Вы тут

Чым рэмейк ад плагіяту адрозніваецца?


Убачыў нядаўна ў адной кнігарні дзіцячую кнігу. Кніга як кніга... Па знешнім афармленні нічым не горшая за суседнія. Адно толькі падалося мне дзіўным: яе аўтарства.

Твор называецца «Зачараваны хлопчык», аўтар — Алена Рудэнка. А знізу — як бы між іншым — пазначана: «Па матывах казкі С. Лагерлёф». І ўсё! Нават не напісана, на аснове якой менавіта казкі славутай шведскай пісьменніцы Сельмы Лагерлёф напісаны гэтыя «матывы»...

Казка тая, вядома ж, называецца «Цудоўнае падарожжа Нільса з дзікімі гусямі», а твор Алены Рудэнкі ўяўляе сабой кароткі пераказ гэтага сусветна вядомага твора, з невялікімі, праўда, зменамі (не ў лепшы, на мой погляд, бок).

Дык каго ж тады лічыць аўтарам «Зачараванага хлопчыка»: Алену Рудэнку ці ўсё ж Сельму Лагерлёф? На жаль, у апошні час такія пытанні ўзнікаюць усё часцей і часцей.

Узяў нехта чыйсьці твор (лепш, зразумела ж, вядомы твор славутага аўтара), трошкі альбо нават значна яго скараціў, словы пераставіў, штосьці сваё дадаў... Або змяніў у класічным творы імёны герояў, перанёс месца дзеяння з мінулага ў сучаснае... І ўсё? Ён — аўтар?

І зноў жа з поўным правам лічыць атрыманы опус самастойным мастацкім творам ды яшчэ і ганарыцца?!

Не разумею толькі, чаму гэта нельга лічыць банальным плагіятам? Магчыма, таму, што ёсць яшчэ адно слова, якое характарызуе падобныя «запазычанні». Гэтае слова — рэмейк. А рэмейк, у адрозненне ад плагіяту, мае, на думку многіх, права на самастойнае жыццё.

Наогул, рэмейк — слова англійскае і ў перакладзе гучыць, як «перапрацоўка». Ёсць рэмейкі кінематаграфічныя (фільмы), драматычныя (спектаклі), музычныя, але нас у першую чаргу цікавяць літаратурныя. Вось урывак з адной энцыклапедыі (цытую даслоўна): «Рэмейк — адноўленая версія старога фільма, песні, а таксама літаратурнага твора, у аснову якога пакладзены добра вядомы тэкст. Р. не цытуе і не парадыруе першакрыніцу, а напаўняе яе новым, актуальным зместам, але з аглядкай на арыгінал. Р. можа паўтараць сюжэтныя хады арыгінала, тыпы характараў, але паказвае іх у новых гістарычных, сацыяльна-палітычных умовах». Прыкладамі рэмейкаў у сучаснай літаратуры з'яўляецца аповесць Веры Чайкоўскай «Новае пад сонцам» (паводле рамана Тургенева «Бацькі і дзеці»).Такое вось навуковае тлумачэнне рэмейка.

А што ж тады можна лічыць плагіятам? Зноў цытую ўрывак з той жа энцыклапедыі: «Плагіят літаратурны — наўмыснае прысваенне аўтарства чужога літаратурнага твора цалкам альбо часткова».

Гэтае апошняе слова «часткова» надае паняццю аб літаратурным плагіяце даволі расплывісты характар. Што значыць «часткова»? І якая частка твора павінна быць прысвоена, каб гэта лічылася плагіятам? Палова твора? Асобныя старонкі твора ці нават асобныя фразы з яго?

Возьмем вядомыя творы дзіцячай літаратуры савецкага перыяду: «Залаты ключык» Аляксея Талстога і «Чараўнік Смарагдавага горада» Аляксандра Волкава. Вядома, што і Талстой, і Волкаў узялі чужыя творы і, значна іх перарабіўшы, выпусцілі пад сваімі прозвішчамі. Што гэта: рэмейк, плагіят? Ці нешта трэцяе, чаму яшчэ нават назвы не прыдумалі?

А тая ж «Таня Гротэр» з сучаснай літаратуры? Што гэта, калі не плагіят (прашу прабачэння, рэмейк) твораў Джаан Роўлінг?! Але ж многія чытачы так не лічаць. Асабліва ў Расіі...

Дарэчы, яшчэ ў 2009 годзе нашчадкі малавядомага брытанскага пісьменніка Эдрыяна Джэйкабса абвінавацілі ўжо саму Джоан Роўлінг у плагіяце, заявіўшы, што значная частка «Кубка агню» проста спісана з кнігі Джэйкабса «Чараўнік Вілі». Нават нейкае судовае расследаванне ў Англіі праводзілася, але на ім Роўлінг была цалкам апраўданая...

Але ж, як сказаў у свой час вядомы расійскі гумарыст, «асадак застаўся»...

Я цалкам падтрымліваю стварэнне рэмейкаў на старыя, чорна-белыя яшчэ фільмы. Тэхніка кіно зрабіла вялізны крок наперад і чаму б не паўтарыць цікавыя сюжэты старых фільмаў у каляровым варыянце? Ды яшчэ і з выкарыстаннем найноўшых камп'ютарных тэхналогій.

Але скажыце, як можна ўсур'ёз успрымаць апошнія расійскія рэмейкі на «Іронію лёсу» альбо, скажам, «Брыльянтавую руку»?! А там ужо і да «Месца сустрэчы змяніць нельга» дабіраюцца, і да «Белага сонца пустыні»! А ў недалёкай будучыні новая «Каўказская палонніца» выходзіць у пракат...

Можа, я чагосьці не разумею?

Генадзь АЎЛАСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.