Вы тут

Клятва сапраўднага воіна


9 тысяч навабранцаў тэрміновай службы і рэзервістаў у розных кутках Беларусі ўрачыста прысягнулі на вернасць Радзіме.

20-17

Людзей у электрычцы на Барысаў так шмат, што яна нагадвае ранішні цягнік сталічнага метро. Тысячы дарослых мужчын і жанчын, маленькіх дзетак едуць у ваенны гарадок Печы на прысягу сваіх сыноў, братоў, жаніхоў, сяброў. Для кожнага падрыхтавана вялізная сумка з хатнімі прысмакамі. Ужо пасля прысягі салдаты атрымаюць першае звальненне, і гэтыя торбы адкрыюцца, у паветры залунаюць знаёмыя хатнія пахі.

Стоячы на страявым плацы 72-га гвардзейскага аб'яднанага вучэбнага цэнтра, кожны спрабуе ўбачыць свайго абаронцу Айчыны сярод сотняў ваеннаслужачых.

20-18

— Саня, усміхніся! — крычыць камусьці з хлопцаў з аўтаматамі вясёлы голас. — Армія толькі наперадзе!

У кагосьці напружанае чаканне выклікае добры настрой ад хуткай сустрэчы, а ў іншых — непакой.

— Хвалююся, безумоўна, — пераступае з нагі на нагу Яўген Раманаў, які на прысягу да ўнука Дзімы прыехаў з Віцебска і чакае доўгачаканай сустрэчы з ім у кампаніі з другім дзедам. — Пры Савецкім Саюзе я служыў у ракетных войсках асаблівага прызначэння. Сваякі тады не мелі магчымасці прысутнічаць на прысязе. А тут з'явіўся такі шанц, нельга яго не выкарыстаць.

Прысяга адбываецца хутка. І пасля праходжання ўрачыстым маршам перад гасцямі, хлопцы на некалькі хвілін трапляюць у абдымкі блізкіх, фатаграфуюцца, каб назаўжды пакінуць памяць аб гэтай значнай падзеі.

20-19

— У нас прысягу па традыцыі прымае шмат вайскоўцаў. Гэтым разам — каля 2 тысяч чалавек, — кажа гвардыі палкоўнік Рынат Муратаў, намеснік начальніка 72-га гвардзейскага Аб'яднанага вучэбнага цэнтра. — Безумоўна, для кожнага салдата гэта вельмі знамянальны дзень. Вы самі бачылі, колькі гасцей было на прысязе. Прысутнічаў генерал-маёр Міхаіл Пузікаў, намеснік міністра абароны. Зразумела, мы павінны былі паказаць, што іх тут ужо нечаму навучылі. У новага папаўнення было ўсяго два тыдні на падрыхтоўку, але прайшлі ўсе добра. Як заўважыў намеснік міністра абароны, страявая падрыхтоўка была на добрым узроўні. Гэта, найперш, заслуга камандзіраў, а таксама саміх салдатаў, якія праявілі стараннасць і імкненне ў навучанні. Амаль кожны дзень я ладжу абходы, назіраю працэс баявой падрыхтоўкі і чую, як яны пазітыўна выказваюцца наконт службы. Задаволены ўмовамі, стаўленнем камандзіраў. І будзе вельмі добра, калі падобны настрой у іх захаваецца да заканчэння службы.

— Дарэчы, у Печах заўжды такі ажыятаж на прысязе?

— Рэч у тым, што мы рыхтуем новае папаўненне не толькі для сябе, але і для іншых воінскіх часцей. Два разы на год прыводзім да прысягі вялікую колькасць асабістага складу. Вы толькі ўявіце, да кожнага (а сёння тут прысягнулі 1700 з лішнім чалавек) прыязджаюць ад 5 да 10 гасцей. Зараз тут знаходзіцца каля 10 тысяч чалавек. А сёлета ў нас быў устаноўлены сапраўдны рэкорд: да аднаго хлопца на прысягу прыехалі 42 чалавекі!

Тарас ШЧЫРЫ. г. Барысаў.

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.