Вы тут

Упісацца ў багему


Маладыя оперныя галасы, якія пачула Беларусь, папоўняць трупы тэатраў свету

Конкурсы існуюць для таго, каб нараджаць зорак. Першы Мінскі міжнародны конкурс вакалістаў быў цікавы тым, што «зорак» прадставіў — у фінале маладым спевакам дапамагалі славутыя і маладыя (але ўжо вядомыя) артысты беларускага тэатра і, вядома, аркестр разам з дырыжорам Вячаславам Волічам. І вось яна, прыкмета на ўдачу: праспяваць з Настассяй Масквіной, нашым цудоўным сапрана. Заслужаная артыстка Беларусі была партнёркай па нумару канкурсанта з Узбекістана Раміза Усманава (на фота). Яны выканалі сцэну Мімі і Рудольфа з першай дзеі оперы Пучыні «Багема». Ды так прачула, што гледачы адразу адчулі: нешта будзе. Артысты не проста спявалі, сыгралі эпізод, і малады ўзбекскі тэнар прыпаў да сцэнічнай Мімі, на што публіка адрэагавала апладысментамі: гэта ўжо не як канкурсант, гэта ўжо як артыст, які ўжыўся ў вобраз. Журы гэта адзначыла: гран-пры міжнароднага конкурсу ў Мінску прысуджана Рамізу Усманаву.

20-23

Трэба патлумачыць, што далёка не для ўсіх гэтае імя новае. Дакладна не новае для айчыннай публікі: узбекскі тэнар ужо ўдзельнічаў у спектаклях беларускай оперы як запрошаны госць, таксама як і ў ранейшых калядных оперных форумах, у гала-канцэртах. Насамрэч малады спявак у сябе на радзіме працуе ў опернай трупе Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра імя А.Наваі ў Ташкенце, ён ужо заслужаны артыст Узбекістана. І гэта не першы міжнародны конкурс, дзе талент артыста ацанілі высока. Але ў Мінску ён узяў гран-пры і 10 тысяч еўра.

Трошкі менш (7 тысяч еўра) атрымае наша зямлячка Марыя Шабуня — за першую прэмію ў конкурсе. І гэта фактычна перамога для дзяўчыны, якая вучыцца на 4‑м курсе Беларускай акадэміі музыкі (клас загадчыцы кафедры спеваў Т.Цыбульскай). Але прозвішча для айчынных аматараў музыкі таксама знаёмае (у тым ліку і дзякуючы сям'і дзяўчыны). Але яна і сама даказала, якая цудоўная Разіна з яе можа быць у пастаноўцы: разам з народным артыстам Беларусі Уладзімірам Пятровым (Фігара) яны праспявалі дуэт з оперы «Сівільскі цырульнік». Акрамя таго, дзяўчына атрымала заахвочвальную прэмію ад аднаго з членаў журы — а гэта, як правіла, магчымасць завязаць творчыя стасункі з адным з замежных тэатраў.

Украінка Валянціна Федзянёва павязе з Мінска 5 тысяч еўра як адзнаку за другую прэмію ў конкурсе. Ёй прынесла поспех руская класіка: Таццяна з оперы П.Чайкоўскага «Яўген Анегін». А вось грузінскі барытон Лаша Сесіташвілі быў пераканаўчы ва ўрыўку з оперы Дж.Вердзі «Травіята». Разам з заслужанай артысткай Беларусі Аленай Бундзелевай яны выканалі дуэт Віялеты і Жэрмона. У выніку — трэцяя прэмія (і 3 тысячы еўра).

Прыемна было і тое, што ў фінале конкурсу выступілі чацвёра беларускіх вакалістаў. Самы вядомы з нашых канкурсантаў Ілья Сільчукоў, саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, атрымаў заахвочвальную прэмію журы ў памеры 1 тысячы еўра. Таксама адзначаны персанальным заахвочваннем праз магчымасць папрацаваць у адным з замежных тэатраў наш спявак Аляксандр Рославец. А публіка шчыра вітала і Паўла Пятрова: трапіць у лік 11 фіналістаў конкурсу, дзе напачатку было 155 удзельнікаў з 20 краін, — таксама вялікі поспех. І магчымасць прыслухацца да яго тэнара (ва ўрыўку з «Травіяты») — можа, будзе ў тэатры папаўненне?

Лепшых маладых артыстаў, лаўрэатаў конкурсу можна было пачуць у гала-канцэрце, які завяршыў праграму міжнароднага каляднага опернага форуму.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.