Вы тут

Дранікі на «хуткую руку»


або Як з сухога зрабіць «першае», «другое» і кісель

У маім рацыёне ёсць прадукт, які не дазваляе «выйсці з дзяцінства». Нават перад касіркай пастаянна раблю выгляд, што гэтую ўпакоўку з вясёлым зайцам набываю не сабе. Я пра кукурузныя палачкі... Колькі ем, столькі не разумею, што ў іх такога прывабнага... І разважаю: як іх так надзімаюць? Прынамсі, нарэшце пашчасціла знайсці адказ.

6-34

«Мне не сорамна за нашу прадукцыю!» — вось якімі словамі павінен вітаць журналістаў кожны кіраўнік вытворчага прадпрыемства. Генеральны дырэктар ААТ «Лідахарчканцэнтраты» Алена КЕНЦЬ так нас і павітала. Паказала рукой на некалькі заводскіх карпусоў і патлумачыла, што ў кожным выпускаецца асобны від прадукцыі. Усяго можна налічыць звыш сотні, але яны дзеляцца на асноўныя групы: па-першае, харчовыя канцэнтраты — кукурузныя палачкі, кісялі, жэле, супы, булёны, кашы; па-другое, шматкі розных відаў круп, неабходныя для вырабу тых жа супоў і каш; па-трэцяе, прыправы.

— Уся наша прадукцыя добра вядомая на ўнутраным рынку краіны, — кажа Алена Уладзіміраўна. — Самае важнае — якасць. У спецыяльнай лабараторыі ажыццяўляем кантроль і сыравіны, і гатовай прадукцыі. Канкурэнтаў у нас шмат, але ж вытворчасць тых жа кукурузных палачак і прыпраў расце. Налета ў продажы з'явяцца і новыя прадукты.

Якасць у вырабе харчовых прадуктаў сёння становіцца надзвычай актуальнай, паколькі ў пагоні за тым, што танней, спажывец у прамым сэнсе «наеўся» завезеных прадуктаў, аб саставе якіх нават страшна даведвацца. На рынках, напрыклад, можна набыць танныя спецыі — фасаваныя ў невялічкія поліэтыленавыя пакецікі. Адна знаёмая купіла такі, нібыта з чорным перцам. Дома прыгледзелася: нешта на звычайны пыл падобна, дый пах праз колькі дзён знік некуды. У народзе кажуць, што і замест чырвонага перцу можна здробненую цэглу прыкупіць. Асабіста я сабой рызыкаваць не намерана. На лідскім прадпрыемстве той жа перац і ў савецкі час, і сёння выпускаецца адмысловай якасці.

6-33

Вядома, што «спецыі» ў Беларусі не растуць. Даводзіцца іх завозіць. Але пастаўшчык у Ліды правераны, спецыі — родам з Індыі. Спачатку іх ачышчаюць ад магчымых прымесяў, праводзяць дэзынфекцыю, пасля чаго здрабняюць, змешваюць і фасуюць. У пакеціках цёмна-зялёнага колеру прыправа будзе і з соллю (дарэчы, пашукайце ў продажы навінкі — «Кары» і «Тры перцы»), а прыправы пад гандлёвай маркай «Tvіtnіk» — без солі і глутамату натрыю (гэтая дабаўка для ўзмацнення смаку выкарыстоўвалася, дарэчы, і ў савецкі час). Усе шматкампанентныя прыправы гатуюцца паводле адпаведнай рэцэптуры, распрацаванай спецыялістамі самога прадпрыемства або Навукова-практычнага цэнтра НАН па харчаванні. Не выключана, што ў хуткім часе лідскія прыправы пачнуць выкарыстоўвацца айчыннымі мясаперапрацоўчымі прадпрыемствамі.

Кукурузных палачак на паліцах магазінаў — процьма. Але ж лідскі «Хрумсцік» застаецца тым самым, вырабленым згодна з дзяржаўным стандартам, чаго не скажаш аб прадукце замежнай вытворчасці.

У Лідзе палачкі робяцца толькі з кукурузнай крупы, але тэарэтычна можна іх вырабіць і з сумесі розных круп. Тэхналогія будзе аднолькавая. «Кукурузную крупу мы завозім з Украіны, правяраем якасць, бяспеку і — у вытворчасць, — тлумачыць галоўны тэхнолаг прадпрыемства Ірына ВЕРАМ'ЁВА. — Крупа спачатку ачышчаецца ад магчымых прымесяў, здрабняецца да стану мукі, пасля чаго змешваецца з соллю і вадой. Гатовы паўфабрыкат падаецца ў спецыяльнае абсталяванне — экструдар, без якога вытворчасць кукурузнай палачкі проста немагчымая».

Вось сакрэт і раскрыты: у вышэйзгаданым экструдары пад уздзеяннем высокай тэмпературы і перападаў ціску цестападобная сумесь набывае порыстую структуру, становіцца дзіравай і пухкай! Далей палачкі наразаюцца і адпраўляюцца ў велізарныя змешвальнікі, дзе паліваюцца цукровым сіропам з рознымі дабаўкамі (са смакам ванілі, лімона, мёду, згушчанага малака). Такія палачкі — сухенькія і хрумсткія. Аднак выпускаюцца і іншыя — больш пухкія, больш мяккія, з алеем і цукровай пудрай. У продаж паступіла і навінка, замена чыпсам — салёныя кукурузныя палачкі «Джон Кук» са смакам сыру, грыбоў у смятане, смятаны з цыбуляй, чырвонай ікры. Дарэчы, менавіта ў Лідзе ў 1968 годзе былі выраблены першыя беларускія кукурузныя палачкі.

— Нашы канцэнтраваныя, у брыкетах, супы і кісялі па-ранейшаму вельмі запатрабаваныя пакупнікамі, — расказвае начальнік аддзела маркетынгу Андрэй МІЛЕЎСКІ. — Мы не толькі працягнем выпуск тых жа кісялёў, але і будзем развіваць гэтую лінейку — дададзім вітамін С, пачнём выраб хуткарастваральных кісялёў. Дарэчы, нашы супы і кісялі, як і кукурузныя палачкі «Хрумсцік», маюць тую ж савецкую, паводле дзяржаўнага стандарту, рэцэптуру.

Семдзесят гадоў таму, у 1944-м, завод быў узведзены для забеспячэння тылу прадуктамі харчавання. І вядома, гэта былі супы, кашы і кісялі ў брыкетах. Жыццё паказала, што такія прадукты патрэбны і ў мірным жыцці. У першую чаргу, для паставак Узброеным Сілам па ўсім Саюзе. Такіх прадпрыемстваў-пастаўшчыкоў было няшмат на прасторах Саветаў, а сёння падобны завод працуе толькі ў нашай краіне. Прадпрыемства па-ранейшаму ўдзельнічае ў тэндарах на пастаўку сухіх пайкоў ваеннаслужачым. А заадно аблягчае жыццё і ўсім нам — тым, хто любіць падарожнічаць, у каго не так і шмат часу стаяць каля пліты.

У студзені абавязкова пакаштуйце два першыя новыя прадукты з серыі «Стравы беларускай кухні» — «Дранікі беларускія» і «Клёцкі дамашнія». Высыпаеце сухую сумесь у міску, дадаяце колькасць вады, пазначаную ў рэцэпце, чакаеце 10-15 хвілін. А далей вядома што: дранікі — смажыце (іх з адной упакоўкі павінна атрымацца 6-8 штук), а клёцкі — варыце. Дранікі па смаку атрымліваюцца такімі, што пра «канцэнтрат» і не здагадаешся.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.