Рэдкія госці!


Рэчыца — горад не маленькі. І ёсць, і быў…

У канцы сямідзясятых я там працаваў у разведвальнай экспедыцыі — шукаў нафту. Сяброў ды прыяцеляў меў шмат.

І вось адзін з іх надумаў жаніцца, нас паклікаў на вяселле. Як тут адмовішся? Ды і навошта? Скінуліся мы па 25 рублёў, купілі ў падарунак радыёлу і паехалі — маладыя, прыгожыя, усе прыбраныя ў найлепшае (гэта значыць, у касцюмы, у белыя сарочкі ды гальштукі)…

Селі ў аўтобус Рэчыца — Хойнікі. Кіламетраў праз сорак прыехалі, праз добрую гадзіну — прыйшлі. Вёска палеская, глухамань… Такую не ўсе з нас і бачылі.

Але ж мы не з пужлівых. З'явіліся якраз да стала, уручылі маладым падарунак, выпілі па чарцы-другой, прыкусілі, сталі рвацца ў клуб на танцы. Музыка там іграе, нас, прыезджых, на белыя вальсы дзеўкі запрашаюць… «Усё пуцём», як той казаў: хораша гуляем! І доўга…

Нарэшце — хто раней, а хто і пад раніцу — прыходзім мы да бабулькі на начлег (хату загадзя паказалі). Ложкі там бачым, печ — таксама. Яно, канешне, лета, на дварэ цёпла, але ж дождж — мы досыць добра вымаклі, трэба неяк сушыцца. Адзенне паразвешвалі на крэслах ды цвіках. А туфлі куды? Хлопцы, гляджу, адсланілі печ, саставілі на прыпечак, а я свае — на чарон. Ды і сам туды ж, на ляжанку, на нейкія транты. І цёпленька там, і добранька. Праўда, мулка крыху. Але ж я выспаўся.

Гадзін у 11 сталі прачынацца. Бачым — бабулька наша крышанкі на стол ставіць, снедаць кліча. І мы б, што называецца, з дарагою душою. Толькі ж дзе абутак? Мой на чаране падсох, ёсць, а хлопцы босыя. Пытаем у бабулі, можа, яна куды прыняла? Тая глядзіць на нас падслепаватымі вочкамі, слухае, што мы кажам, а потым рукі як заломіць: «А хлопчыкі, а даражэнькія! А я ж думала, што гэта корчыкі ляжаць на распалку, што гэта галавешачкі… Ну і качаргой іх — пад дровы… Падпальваю і думаю, што за халера: чаму яны не ўгараюцца?».

Атрымліваецца, праспалі мы свой абутак! І што рабіць?

Пасядзелі, паелі тых бабуліных крышанак, закасалі калошы ды пайшлі на бяседу босыя: па лужынах, па лузе з кветкамі… Толькі жабы ў бакі.

Прыходзім на вяселле — людзі глядзяць на нас, смяюцца, кажуць, ну і сябры ў жаніха, ніколі такіх не бачылі (ну, каб босыя, і ў той жа час пры гальштуках…).

Але ж потым усёй грамадой знайшлі нам нейкі абутак: каму кірзачы прынеслі, каму гумовікі, каму пантофлі. У іх мы і дадому прыехалі.

Маладыя былі, усё пасавала, а найболей — добры настрой.

Мікалай Хаміцэвіч,

в. Доўгае, Салігорскі р‑н.

Ні вяроўкі, ні кароўкі

Калі б гэтую бываліцу расказаў мне хто іншы, нізавошта не паверыла б! А калі цётка Пашка… Яна за свае 90 з гакам і сама наў-
рад ці калі зманіла, і смерць як не любіць, каб іншы збрахаў.

Дык вось. Некалі ў вёсцы ніводная сям'я без каровы не жыла, хоць трымаць іх і досыць цяжка было, бо «на сподачку з блакітным беражком» сена ніхто не падносіў. Людзі самі летам стараліся: абкошвалі ўсе дарогі, няўдобіцы, ускрайкі лесу, выжыналі траву ў кустах на беразе Дняпра… І зімой «сенаваць» хадзілі. Паедуць, напрыклад, мужыкі на луг па сена, а малыя цікуюць, калі будуць вяртацца. І ўжо тады лёцьма за падводамі, адзін перад адным падымаюць кожную пасмачку, што на сцежку зваліцца! А хто быў смялейшы з хлопчыкаў, дык той і з воза мог скубануць, але ж рызыкаваў, бо толькі добрыя дзядзькі рабілі выгляд, што гэтага не бачаць, а вось ліхія напагатове пугі трымалі.

І дарослыя таксама «ў сена» хадзілі. Не тонамі кралі, не ад добрага жыцця і, вядома ж, баючыся, бо ўвесь час, пакуль сена было на лугах, яго вартавалі.

…Той год, відаць, не спякотны быў. Жанкі падчас сенакосу назграбалі коп — проста безліч! А вось скласці іх у стагі чамусьці не паспелі. У выніку з нашай «гары́» (высокага берага Дняпра) усё гэтае багацце як на далоні відаць было. А значыць, і дражніла яно, і спакушала…

Вось адзін з мужыкоў (волат, дарэчы, Ілья Мурамец — рукі па метры!) і не ўтрымаўся: дачакаўся ночы, на сваёй абшыванцы пераплыў цераз раку, пасядзеў у кустах, паназіраў… Усё там ціха, здаецца: вартаўніка не чуваць, не відаць. Таму выбраў ён копку, раскінуў над ёй свае «метры», згроб ды панёс да лодкі.

Пакуль нёс, здалося, што цяжкаваты ахапак. Але ж падумаў (і правільна, дарэчы!), што ўдала ўзяў, што на вілкі столькі б не атрымалася.

Добранька данёс — пакінуў сена ў лодцы (яна адпавядала гаспадару — сваімі памерамі). Сам па новую копку вярнуўся. Яшчэ раз згроб — насцярожыўся: не зразумеў, чаму ахапак лягчэйшы…

Але ж думаць ды «ўзважваць» часу не меў: акуратненька ўсё ўвязаў, пераплыў назад. А там стаў пераносіць здабытак ў гумно. Верхні пласт, як тую пярынку, падняў, закінуў на тарпу, а вось ніжні, цяжэйшы… Рукі з ахапкам для разгону адвёў, наверх шпурлянуў, — а з сена… вартаўнік — п'яны ў дыміну.

…Як там што было, гісторыя замоўчвае. Факт, што паразумеліся мужыкі. Абодва ж вінаватыя: адзін, што піў ды спаў на службе, другі — што красці пайшоў… Дамовіліся, што ніхто нічога нікому не скажа.

Але ж вёска не горад: людзі ўсё роўна пра ўсё даведаліся. А вось начальства — не… Ці, можа, выгляд зрабіла?

Я пра адно часам думаю: як жа змяніўся час! Раней, каб кароўку трымаць, людзі пад страхам ганьбы і турмы красці хадзілі. А цяпер толькі скажы — гатовага сена да гумна прывязуць… А не трэба ўжо — ні яго, ні каровы.

Соф'я Кусянкова,

в. Лучын, Рагачоўскі раён.

Адно лечыш…

З вясковай лазні, як з фэсту, — чаго толькі не прынясеш… Адзін мужык, пакуль мыўся, расказаў, як сваю жонку лячыў.

Значыць, скруціла ёй, беднай, сярэдзіну, ды так, што ні сесці, ні ўстаць! Канцы, здаецца, прыходзяць… А да доктара ж ісці не хочацца.

Нехта нараіў ёй на гарачай печы паляжаць, пагрэцца. Думае: палезу, можа, і праўда палепшае? Сагнулася ў тры пагібелі — і бачком, бачком… Неяк ускараскалася, ногі выцягнула там, ляжыць. Чуе — гаспадар у хату заходзіць. Яна яму зверху:

—Яначак, можа, ты спіну мне натрэш? Там у шафцы трохі настоечкі ёсць… Перац на спірце…

Яначак што — яго ўпрошваць не трэба, а тым больш калі размова пра спірт. Да таго ж спіну бабе церці — гэта не гной выкідаць.

Узяў ён тую бутэлечку, панюхаў, трохі каўтануў (добрая, халера!), з рэшткамі падступіўся да печы. А жонка ўжо чакае, падрыхтавалася: ніцма лягла і так, як належыць: галава на падушцы, вышэй, спіна — ніжэй і ўжо голая…

Муж ля сцягна прыладкаваўся. Далонь сваю коўшыкам зрабіў і думае, колькі ж туды настойкі ўліць? Калі кроплю якую, рука сухая будзе — а паясніца, не раўнуючы, як стальніца, — значыць, не натрэш. А калі шмат — тады ж… сабе не застанецца!

Факт, што думу ён думае, маракуе, а тая «лодачка» дрыжыць. І рука з бутэлькай — таксама. Нахіліў ён яе… І, здаецца ж, не моцна, а настойка адтуль як плюхне… І праз пальцы… І якраз жонцы на хрыбет. А потым (ведама, вадкасць) — па «раўчучку» ніжэй… І яшчэ ніжэй…

Жонка як падхопіцца, як ускочыць, як кінецца з печы… І за мужыком… Крычыць:

—Вар'ят! Што ты нарабіў?!.

А ён толькі азірнуўся ды кажа:

—Ты прасіла спіну палячыць, вось я і палячыў: ты ж глянь, як параўнялася!

Сціхла кабета — прыслухалася… І сапраўды: сярэдзіна, здаецца, меней баліць. Значыць, муж палячыў-такі? А калі б пры гэтым і не «скалечыў» яшчэ, далібог бы чарку наліла!

Галіна Нічыпаровіч,

в. Магільна, Уздзенскі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар.

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.