Вы тут

У снежні 14‑га…


Як адзначылі юбілей беларускага кіно

Беларускія кінематаграфісты і тыя, хто мае да экраннага мастацтва непасрэднае дачыненне, адзначылі 90‑годдзе беларускага кіно. Урачыстая цырымонія з гэтай нагоды стала своеасаблівым трыумфам для некаторых дзеячаў кіно: у гэты дзень узнагародамі былі адзначаны не толькі творчыя людзі, але і адміністратары, інжынеры, рабочыя (не хочацца гаварыць пра іх — простыя).

На пачатку святочнага мерапрыемства ў Доме кіно адбылося гашэнне новай паштовай маркі з подпісам «90 гадоў беларускаму кіно» на канверце з лагатыпам «Беларусьфільма».

Гісторык кіно, кінакрытык, доктар мастацтвазнаўства (кажуць, беларускі Ален Дэлон) Анатоль Красінскі прэзентаваў сваю кнігу «Гісторыя майго кіно» і паабяцаў напісаць яшчэ. Наклад кнігі невялікі і, як сказала кінакрытык, загадчыца аддзела экранных мастацтваў Акадэміі навук Антаніна Карпілава, кніга ўжо стала рарытэтам: «Тут вельмі дакладна, пераканаўча, кранальна расказана пра сяброў, пра такіх, напрыклад, асоб, як Алесь Адамовіч, Віктар Тураў, Элем Клімаў»...

«Не магу сказаць, што я неяк задумаў і напісаў кнігу. Проста ішло жыццё, былі сустрэчы і ў Мінску, і ў Маскве, і на ўсіх прасторах вялікага Савецкага Саюза. Усе мы былі сябры, таварышы, было шмат знаёмых выдатных людзей: акцёраў, рэжысёраў, кіназнаўцаў. Мне здаецца, я дастаткова поўна ўсё гэта асвятліў, пра гэта расказаў. Цікава ж, як было ў 30‑я, у 40‑я, што было ў Саюзе кінематаграфістаў, якая была сітуацыя», — сказаў на прэзентацыі Анатоль Красінскі.

Былы міністр культуры і дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм» Яўген ВАЙТОВІЧ атрымаў узнагароду ад міністра культуры Барыса СВЯТЛОВА.

20-25

Урачыстая цырымонія, якая сабрала, мабыць, усіх, хто мае дачыненне да сферы кіно, была прысвечана менавіта ўзнагародам, каб у дзень юбілею адзначыць кінематаграфістаў. Рэжысёр Міхаіл Пташук некалі, маючы на ўвазе беларускае кіно, сказаў: «Студыя ўвесь час жыве выпадковымі сцэнарыямі, выпадковымі рэжысёрамі». Да чаго я гэта ўзгадала: да юбілеяў мы традыцыйна падыходзім з думкай аб падвядзенні вынікаў, добрых ці дрэнных (на гэты раз знайшліся і тыя, і іншыя), і вынікі гэтыя гучалі ўвесь год.

Нельга сказаць, што ўрачысты юбілейны вечар паказаў усю прафесійную палітру дзеячаў беларускага кіно. Несумненна, за кожнага, хто атрымаў узнагароду з рук віцэ-прэм'ера Анатоля Тозіка, міністра культуры Барыса Святлова, дырэктара Белтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі і іншых, можна парадавацца. Толькі некага сярод узнагароджаных, здаецца, не хапала. Рэжысёраў, акцёраў, драматургаў, якія ствараюць сучаснае кіно, нягледзячы на бясконцыя праблемы, адсутнасць фінансавання, невыразныя перспектывы. Сярод намінантаў не было некаторых гучных імёнаў, сапраўды апантаных людзей, прысутнасці якіх абавязкова чакаеш у такі дзень…

Але гісторыю мы ўспаміналі амаль увесь год у выглядзе рэйтынгаў, кніг, публікацый.

Кінастудыя «Беларусьфільм» выпусціла DVD-калекцыю «Залаты тузін» з выдатных фільмаў, у якіх адрэстаўравалі гук і выяву. Нацыянальны конкурс на кінафестывалі «Лістапад» таксама прыйшоўся да месца і часу — якраз у юбілейны год.

Каментарыі, водгукі, спадзяванні гучаць можа не так святочна, як хацелася б, але ганарыцца нам ёсць чым. Каб высветліць, чым менавіта, і што нам даў шлях ад утварэння дзяржаўнага ўпраўлення па справах кінематаграфіі і фатаграфіі Наркамасветы Беларускай ССР да сучаснай індустрыі, упершыню быў створаны рэйтынг беларускіх фільмаў. Узяліся за гэтую справу аддзел экранных мастацтваў НАН, Гільдыя кінакрытыкаў беларускага Саюза кінематаграфістаў, Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» і часопіс «На экранах». У апытанні ўдзельнічалі 24 эксперты кіно. Кожны з іх складаў свой рэйтынг з 20 фільмаў па ўсіх відах кіно — ігравое, тэлевізійнае, дакументальнае, анімацыйнае. Лічыліся балы, падводзіліся вынікі. Усё, каб высветліць, у чым слава беларускага кіно. І слава, і гонар, і поспех — сапраўды былі. Але таксама важна сёння спадзявацца на нешта не менш выдатнае і таленавітае. Таму з надзеяй глядзім у будучыню.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Ад рэдакцыі: Спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты «Звязда» Ірэна Кацяловіч атрымала ганаровую грамату Міністэрства інфармацыі «за добрасумленную плённую працу па асвятленні пытанняў усебаковага развіцця нацыянальнага кіно і ў сувязі з 90-годдзем беларускага кінематографа». Віншуем маладую калегу і зычым ёй новых творчых поспехаў!

Рэйтынг ігравых фільмаў

Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» (да 1939 г. — «Савецкая Беларусь») 1926–2013 гг.

1.«Ідзі і глядзі» Элема Клімава, 1985 (сумесная вытворчасць «Беларусьфільм» — «Масфільм»)

2.«Чужая бацькаўшчына» Валерыя Рыбарава, 1983.

3.«Я родам з дзяцінства» Віктара Турава, 1966.

4.«Дзікае паляванне караля Стаха» Валерыя Рубінчыка, 1979.

5.«Праз могілкі» Віктара Турава, 1964.

6.«Вянок санетаў» Валерыя Рубінчыка, 1976.

7.«Знак бяды» Міхаіла Пташука, 1986.

8.«Усходні калідор» Валянціна Вінаградава, 1966.

9.«Альпійская балада» Барыса Сцяпанава, 1966.

10.«Горад майстроў» Уладзіміра Бычкова, 1965.

11.«Людзі на балоце» Віктара Турава, 1982.

12.«Дзяўчынка шукае бацьку» Льва Голуба, 1959.

13.«У жніўні 44‑га …» Міхаіла Пташука, 2000.

14–15. «Шукальнікі шчасця» Уладзіміра Корш-Сабліна, 1936.

14–15. «Мяне завуць Арлекіна» Валерыя Рыбарава, 1988.

16.«Культпаход у тэатр» Валерыя Рубінчыка, 1982.

17–18. «Лясная быль» Юрыя Тарыча, 1926.

17–18. «Да заўтра» Юрыя Тарыча, 1929.

19.«Белыя Росы» Ігара Дабралюбава, 1983.

20.«Ваўкі» Аляксандра Колбышава, 2009.

Рэйтынг дакументальных фільмаў студыі «Летапіс»

Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» 1944–2013 гг.

1.«У вайны не жаночы твар» (цыкл фільмаў 1981–1984 гг.) Віктара Дашука.

2.«Я з вогненнай вёскі» (цыкл фільмаў 1975–1978 гг.) Віктара Дашука.

3.«Мы жывём на краі» Віктара Аслюка, 2002.

4.«Кола» Віктара Аслюка, 2002.

5.«Тонежскія бабы» Валерыя Рыбарава, 1977.

6.«Хатынь, 5 км» Ігара Колаўскага, 1969.

7.«Божа мой» Галіны Адамовіч, 2004.

8.«Боль» Сяргея Лук'янчыка, 1988.

9.«Дзевяноста шостая восень» Віктара Дашука, 1980.

10.«Тэатр часоў перабудовы і галоснасці» Аркадзія Рудэрмана, 1987.

11.«Драўляны народ» Віктара Аслюка, 2011.

12.«Дарога на Курапаты» Міхаіла Жданоўскага, 1990.

13.«Завядзёнка» Галіны Адамовіч, 2005.

14.«Яго закапалі ў шар зямны» Анатоля Алая, 1989.

15.«Conanіma» («З душой») Міхаіла Жданоўскага, 1992.

16.«Ва ўсе дні» Міхаіла Жданоўскага, 2008.

17.Цыкл фільмаў-назіранняў «Урок даўжынёю ў год», 1963–1988, «Вяртанне ў 10 А» Вадзіма Сукманава, Рычарда Ясінскага, Самуіла Фрыда.

18.«Кінааматар. Восеньскі сон» Вольгі Дашук, 2011 г.

19.«Салдатка» Юрыя Марухіна, 1974.

20.«Васіль Быкаў. Узыходжанне» Віктара Дашука, 1985.

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.