Вы тут

Смейся, паяц, над разбітым каханнем…


 Тэатр — месца, дзе віруюць страсці

Пакрыўджаны муж забівае жонку літаральна на сцэне, на вачах у публікі. Гэта не тэлеперадача Андрэя Малахава. Але прыклад таго, як тэатральная драма можа стаць драмай жыцця. А ў наш час — яшчэ і падставай для відэасюжэтаў, выкрывальных артыкулаў, «жоўтых» рэпартажаў. Вось і папарацы ўжо на месцы, абступілі месца здарэння з усіх бакоў, гатовыя раздзьмуць сенсацыю… Яны таксама сталі героямі спектакля «Паяцы» Нацыянальнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, хоць першапачаткова ўсё ж гэта была гісторыя драматычнага кахання тых, хто іграе каханне перад іншымі.

20-21

Пра гэта захацеў расказаць італьянскі кампазітар Руджэра Леанкавала ў асобнай оперы. Асновай для лібрэта стала рэальная гісторыя, сапраўдны выпадак забойства акцёрам жонкі і яе каханка, які абмяркоўваўся ў сям'і кампазітара, бацька якога працаваў у судзе. Што называецца, запала ў душу, і калі спатрэбілася зрабіць оперу актуальную, блізкую да рэальнасці, да жыцця, то гісторыя атрымала сцэнічнае ўвасабленне. Прычым лібрэта да оперы кампазітар напісаў сам. Таму, акрамя прыгожай музыкі, яму трэба дзякаваць за прыгожыя словы, частка з якіх пайшла ў народ, стала пазнавальнай — тут трэба ўдакладніць, што так атрымалася з‑за таго, што гэтая опера гучала ў перакладзе (асобныя арыі сталі асабліва папулярнымі), але цяпер, калі ў нашым тэатры твор ідзе па-італьянску, то вядомыя словы самі прыходзяць на памяць.

Нягледзячы на тое, што опера напісана напрыканцы ХІХ стагоддзя, насамрэч адчуваеш, што не змянілася сутнасць тэатра як з'явы, якую ствараюць адны людзі для іншых.

Асабліва, калі сваю арыю спявае Каніа (артыст Сяргей Франкоўскі), які вельмі кахае Неду (Ніна Шарубіна), але падазрае, што з яе боку няма таго ж пачуцця. «Дапамагаюць» пераканацца ў нявернасці жонкі так званыя «добразычліўцы», што заўсёды побач з сямейнымі парамі, у якіх не ўсё ладзіцца, і толькі падкідаюць дроў у агонь пачуццяў, а то і наўпрост спрыяюць разладу, нацкоўваючы людзей адно на аднаго. Адзін з такіх — адхілены Недай Тоніа — проста помсціць жанчыне, распальвае рэўнасць Каніа, у выніку чаго і здараецца трагедыя. Пры тым, што Неда — у вобразе Каламбіны — разыгрывае сцэну кахання з Арлекіна. Нам падказваюць пра камізм пастаноўкі гэтага «тэатра ў тэатры» — на сцэне з'яўляецца вялізнае бліскучае кураня, якое пэўны час прыцягвае ўвагу. Толькі фінал атрымліваецца зусім не па сюжэце, які іграюць артысты. Мала таго, яшчэ адной ахвярай становіцца закаханы Сільвіа, які назірае за ўсім збоку (за сцэнай у нашым варыянце), але не можа стрымаць сябе… Камедыя пра Каламбіну і Арлекіна ператвараецца ў трагедыю людзей. І што тут скажаш, акрамя сакраментальнага «фініта ля камедыя», прыдуманага самім Леанкавала.

Адметна, што твор, прысвечаны тэатру, сёлета адкрываў міжнародны калядны оперны форум. І двойчы адметна тое, што адкрыццём форуму стала менавіта прэм'ера оперы «Паяцы», першыя яе паказы. Пры тым, што рэжысёр-пастаноўшчык Міхаіл Панджавідзэ прапанаваў сваё прачытанне тэмы «паяцаў», герояў сцэны. Гэта прачытанне сучаснае, на яго працуе галоўная рэжысёрская канцэпцыя, калі жыццё акцёраў сапраўды знаходзіцца пад прыцэлам — увагі, фотаапаратаў, тэлекамер. На гэта працуе і шмат іншых рэчаў, якія дапамагаюць адчуць, што ёсць тэатр: тут і рэпетыцыйныя залы, дзе займаюцца артысты, тут і станкі для балетных танцораў, і самі яны выконваюць эпізод-нумар з сучаснай харэаграфіяй (яе стварыла Вольга Костэль). Тут і грымёркі са стыльнымі столікамі і люстэркамі, і работнікі сцэны ў працоўных камбінезонах, і шмат іншых дэталяў, якія дапамагаюць зразумець, што акцёры — таксама людзі са сваімі праблемамі, якія жывуць сярод нас. Нягледзячы на тое, што опера напісана напрыканцы ХІХ стагоддзя (прэм'ера адбылася ў Мілане ў 1892 годзе), насамрэч адчуваеш, што не змянілася сутнасць тэатра як з'явы, якую ствараюць адны людзі для іншых. Іншыя — тут жа. Хор у оперы (хормайстар-пастаноўшчык Ніна Ламановіч) выконвае спеўную нагрузку, але яшчэ і дадаткова працуе на пастановачную задачу: гэта гледачы, якія спяшаюцца на спектакль (вось жа ходзяць па зале, шукаюць свае крэслы, зараз, здаецца, цябе згоняць!), а калі трэба — то і сведкі трагедыі, папарацы і проста надта цікаўныя асобы. Дадатковая жывінка, якая дазваляе гледачам нібыта паглядзець збоку і на саміх сябе, задумацца пра тое, чаго мы сёння чакаем ад артыстаў, за што мы іх любім, чаму цікавімся іх жыццём, якое адбываецца за кулісамі тэатра, ці гатовыя бачыць у іх людзей, якія пакутуюць і глыбока перажываюць не толькі на сцэне? Чаго мы наогул шукаем у тэатры?

У оперным — найперш, вядома, сустрэчы з музыкай (дырыжор-пастаноўшчык «Паяцаў» — Віктар Пласкіна). Яна падкрэслівае драматызм усёй тэатральна-чалавечай гісторыі, нездарма гэта самая вядомая і запатрабаваная опера Р. Леанкавала. Нездарма розныя трупы прапаноўваюць яе асучасненыя інтэрпрэтацыі. У нас, напэўна, па ўвасабленні (асабліва па тым, як выглядаюць галоўныя героі ў жыцці, у якіх касцюмах яны выходзяць) варыянт больш блізкі да класічнага, аднак падкрэслены сучасны кантэкст самой тэмы оперы. Што ўжо нямала — пры тым, што большасць пастановак беларускай оперы менавіта класічныя. Наша публіка на іх скіравана (ці прывучана). Тут нешта іншае. І няхай.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.