Вы тут

Здзівіць за 180 секундаў


Чым плануюць «узяць» журы і гледачоў прэтэндэнты на «Еўрабачанне»?

Ужо на наступным тыдні, увечары 26 снежня, адбудзецца гала-канцэрт фіналістаў нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне», па выніках якога ў фаворы застанецца толькі адзін з пятнаццаці — той (ці тая або тыя), хто і прадставіць налета Беларусь на конкурсе.

Большасць з гэтых артыстаў і калектываў ужо добра знаёмыя шырокаму колу гледачоў, але пра некаторых публіка дагэтуль не можа зразумець, хто гэтыя людзі. «Звязда» вырашыла пазнаёміць усіх ахвотных з фіналістамі бліжэй і распытала саміх артыстаў, чым за 3 хвіліны, што доўжыцца нумар, можна ўразіць суддзяў і аўдыторыю ў самае сэрца. А для большай зручнасці мы падзялілі ўдзельнікаў на некалькі ўмоўных груп:

«Старажылы»

Пальма першынства ў гэтай групе, безумоўна, належыць Гюнеш. Для спявачкі, якая бярэ ўдзел у адборы з 2005 года, сёлетні фінал будзе ўжо шостым (!). Пасля шэрагу няўдач, калі Гюнеш заставалася літаральна ў адной прыступцы ад перамогі, і пасля леташняга бліскучага выступлення на альтэрнатыўным конкурсе Turkvіsіоn многія былі ўпэўнены, што артыстка наогул кінула гэту справу.

Gunesh

—Насамрэч мяне ўгаварыў муж, — прызналася спявачка. — Ён сказаў: «Ты нічога не губляеш, калі не пройдзеш, а галоўнае — я ж бачу, ты атрымліваеш ад гэтага задавальненне».

У фінале Гюнеш выканае абсалютна фарматную для конкурсу баладу «І bеlіеvе іn а mіrасlе», музыку да якой напісала сама, а на сцэне кампанію ёй складуць бэк-вакалісты і, магчыма, ветрадуй.

Не менш вопытны баец «Еўрабачання» і Жанет, якая пасля адбору 2004 года (першы раз, калі Беларусь удзельнічала ў конкурсе) шмат разоў змяніла імідж і музычны кірунак. Летась яна ўразіла вельмі простым, але эфектным нумарам з пераадзяваннем на сцэне — цікава, што рыхтуе сёлета?

—На гэты раз пераадзявання не будзе, — смяецца Жанет. — Задум для нумара насамрэч было вельмі многа, і ўсе незвычайныя, але не ўсе падыходзяць для сцэны, на якой пройдзе канцэрт. Пакуль што працуем, днямі ўжо атрымалі пэўны рэквізіт з‑за мяжы, дызайнер таксама запэўніла, што ў яе ўсё ў парадку. А яшчэ на наступным тыдні прыляцяць са Швецыі дзяўчаты — аўтаркі песні «Suреrnоvа», якія будуць са мной на сцэне ў якасці бэк-вакалістак.

Janet

Трэці ў «ветэранскім» спісе — гурт Rоstаnу. Не здзіўляйцеся, калі гэтая назва вам незнаёмая. Насамрэч вакаліст калектыву Віктар Рудэнка, перш чым перайсці ў электрахаўс, вывеў на вялікую сцэну гурт Dаlі, з якім, між іншым, тройчы ўваходзіў у фінал нацыянальнага адбору, але ўсё чагосьці не хапала для пераканаўчага выступлення. На гэты раз, паводле слоў менеджара калектыву, рыхтуецца брутальны нумар: «Мы адзіны бойз-бэнд сярод фіналістаў, таму наша задача — раскрыць сапраўдную мужчынскую прыгажосць. Гэтым і будзем здзіўляць. Ёсць некалькі крэатыўных задумак (напрыклад, звязаных з робатамі), але ўсё залежыць ад таго, як успрымуць нашы ідэі арганізатары. Рыхтуем таксама харэаграфічную пастаноўку, але заўзята танчыць хлопцы не будуць, усё ж яны «прывязаны» да інструментаў — спадзяюся, танчыць пад нашу завадную песню «Еlесtrіс Tоуs» будуць гледачы!».

Rostany

Рэгіёны

Пра некалькіх удзельнікаў мала вядома проста таму, што яны рэдка «свецяцца» ў сталічнай эстраднай тусоўцы, бо жывуць і працуюць у рэгіёнах. Так, гурт Muzzаrt, які мае ўжо 12‑гадовы сцэнічны вопыт і мноства музычных узнагарод і прэмій у кожнага з 6 музыкантаў, родам з Брэста. Яны — гэта і джаз, і сальса, і румба, і кавер-версіі сучасных хітоў, запатрабаваных як у «рэстаранным» фармаце, так і на канцэртах. Уражваць збіраюцца завадным электрасвінгам у стылі Амерыкі 20‑х гадоў.

Muzzart

Дзявочае трыа «Беатрыс» — з Магілёва. Тры сяброўкі-спявачкі, за плячыма якіх, між іншым, праца ў абласной філармоніі, заявілі аб сабе яшчэ ў 2012 годзе — праўда, не на радзіме, а ва Украіне, дзе бліскуча выступілі на шоу «Х‑фактар». У беларускіх жа творчых конкурсах дзяўчаты часам чулі прысуд «нефармат». Чым збіраюцца здзівіць прыхільніцы стылю соўл аматараў «Еўрабачання»? Артысткі толькі загадкава ўсміхаюцца і абяцаюць, што не расчаруюць.

beatres

Яшчэ адна ўраджэнка Магілёва, Tаshа ОDІ, таксама здабыла вядомасць за межамі роднага горада дзякуючы ўдзелу ў мюзікле Ільі Алейнікава «Прарок», дзе выконвала галоўную жаночую партыю. Акрамя таго, Наталля Адзінцова (гэта пашпартнае імя спявачкі), якая жыве цяпер у Маскве, паспяхова рэалізуе сябе ў бізнесе і ў творчасці, а пару гадоў таму прымала ўдзел і ў расійскім адборы на «Еўрабачанне». Дарэчы, цікавая дэталь: у цяперашніх конкурсных песень Наталлі і Жанет — адны і тыя ж шведскія аўтары.

tasha_odi

Навічкі

Некаторыя з сёлетніх фіналістаў гучна заявілі аб сабе параўнальна нядаўна. Напрыклад, Валерыя Садоўская толькі летась перамагла ў тэлепраекце «Акадэмія талентаў» і пакуль што мае ў актыве не надта шмат канцэртных выступленняў, таму ў падрыхтоўцы нумара дзяўчына разлічвае найперш на свайго настаўніка і прадзюсара Леаніда Шырына.

sadovskaya

Гурт Nароlі мае крыху больш як двухгадовую гісторыю. Летась калектыў ужо ўваходзіў у фінал нацыянальнага адбору, але пазней пасля трагічнай гібелі свайго тагачаснага саліста Ільі Краўчука апынуўся наогул пад пагрозай роспуску. Тым не менш, сабраўшыся з сіламі, у абноўленым складзе трыа працягвае штурм «Еўрабачання» і сёлета, прысвяціўшы сваю песню «Mу drеаms» памяці сябра.

napoli

Але, бадай, самым нашумелым — задоўга да свайго з'яўлення — стаў дзявочы гурт MІLKІ (мінчанкі Таццяна Стахоўская і Ганна Рай, Вікторыя Назарко з Гродна, Таісія Серыкава з Гомеля і Марына Путнікава з Горак), які спецыяльна для ўдзелу ў конкурсе сабраў пераможца «Еўрабачання‑2009» Аляксандр Рыбак і напісаў для іх песню пра адметнасць і прыгажосць беларускага акцэнту. Ходзяць чуткі, што ў фінале Аляксандр складзе сваім падапечным кампанію на сцэне… «Не, такога дакладна не будзе, — абвяргае Дзіяна Вашкель, РR-менеджар прадзюсарскага цэнтра, які прадстаўляе інтарэсы Рыбака ў СНД. — Сам нумар у параўнанні з праслухоўваннем дакладна зменіцца: Саша прапанаваў вельмі прыгожую харэаграфічную пастаноўку, над якой дзяўчаты цяпер працуюць. Дарэчы, нягледзячы на тое, што Аляксандру даводзіцца шмат працаваць, ён пастаянна трымае сувязь з групай і пільна сочыць за работай. А яшчэ адзначу такі прыемны момант, што нас падтрымаў Філіп Кіркораў, які напісаў у сацыяльных сетках прыязны водгук, і пераможца «Еўрабачання‑2007» Марыя Шэрыфавіч. Паколькі гэта апошняя з пераможцаў, хто спяваў на сваёй нацыянальнай мове, Саша вельмі ўзрадаваўся і палічыў гэта добрым знакам».

Milki

Хлопцы

Салістаў у фінале ўсяго трое. Падапечны прадзюсара Уладзіміра Кубышкіна баяніст Віталь Варанко адзначыўся не толькі ў «Акадэміі талентаў» і леташнім адборы на «Еўрабачанне», але таксама фурорам у польскім шоу «Голас» і ўдалымі эксперыментамі з беларускамоўным рэпертуарам. На конкурс, праўда, прадставіць рускамоўную кампазіцыю «Драйв». І баян — куды ж без яго.

Voronko

Саліст прадзюсарскага цэнтра «Спамаш» Аляксей Грос на вялікай сцэне гучных поспехаў пакуль што не дэманстраваў — паціху спрабуе сілы ў розных конкурсах. Затое ў леташнім адборы ён праявіў сябе як сапраўдны мужчына і адказны прафесіянал, зняўшы ўжо ўхваленую заяўку, якая парушыла правілы.

Gross

Нямногія памятаюць, але Дзяніса Ліса можна таксама назваць «старажылам» адбору на «Еўрабачанне», бо першы раз ён далучыўся да ўдзелу яшчэ ў 2007 годзе, дапамагаючы Дзмітрыю Калдуну напісаць песню «Анёл мары». Песню ў выніку замянілі, але затое Дзіма паказаў найлепшы з усіх беларусаў вынік на конкурсе — 6‑е месца. А Дзяніс Ліс, які сёлета, дарэчы, таксама выступіў на «Еўрабачанні» (як бэк-вакаліст Тэа), вырашыў нарэшце выйсці з ценю — і цяпер ужо сябар дапамог яму з запісам песні пад назвай — будзеце смяяцца — «Аngеl». «Усё развіваецца па спіралі», — усміхаецца Дзяніс, прызнаючыся, што ўдзел у «Еўрабачанні» сапраўды зацягвае, і ён адчувае ў сабе сілы для таго, каб зноў выйсці на сцэну форума, але ўжо як галоўная дзеючая асоба.

Lis

«Непрадказальныя»

Юрый Наўроцкі, ён жа Uzаrі, некалькі раз штурмаваў адбор — і спыняўся ў кроку ад поспеху. А сёлета, глытнуўшы напоўніцу «еўрабачанскай» атмасферы падчас дзіцячага конкурсу (ён выступаў аранжыроўшчыкам песні беларускай удзельніцы), раптам узяў і ўсіх здзівіў — падаў заяўку зноў, прычым нечакана ў тандэме са скрыпачкай Маймунай. Атрымалася смела, энергічна і надзіва прыгожа. «У фінале будзе не горш, — абяцае артыст. — Песню дапрацоўваць не будзем — пастараемся наогул зрабіць усё загадзя, каб на сцэне атрымліваць кайф ад выступлення. А сам наш нумар можна апісаць адным словам — «будучыня».

Uzari2

А вось спявачка Дарыя, наадварот, збіраецца цалкам перапрацаваць конкурсны нумар на песню «Lоvе іs mу соlоr», музыку да якой напісала яна сама. І чаго ад яе чакаць, не прызнаецца.

Daria

Невядома пакуль, і чаго чакаць ад Настассі Малашкевіч. Падапечная Паўла Клышэўскага ўражвае моцным голасам і яркай харызмай, але на фоне мноства такіх жа жаночых балад можа як згубіцца, так і «стрэліць» у апошні момант.

malashkevich

Вопытныя прадзюсары і ўдзельнікі мінулых адбораў дагэтуль не бяруцца рабіць прагнозы на чыюсьці адназначную перамогу, адгаворваючыся, што ўсё вельмі заблытана. А вы ўжо вызначыліся са «сваім» кандыдатам?

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Фота аўтара, БЕЛТА.

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.