каб, адкінуўшы ўбок усё дробязнае і другараднае, забяспечыць неабходнае адзінства і з'яднанасць ва ўсіх нашых дзеяннях.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Падводзячы вынікі нашай работы за перыяд шостай сесіі Савета Рэспублікі, спынюся на асабліва важных напрамках нашай дзейнасці. Перш за ўсё адзначу, што намі прынята 66 пастаноў Савета Рэспублікі, адобрана 52 законапраекты, у тым ліку 24 аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў, прыняты да ведама 2 дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

На сесіі адобраны такі важны для нашай краіны законапраект, як рэспубліканскі бюджэт на 2015 год, які сфарміраваны на аснове параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь і з улікам ацэнкі выканання бягучага бюджэту. Адначасова ўнесены змяненні і дапаўненні ў Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь, дзякуючы якім будуць вырашаны праблемныя пытанні ў галіне падаткаабкладання і спрошчаны парадак вылічэння і выплаты канкрэтных падаткаў.

Я не буду пералічваць усе законы, якія мы з вамі прынялі ў перыяд гэтай сесіі. Вы іх усе добра ведаеце, нагадаю толькі аб некаторых з іх, якія таксама вельмі важныя для нашага грамадства. Да іх належаць законы аб энергазберажэнні, аб гарантаваным кампенсаванні банкаўскіх укладаў фізічных асоб, аб лекавых сродках, аб рынку каштоўных папер і шэраг іншых.

Вялікае значэнне маюць змяненні і дапаўненні, якія былі ўнесены ў шэраг заканадаўчых актаў. Яны закранулі самыя розныя сферы жыццядзейнасці грамадства: работу органаў мясцовага кіравання і самакіравання, правядзенне кадастравай ацэнкі зямлі, работу чыгуначнага транспарту, пахавальную справу, бяспеку суднаходства маламерных суднаў, паляванне і рыбалоўства, ахову жывёльнага і расліннага свету, забеспячэнне пагранічнай бяспекі, пытанні ваеннага становішча, воінскага абавязку, сродкаў масавай інфармацыі, процідзеяння гандлю людзьмі і шэраг іншых.

Адзін толькі гэты зусім не поўны пералік паказвае, наколькі шырокім колам пытанняў даводзіцца займацца парламентарыям і якімі тэмпамі развіваецца і ўдасканальваецца заканадаўчая база нашай краіны.

Асобна хачу спыніцца на Дэкрэце Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 5 «Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый». Гэты дакумент вельмі неабходны ў цяперашніх сучасных умовах. Настаў час, калі трэба ўсім — і кіраўнікам, і работнікам — максімальна адказна падысці да сваіх абавязкаў, з тым каб забяспечыць эфектыўную работу ўсіх нашых арганізацый і прадпрыемстваў незалежна ад формы ўласнасці. Толькі пры гэтай умове мы зможам захаваць суверэнітэт і гарантаваць устойлівае развіццё нашай краіны.

Акрамя сесійных заданняў, нашы сенатары актыўна працавалі над законапраектамі ў фармаце парламенцкіх слуханняў, сумесных пасяджэнняў пастаянных камісій абедзвюх палат, семінараў, круглых сталоў з шырокім удзелам спецыялістаў і грамадскасці. Цалкам апраўдала сябе такая форма работы, як навукова-кансультатыўныя саветы. Іх у нас створана два: адзін — па пытаннях развіцця эканомікі і другі — па пытаннях сацыяльнай сферы. Па сутнасці, гэта новыя, вельмі эфектыўныя парламенцкія пляцоўкі для абмеркавання і ўсебаковага аналізу вельмі важнай для краіны праблематыкі.

У бягучым годзе Прэзідыум Савета Рэспублікі разам з работнікамі Сакратарыята ўпершыню правёў работу па маніторынгу практыкі прымянення некаторых законаў. Атрыманы вопыт паказаў, што гэта вельмі карысны напрамак нашай дзейнасці. Ён дае магчымасць не толькі ацаніць дзейснасць раней прынятых заканадаўчых актаў, але і выпрацаваць шэраг рэкамендацый па іх далейшым удасканаленні.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Адной з найважнейшых задач нашага парламента з'яўляецца пашырэнне і абарона нацыянальных інтарэсаў краіны на міжнароднай арэне. Асаблівую ўвагу тут неабходна ўдзяляць пытанням пашырэння рынкаў збыту айчынных тавараў за мяжой, прыцягненню інвестыцый у нашу краіну і ўмацаванню іміджу Беларусі ў свеце.

У сувязі з гэтым я хачу адзначыць, што, дзякуючы актыўнай рабоце членаў Савета Рэспублікі, у гэтай сферы дасягнуты пэўныя станоўчыя вынікі.

Новы змест атрымала супрацоўніцтва нашага Савета Рэспублікі з Саветам Федэрацыі расійскага парламента, аб чым сведчыць паспяховае правядзенне першага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Пашырана геаграфія кантактаў у Азіі і Лацінскай Амерыцы, на якасна новы ўзровень выйшла двухбаковае ўзаемадзеянне з заканадаўчымі органамі Турцыі, Шры-Ланкі, Лаоса.

У прыватнасці, у кастрычніку адбыўся афіцыйны візіт парламенцкай дэлегацыі Рэспублікі Беларусь у Турэцкую Рэспубліку, які стаў важным крокам на шляху далейшага ўмацавання міждзяржаўнага партнёрства дзвюх краін. Прымаючы нашу парламенцкую дэлегацыю, Прэзідэнт Турэцкай Рэспублікі Рэджэп Таіп Эрдаган афіцыйна заявіў, што разглядае Беларусь як асноўнага партнёра на паўночным напрамку.

У час сустрэч са старшынёй Вялікага нацыянальнага сходу Турэцкай Рэспублікі Джэмілем Чычэкам, кіраўнікамі горада і правінцыі Стамбул былі дасягнуты дамоўленасці аб пашырэнні міжрэгіянальных сувязяў і развіцці шэрагу перспектыўных для супрацоўніцтва напрамкаў.

У лістападзе адбыўся першы афіцыйны візіт парламенцкай дэлегацыі нашай краіны ў Шры-Ланку. Гэты візіт даў магчымасць не толькі вызначыць асноўныя напрамкі міжпарламенцкага супрацоўніцтва і ўзмацніць каардынацыю ў міжнародных парламенцкіх арганізацыях, але і абмеркаваць пытанні гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння ў рамках беларуска-ланкійскага бізнес-форуму.

Новы імпульс беларуска-в'етнамскім міжпарламенцкім адносінам надала праведзеная ў Савеце Рэспублікі сустрэча з дэлегацыяй Сацыялістычнай Рэспублікі В'етнам на чале з Генеральным сакратаром Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Нгуенам Фу Чонгам, які ў мінулым узначальваў Нацыянальны сход В'етнама.

Не пакінулі без увагі парламентарыі і еўрапейскі вектар міжпарламенцкага супрацоўніцтва. У прыватнасці, аб павышэнні ўзроўню парламенцкага ўзаемадзеяння ішла размова на нядаўняй сустрэчы ў Савеце Рэспублікі з першым намеснікам старшыні ўрада — міністрам замежных спраў Рэспублікі Сербія Івіцам Дачычам. У ходзе гэтай сустрэчы бакі абмеркавалі шэраг пытанняў, маючых узаемны інтарэс, у тым ліку пытанні развіцця супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай сферы і рэалізацыі сумесных інвестыцыйных праектаў і вытворчасцяў.

На паляпшэнне ўзаемаразумення паміж Беларуссю і Еўрасаюзам былі накіраваны сустрэчы членаў Савета Рэспублікі з прадстаўнікамі парламентаў Германіі, Аўстрыі, Францыі, Вялікабрытаніі, Польшчы, Літвы, Чэхіі і Еўрапарламента.

Трэба таксама адзначыць актыўны ўдзел нашых прадстаўнікоў у 131-й Асамблеі Міжпарламенцкага саюза і парламенцкай структуры Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятывы, на якіх беларускі бок выступіў з шэрагам прапаноў наконт пераадолення некаторых праблем сучаснага свету.

Традыцыйна вялікая ўвага была ўдзелена міжпарламенцкім адносінам з Расійскай Федэрацыяй. Адным з асноўных мерапрыемстваў у гэты перыяд стала сорак сёмая сесія Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, на якой быў прыняты бюджэт Саюзнай дзяржавы на наступны год.

Члены Савета Рэспублікі прымалі актыўны ўдзел у дзейнасці Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД і Парламенцкай Асамблеі Арганізацыі дагавора аб калектыўнай бяспецы.

Трэба таксама адзначыць работу членаў Савета Рэспублікі ў міжнародных місіях па назіранні за выбарамі народных дэпутатаў Украіны і дэпутатаў парламента Рэспублікі Малдова.

Паважаныя калегі! Хачу адзначыць, што нашы сенатары на працягу разглядаемага перыяду актыўна працавалі таксама і ў рэгіёнах. Шэраг з іх прынялі ўдзел у сесіях Саветаў дэпутатаў і пасяджэннях выканкамаў у абласцях, раёнах і гарадах рэспублікі, ажыццяўлялі прыём грамадзян і ўдзельнічалі ў разглядзе іх зваротаў.

Хачу вас праінфармаваць, што ў справаздачны перыяд у Савет Рэспублікі паступіла 2186 зваротаў, у тым ліку 1815 электронных. Усе яны былі разгледжаны, і на ўсе былі дадзены адказы. Як паказвае практыка, электронная форма зваротаў становіцца ўсё больш папулярнай. Яна рэзка пашырае магчымасці для грамадзян выказаць свае меркаванні, звярнуцца са скаргамі або ўнесці прапановы па тых ці іншых пытаннях. Вядома, гэта істотна павышае нагрузку на членаў Савета Рэспублікі і работнікаў сакратарыята, але разам з тым дае магчымасць нам даволі аператыўна атрымліваць інфармацыю аб адносінах грамадзян да прымаемых законаў і выяўляць вузкія месцы ў нашым заканадаўстве.

Як заўсёды, вялікую ўвагу сенатары ўдзялялі ўзаемадзеянню са СМІ. У перыяд асенняй сесіі наша дзейнасць знайшла адлюстраванне ў 150 матэрыялах электронных і друкавых сродкаў масавай інфармацыі. Члены Савета Рэспублікі выступалі як з тлумачэннямі па нядаўна прынятых законах, так і па многіх іншых пытаннях, якія ўяўляюць інтарэс для нашага насельніцтва.

У сувязі з гэтым я хачу выказаць удзячнасць журналістам, акрэдытаваным у Савеце Рэспублікі, за аб'ектыўнае і аператыўнае асвятленне нашай работы.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

2015 год для ўсіх нас асаблівы, паколькі ў гэтым годзе адбудуцца выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Трэба мець на ўвазе, што не толькі кіраўнік дзяржавы, але і ўсе мы будзем трымаць справаздачу перад выбаршчыкамі аб праведзенай рабоце. Таму наша задача — прыняць самы актыўны ўдзел у мерапрыемствах, звязаных з правядзеннем перадвыбарнай прэзідэнцкай кампаніі, і давесці да кожнага выбаршчыка тую дзяржаўную палітыку, якую ў імя ўмацавання і працвітання краіны праводзіць наш Прэзідэнт. Трэба гаварыць з людзьмі сумленна, адкрыта, зразумелай мовай. Умець пераканаўча паказаць на фактах і прыкладах, як змянілася і якіх каласальных вынікаў дасягнула Беларусь за апошнія дваццаць гадоў.

Наш народ разумны, ён усё ацэніць і зробіць правільны выбар. У гэтым няма ніякіх сумненняў.

Дарагія сябры!

У наступным годзе па ўсёй рэспубліцы пройдуць памятныя мерапрыемствы і ўрачыстасці, прысвечаныя 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Акрамя таго, кіраўніком дзяржавы 2015 год аб'яўлены ў нашай краіне Годам моладзі. Важна, каб работа па гэтых двух напрамках была ўзаемаўвязана і накіравана на патрыятычнае выхаванне моладзі. Гэта асабліва актуальна ў цяперашні час, калі ў свеце робяцца спробы перапісаць гісторыю, абяліць паслядоўнікаў фашызму, прынізіць подзвіг нашага народа, які цаной вельмі вялікіх ахвяр адстаяў свабоду і незалежнасць Радзімы, выратаваў ад карычневай чумы краіны Еўропы. Наша моладзь павінна ведаць праўду пра вайну, ганарыцца подзвігам свайго народа і аказваць шэфскую дапамогу ветэранам.

Паважаныя калегі!

Набліжаецца Новы год. Карыстаючыся магчымасцю, хачу нагадаць, што цяпер у нашай краіне праводзіцца дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». Прашу вас знайсці час і наведаць школы, дзіцячы дамы, інтэрнаты і павіншаваць хлопчыкаў і дзяўчынак з навагоднімі святамі.

На заканчэнне дазвольце падзякаваць вам за сумесную плённую работу, павіншаваць з надыходзячымі Калядамі і Новым годам, пажадаць вам і вашым блізкім здароўя, дабрабыту, міру, ажыццяўлення вашых планаў і жаданняў!

Дзякуй за ўвагу.

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.